Жарства́.Драсва. Дробныя каменьчыкі. А от як на жарству ставяць, гэта кепска. Курылка.
Жэрліца. Рыбацкая снасьць для лоўлі драпежнай рыбы на жыўца. -- Пэўна, жэрліцы там паставіў нанач! -- зазначыў Ігнат. Хмары над Бацькаўшчынай.
Завада́ты.Завадатай, завадатар. Верхавод, зачыншчык. Мінуў Дзяніс Галуза на пары коняў, з плугам на возе -- самы завадаты «іхны»... На межах.
Заварот кішок. Тут: неспадзяваная падзея. Без вайны цяпер ніяк усяго гэтага не разблытаеш... Або здарыцца які-небудзь заварот кішок !? Дзікі вецер.
Замыкаць граніцу на замок. Надзейна ахоўваць. Дваццаць тры гады балбаталі пра абарону, умацоўваліся, ачышчаліся, зьнішчалі ворагаў, замыкалі граніцу на замок... «Янка сеяў -- людзі жалі».
Заносіцца. Тут: быць падобным. Не заносіцца на тое, каб ён выйграў... Хмары над Бацькаўшчынай.
Заскочыць(польск.). Тут: зьдзівіць. Пытаньне, відаць, дужа заскочыла Балевіча. Партыйны таварыш.
За́смарга. Вузел са свабоднай пятлёй, завязанай адным канцом. Адзін зь іх зьняў з крука ў сьцяне лейцы, «...» зрабіўшы на адным з канцоў засмаргу , выйшаў з хаты. Акупанты.
Засьце́нак. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Жыў у нас на засьценку чалавек. У імя догмы.
За сэрца хапіць.Хваляваць. Моцна ўразіць. І ў гэты час чую голас Захараў, але такі няпэўны, слабы, што мяне аж за сэрца хапіла. Вярнуўся чалавек.
За́ўвуч.Завуч (ад руск. заведуюэій учебной частью). Загадчык навучальнай часткі ў школе, вучылішчы. Часам да іх падыходзіў «...» заўвуч або й зусім хто-небудзь зь незнаёмых... «Янка сеяў -- людзі жалі».
Зачы́нак. Выступ варыстай печы. Бацька ўцягнуў у новыя лапці аборы і кінуў мне іх на зачынак . Курылка.
Збоку прыпёку. Лішні, непатрэбны. Я тут зусім збоку прыпёку . Дзікі вецер.
Збэсьціцца. Тут: даць волю языку. І ты таксама, Кузьма, сёньня нешта збэсьціўся ... «Янка сеяў -- людзі жалі».
Зводзіць канцы з канцамі. Знаходзіць выйсьце зь цяжкага матэрыяльнага становішча. Яна ніяк не магла зьвесьці канцы з канцамі . Пёрка й іншыя.
З глузду зьехаць. Страціць розум, звар’яцець. Ото-ж ужо ад вялікага розуму з глузду зьехаў ! Ападкі.
Здрантава́ны.Здратаваны. Патаптаны, вытаптаны (звычайна пра пасевы). Здрантаванае жыта мітусіцца ў ягоных вачох. На межах.
Зеляні́зна.Зеляніна, зелень. Там-сям рэчка срэбрам паблісквала з-за густой зелянізны расьлін. Хмары над Бацькаўшчынай.
З козырам зьявіўся. Ганарліва, з форсам. З сотні двароў нашае вёскі толькі ён адзін з козырам зьявіўся на пункт. Вярнуўся чалавек.
Злы́дзень. Тут: нягода, бяда. Перакінешся яшчэ раз у нашы родныя мясьціны, дзе кружылі мы ў жыцьці сьцежкамі-дарожкамі, ня раз спатыкаючы й злыдзень , і галечу, і незаслужаную крыўду-зьдзек... Ападкі.
Зьбіць з панталыку.Заблытаць. Выклікаць замяшаньне. І гэта зьбіла некаторых з панталыку . Партыйны таварыш.
Зэдлік.Услончык. Нёс таксама складаны зэдлік , каб ямчэй было сядзець каля рэчкі. Ападкі.
Імша́ра. Мохавае балота. Направа ляжала катлавіна балацяных імшараў . Партыйны таварыш.
Інтэнцыя(польск.). Намер, закід. Як гэта ня дзіўна, Кузьма зарагатаў, зарагатаў ад усіх гэтых бязглуздых інтэнцыяў і выдумак. «Янка сеяў -- людзі жалі».
І ў вус ня дзьмуць.Ні пра што не клапаціцца, не зьвяртаць увагі. Той, ад каго гэта залежа, і ў вус не падзьме , як яны будуць замярзаць. У імя догмы.
Кага́л(стараж.-яўр.). Тут: каляктыўная гаспадарка. І ці праўда таксама, што хутка пачнецца вялікі згон да кагалу ? Хмары над Бацькаўшчынай.
Кагане́ц. Сьвяцільнік з кнотам, у якім гарыць тлушч. Мацей паднёс каганец і ў гэты мамэнт убачыў, што рукі ў бадзякі дрыжаць. Акупанты.
Читать дальше