Матузок прыгадвае бурлівы сход напярэдадні, тую паперку, што напісалі ад імя сходу; прыгадвае твар «упаўнаважанага па калектывізацыі» -- руды, прытуплены... Рыгор тады не падпісаў тэй паперкі! «Што будзе тады, як замест збажыны на нівах парасьце сьвірэпка?!» «Але таму, рудому, яму -- што?! Абы ўцягнуць на сьпіс пабольш людзей -- за гэта яму будзе ўзнагарода! А што будзем есьці ў наступным годзе, ён пра гэта ня дбае, ён будзе сваё мець з разьмеркавальніка!..»
Брыгада мінула вёску. Калёсы барабаняць па выгану, гужом паўзуць на ўзгорак. Сухавей воблакамі ўздымае пыл, гоніць яго па дарозе, круціць, сьлепіць ім людзей...
Матузок узлазіць на плот, каб далей было відаць, глядзіць, дзе яны прыпыняцца. Якраз на ягоным бульбянішчы! Здымаюць плугі, закладаюць у іх коняў!
-- Ганна, сякеру!
Выбягае за вароты, імчыцца па вуліцы. Босыя ногі грукацяць аб сухі грунт. Не па мерцы купленыя ў Прамгасе штаны зь вялізарнейшай ластавіцай торбамі матляюцца вакол ягоных ног. Кашуля расхрыстана! Вочы гараць!
-- Стой! Стой, табе кажу! Куды пхнешся, твая гэта зямля?!
Першым ішоў у баразьне Дзяніс Галуза. За ім -- іншыя.
Падбег, замахнуўся сякерай па пастронках.
-- Ты што? Звар’яцеў?!
-- Маё! Ня руш!
Забег наперад, махае сякерай перад коньмі. Крычыць:
-- Праз труп хіба пярэйдзеце!
-- Чаго вар’юеш? Ня хочаш у калгас, зямлю табе вымераюць у Дубнікох!
-- Разумнікі! Ідзіце вы ў Дубнікі! Маё -- тут, угноенае, упрацаванае!.. Ня руш!
Замахваецца зноў секчы пастронкі. Моцны скурат гойдаецца, не падаецца. Матузок замахваецца на плуг. Зялеза зьвініць, коні хмыляцца. Дзяніс вырывае ў Матузка сякеру, адкідае яе ўбок. Матузок бяжыць наперад і кладзецца ў баразну перад коньмі. Нагавіцы спаўзьлі з паясьніцы, відаць схудалы, жаўтаскуры крыж...
-- Рабаўнікі! Зладзюгі! Хочаце зжыць мяне ізь сьвету?!
-- Што зь ім рабіць? -- пытае Дзяніс у сяброў.
-- Ды што ізь ім цацкацца? За ногі ды вон з баразны...
-- Гвалт падыме!
Дзяніс бярэцца за пугу і гоніць коняў на Матузка. Коні хмыляцца, прыпыняюцца, а потым скачуць цераз Матузка. Плуг скаблянуў яго па галаве.
-- Кінь, Дзяніс! Кінь, яшчэ пакалечыш чалавека -- няпрыемнасьць будзе вялікая!
-- Ды ён ужо пакалечаны -- лемехам у галаву... -- кажа Рыгор.
Усе падыходзяць да распасьцёртага на зямлі Матузка. Кладуць яго на калёсы. Кроў цячэць на твар, кропля па кроплі спадае на кашулю. Матузок стогне, у грудзях ягоных хрыпіць...
-- Забіць-бы яго, гада! -- злуе Дзяніс. -- Забіць і канец!
-- Забіць чалавека? Божа мой, забіць?! Ці тут вайна?! Да чаго-ж мы дайшлі? -- Рыгор хапаецца за грудзі, быццам у яго там, пад кашуляй, агонь. -- Вырываем із- пад ног зямлю, ды яшчэ забіць!? Гады! Усе становімся гадамі! Гатовы адзін аднаго праглынуць!.. Божа мой, як-жа жыць? -- ідзець да плуга й садзіцца на дышла. -- Згіньце-ж із вашай камунай!
Падымаецца з дышла, бярэць свайго каня, ставіць яго ў аглоблі й лезе на воз да Матузка. Адрывае шмат ад свае кашулі й накладае на рану Матузковай галавы. Потым скіроўвае каня на дарогу ў кірунку вёскі.
* * *
Дзьме моцны вецер. Падымае пыл з дарогі, круціць яго й нясе некуды ўдалеч... Матузок стогне на возе, мырмоча: «Браткі, я... Хіба я? Я нічога -- я ня ступіў нагой на ваша!.. Ані! Кажаце -- баразна? На маём!.. Дуб стаіць на Нупрэевым, а рабіна на маём!.. Як крывавіцца яна ў марозную восень! І я любуюся!.. Любуюся сваёй азімінай!..» Раптам ён усхліпвае й падымаецца, каб зьлезьці з хурманкі. Рыгор пераймае яго й кладзе назад. «Ну, вось і масток! Ганна! Ганна! Дай рыдлёўку, трэба спусьціць гэтую чорную ваду на глебу... Тады -- атава... атава... Што? Сякеры няма! Падай мне рыдлёўку! Зямля пухкая, скібамі. Я хачу выкапаць ямку ў садку. Ага! Пад тэй дуляй... У зацішку... На чужую зямлю ня ступлю, не-не! Вон, рабаўнікі! Ты ня плач, Ганна!.. Ня плач!.. У сьпякоту, у мароз і мяцеліцу, хіба я калі адпачыў? Дай руку! Вось тут, ох! Як горача...»
Яны ўязджаюць у вёску. Тады Матузок адплюшчвае вочы й мутным позіркам глядзіць у неба. Воблакі плывуць, плывуць!.. Рыгор сочыць за рухамі Матузка, і яму становіцца не па сабе. «Пачнецца такая разьня! -- думае. -- І адкуль гэта ўсё, дзеля чаго? Жылі людзі, кожны меў свой інтэрас... Адзін разумнейшы, рупнейшы, спрытнейшы... Другі дурнейшы, раскіднейшы, бяспутнейшы... І ня было на каго крыўдаваць! А цяпер вось прымушаюць браць суседа за горла...» Яму прыгадваюцца дзіцячыя гады. З Матузком блукалі яны па палёх, па лясох, па балотах. Зьбіралі ягады й гарэхі, дралі лыкі. Лясы глыбокія, страшныя! Баяліся зьвяроў. Здавалася ім -- вось зараз выскача з-за вывараці мядзьведзь. І лясьніка баяліся. Аднаго разу згубілі дарогу й доўга блукалі па лесе. Матузок усё паўтараў: «Маці Божая, прасьвятая Багародзіца... Маліся й ты! -- казаў. -- І тады яна выведзе нас на дарогу...» І раптам лес, праўда, перад імі расчыніўся, і яны выйшлі на поле. Тут ужо страху ня было. Матузок выняў з-за пазухі акрайчык хлеба. Разгарнуўшы шмат, у які быў загорнуты хлеб, асьцярожна, каб адмераць па-роўнаму й не пакрышыць, разрэзаў яго на дзьве часткі.
Читать дальше