Кідае на брудны ложак сваю будзёнаўку (ні ў якога Будзёнага ён ня служыў, наагул у чырвонай арміі ня быў, але ўдае сябе за будзёнаўца), запальвае сьвятло ў пакоі й садзіцца за стол. Яшчэ толькі сёмая гадзіна, а павінна пачацца гэта а дванаццатай. Яшчэ шмат часу. А яму хочацца як найхутчэй. Сэрца ягонае перапоўнена злосьцю. Ён хоча ўбачыць сьлёзы бацькі й маці Марыны. Як соладка будзе глядзець яму ў гэты час на іх. «Сьмерць! Усім ім сьмерць; усім такім, хто супроць яго, Зьмітрачка! Не, не раптоўная сьмерць, а цяжкія павольныя мукі -- там, у зьледзянелай поўначы, дзе ня сьвеціць сонца, а потым ужо сьмерць... пад цяжкім паленам дзе-небудзь... Вось вам усім: буду ў вас на языках аж да вашага скананьня...»
Дастае зь кішэні пакамечаны кавалак паперы. Разгортвае й глядзіць у яго. Чытае: «...калі яго не ліквідаваць, як клясу, дык калектывізацыя ў раёне зь мейсца ня зрушыцца. На яго глядзяць усе, бо ён аўтарытэт у іх... яму вераць! Не запішацца ён, ніхто пісацца ня стане. Вось чым ён падсечаны! Паспрабуй давесьці, што гэта ня так!? Не запісаўся-ж да гэтага часу...» Глядзіць угару, на партрэт правадыра. Вусаты твар сурова ўхмыляецца. «Так-так! Грамі ворага!» Зьмітрачок задаволена хіхікае. Падсоўвае лямпу, чытае далей: «А калі калектывізацыя ня зрушыцца зь мейсца, дык што-ж скажуць нам, раённым камуністым...» Глядзіць на гадзіньнік. Яшчэ рана! Комкае паперу й засоўвае яе зноў у кішэню. Кладзецца на ложак, выцягвае ногі й глядзіць угару: там бездапаможна дзынкае ў павуціньні муха. Непамерна падкручаная лямпа хліпае, агеньчык падымаецца, робіцца мутным і гасьне...
Зьмітрачок навет не пачуў, як у хату ўвайшлі старшыня райвыканкому й раённы ўпаўнаважаны (прадстаўнік ДПУ). Пабуджаны, клыпае вачыма й глядзіць то на аднаго, то на другога.
-- Струсіў, таварыш? -- пытаецца прадстаўнік, шынэль якога зьвісае аж да долу. -- А можа выпіў? Не? А не пашкодзіць для адвагі! Як-ніяк, а сваяк!? -- усьміхаецца. -- У патэнцыі...
Зьмітрачок некаторы час глядзіць на малінавыя пятліцы прадстаўніка. Ускоквае, круціцца па пакою, шукаючы будзёнаўку.
-- Пасьпеем! Часу яшчэ -- уга, колькі! -- прадстаўнік дастае з кішэні гадзіньнік. -- За сем мінут дванаццатая. Для нашых спраў найлепш другая або трэцяя, верце мне! Чалавек усьпіцца, часам дзікія сны, бо чуткі-ж -- чуткамі зямля поўніцца! -- і пабуджаны зьнянацку, як ачумелы. Крыкнеш -- ногі падгінаюцца і ў нагавіцы не пападаюць... І золатца! Золатца, калі ёсьць, не пасьпее прыхаваць... Ха-ха!
Вымае зь кішэні шыняля бутэльку вішняку, другую -- каньячок тры зорачкі. -- З закрытага нашага! -- ухмыляецца. -- Толькі ўчора даставілі...
-- Учора й нам тое-сёе...
-- Вам? Ты быў у нашым закрытым? Не? Зойдзеш калі-небудзь паглядзець. Балыкі, асятры, сёмга амурская, шынкі -- усё гэта вэндзанае, толькі ў рот кладзі! А цяпер -- тры шклянкі! Хуценька! Што? Толькі адна? Давай адну! Эх, ты, недарэчны Гарасёў зяцёк! Хацеў на хутарок?.. Красуню Марыну... Бюст -- во! -- зрабіў паўкруг рукамі. -- Абарвалася! -- зарагатаў. -- А ты ведаеш, што гэта амаль здрада -- сваяцтва з кулакамі... Ха-ха! Не палохайся! Сам ведаеш: ня кулак ён! Але хай будзе кулак, каб застрашыць праваслаўных... (Так ён заўсёды называў сялян).
Зьмітрачок паставіў на стол шклянку, выцершы яе брудным ручніком.
-- Хлеб цягні сюды!
Зьмітрачок паклаў на стол акраец хлеба.
Праз колькі часу, калі пустыя бутэлькі былі перастаўлены пад стол, прадстаўнік запытаў:
-- Зброя ёсьць? Няма? Эх ты!
-- Калі што-якое, я рукамі іх, рукамі... -- залемантаваў Зьмітрачок. -- А то вось: найлепшая зброя, без аніякага гуку! -- узяў з-пад лавы шворан. -- Дзёбнуць -- і гатова!..
Яны выйшлі. Дзікі вецер кідаецца ім у твар, блытаецца паміж ног, торгае даўгі шынэль прадстаўніка. Ідуць зусім паціху, моўчкі, толькі неўтаптаны, намецены завеяй сьнег рыпіць пад ботамі. Але вось у мутаўзе мяцеліцы вымалёўваюцца будынкі Гарасёвага хутара. Паварот налева. Сьветлячок замаячыў цераз шыбы вакна: ня сьпім, вартуем! І на сэрцы Зьмітрачка становіцца неяк брыдка-брыдка, быццам-бы плюнуў бацьку ў твар. Але -- позна! Рука прадстаўніка ў шырокім рукаве паднялася й апусьцілася на шыбу. Пякельная душонка Зьмітрачка торгаецца, хвалюецца...
-- Ня сьпяць яшчэ! Ня сьпяць! -- кажа прадстаўнік.
Зьмітрачок хіхікае -- прытварна, ненатуральна...
* * *
Жывучы амаль на мяжы, Гарась у той-жа дзень, калі даведаўся ад Міхалкі пра небясьпеку, пачаў рыхтавацца да ўцёкаў. Уначы ён здолеў адвезьці жонку й Марынку на тэй бок і вярнуцца назад, каб наступным рэйсам забраць найбольш каштоўнае з гаспадаркі.
Читать дальше