-- Не хвалюйцеся! -- зьвярнуўся высокі да нас. -- Машына зараз прыйдзе. У «эмцы» (марка машыны) мы ўсё роўна не зьмясьціліся-б усе. Я даў загад з гаража ўзяць крытую двохтонку, у ёй будзе куды выгадней і вам і вашым сабачонкам...
Гаварыў ён спакойным і ўпэўненым голасам, мяккім і прыемным, і гэта выклікала ў нас да яго сымпатыю. Барута, які ўкладаў плян паляваньня і ўмоўліваўся аб сродках даезду з гэтым-жа высокім, раптам замітусіўся:
-- Ды што-ж гэта я?! Знаёмцеся! Гэта, гмм... таварыш Балевіч, кожны з вас, пэўна, ведае яго з нашых газэтаў! А гэта... -- паказаў на кароткага, -- гэта...
-- Адзін з партыйных таварышаў, -- падказаў высокі. -- А па прозьвішчу Галякоў.
-- Так, будзем знаёмыя, партыйны таварыш Галякоў! -- і Барута падаў яму руку.
Перазнаёміўшыся, мы зноў прытуліліся да сьцяны, дзе было крыху зацішней. Курылі й размаўлялі. Партыйны таварыш -- будзем яго так і называць -- доўга ўзіраўся ў нас. Потым вусны ягоныя натапырыліся, неяк па-брыдкому зморшчыліся, і ён прамовіў:
-- Так сказаць, пралетарскія ахвотнікі? Што-ж, добра! У гэтым няма нічога дрэннага... Уладзімер Ільліч таксама грашыў гэтым. Гаспадары цяпер -- хто? Мы -- пралетары! Праўда, таварыш Капейка? -- і стукнуў Капейку далоньню па куцай скуранцы, у якой той курчыўся ад сьцюжы.
Ува ўсім і заўсёды згодны, Капейка кіўнуў галавой. У гэты час пад’ехала машына. Балевіч сеў разам з намі, пад брызэнтавы навес, тлумачачы гэта тым, што любе паслухаць паляўнічыя байкі.
-- Тады я пайду ў кабінку да шафёра, -- адгукнуўся Галякоў.
-- Не, -- запярэчыў Балевіч. -- Вы там сапрэеце ў сваім цёплым убраньні. У кабінку пойдзе таварыш у скураной куртцы: ён мёрзьне...
Гэта выклікала ў нас да яго яшчэ большую сымпатыю. Калі ўсе апынуліся ў машыне, стала зусім відавочным, што «эмка» сапраўды не зьмясьціла-б нас усіх; аднаго разу мы ехалі гэтакай кампаніяй на «фордзіку», які быў крыху прастарнейшы за «эмку», аднак сабак мусілі трымаць на каленях.
Як толькі зрушыліся зь мейсца, адразу-ж пачулі палёгку: як-ніяк, а едзем! І едзем -- куды? Якраз у самы асяродак зьвярынага сьвету ў Любошчынскую пушчу, пра якую так шмат нагаворана паляўнічымі.
Маючы справу штодзень з трамваямі, якія ў Менску заўсёды бітком набіты людзьмі, я сядзеў і думаў: якая выгода мець хаця-б старэнькую якую машыну. Сядзіш сабе на мяккай фатэлі ды пакурваеш ды ў вакенца пазіраеш; падабалася тут -- спыніўся, не падабалася -- коціш далей! Пэўна, пра гэта самае думаў і Барута, бо ў гэты-ж мамэнт прамовіў да Балевіча:
-- Гаспадар, -- дазвольце клікаць вас гэтак -- добра было-б, каб вы пачасьцей нас вазілі, а мы-б за гэта зайцоў вам стралялі...
-- Хацеў-бы, -- адгукнуўся той з ухмылкай. -- Але часам не выпадае: то машына занятая, то я заняты...
Машына спраўна бегла па зацярушанай сьнегам шашы. Насустрач імчаліся тэлеграфныя слупы, рэдкія дрэўцы й дарожныя знакі. Там-сям міналі вёскі; з каміноў хат падымаліся сінія слупікі дыму. Гледзячы на яго, роіліся ўспаміны з гадоў мінулых, і тады, быццам-бы наяве, пахла смажанай скваркай, вясковай каўбаскай з часначком, перчыкам і нямолатай муштардай. Траплялі на вока й разбураныя «вялікім згонам» сядзібы хутаранаў з адзічэлымі ўжо каля іх яблынямі й дулямі, і тырчэлі ўгару голыя каміны печаў...
-- А от скажыце, гаспадар, -- зьвярнуўся Барута да Балевіча, -- як гэта зразумець: у дваццатых гадох савецкая ўлада рабіла тут землеўпарадкаваньне й садзіла людзей ня толькі на пяцідворкі, але й на хутары. А у трыццатых гадох гэтая-ж улада загадала зносіць гэтыя хутары й пяцідворкі й некаторых уласьнікаў іхных навет саслала да Сыбэрыі... Зразумела, я так ня думаю, але можна было-б падумаць, што ў трыццатых гадох ня было ўжо савецкае ўлады...
-- Прышчэпаў нарабіў хутароў і засьценкаў! -- з жарам умяшаўся Галякоў. -- Гэта ягоная дывэрсія супроць савецкае ўлады... Ён і пакараны за гэта!
Барута не здаваўся:
-- Але-ж Прышчэпа, ці Прышчэпаў, як вы кажаце, дзейнічаў на падставе пастановы цэнтральнага камітэту партыі й дэкрэтаў з Масквы. Па-другое, чаму дывэрсія? Жыцьцё пацьвердзіла, што найлепшай хвормай сельскай гаспадаркі на Беларусі зьяўляюцца дробныя селішчы й хутары, бо тутака ў нас няма тлустых стэпаў, як на Ўкраіне ці ў Заходняй Сыбэрыі, дзе не патрэбна ўгнаеньняў і можна разгарнуцца з камбайнам і іншымі вялікімі машынамі... Тутака ё: кавалачак нівы, праз гоні -- рэчка альбо горка, лес і балота, а то й багна, градка сярод іх зь пяском, дзе нішто не расьце... І вось я кажу, колькі было працы пераносіцца на новыя мейсцы, а цяпер, бачыце, тырчаць голыя каміны, і шмат хто з тых працавітых і добрых гаспадароў ужо загінуў у той Сыбэрыі...
Читать дальше