-- Глыні крыху вады!
Паднёс да роту крынку і гвалтам уліў ёй глыток вільгаці. Цяжка дыхаючы, Раіна адплюшчыла вочы.
-- Каб колькі кропляў валяр’янкі!
Паказала рукой на столік.
Пасьля кропель адчула сябе лепей.
-- Трымайся, дзяўчына! -- сказаў Зенька. -- Цяпер такі час, што ў кожнага што-небудзь няладна! А ты мусіш выратаваць дзяцей -- безь цябе загінуць! Не маленькая, разумееш! Вазьмі сваё сэрца ў кулак і скажы яму, каб яно маўчала. Людзей цяпер не шкадуюць. Іх валяць, як той лес! Хочаш -- ня хочаш, кладзіся пад сякеру! Газэта табе гэтага ня скажа, але ўсе добра ведаюць гэта. Ці ты чытала што-кольвек пра Матошку? Зь дзевятнаццаці двароў застаўся цэлым толькі адзін: васямнаццаць вылюднены , павысланы, зьнішчаны. І старых і малых -- усіх разам! Трымайся, ты мусіш выратаваць Юльяша і Агатку. Толькі ты адна можаш гэта зрабіць. Той, ад каго гэта залежа, і ў вус не падзьме, як яны будуць замярзаць...
-- Мамачка, татачка, што-ж із вамі будзе?
-- Трымайся, дзяўчо! Апраніся цяплей, мы едзем, бо час не чакае. Не паедзеш-жа так, як стаіш?
-- Маё сэрца чула... Маё сэрца чула... -- стагнала, апранаючыся.
-- Ды, калі праўду казаць, і нам тутака, хто застанецца, ня соладка будзе. У калгас загоняць. Зямлю і ўсё дабро адбяруць. І будуць сядзець на шыі розныя Скураткі, Юзікі ды Сукенікі, як тыя вошы!.. Ім што? Такі ўжо цяпер сьвет пайшоў... Я просты чалавек, газэтаў ня чытаю, але бачу, пакоцяцца гэныя парадкі па ўсяму сьвету...
У дарозе Раіна ўвесь час паўтарала:
-- А ці мама хоць цёпла надзелася? А ці ім дадуць што-небудзь узяць ізь ежы? Ці ім сказалі, куды іх павязуць?
-- Куды? Ясна -- куды, у Сыбэрыю тую -- угноена яна чалавечымі касьцямі за сотню з гакам год!
-- А родненькія мае! А даражэнькія! А ці ўбачу я вас яшчэ калі? А мамачка! А татачка!
* * *
Як толькі Юльяш пакінуў хату, пабегшы да Зенькі, пачаўся ўзаконены вышэйшымі савецкімі ўладамі працэс рабаваньня , які афіцыйна называўся раскулачваньнем . Перш-наперш на сярэдзіну хаты выцягнулі куфар гаспадыні. Усё, што было ў ім, апынулася на падлозе. Трубкі палатна кужэльнага, белага, як сьнег, -- праца рук Богушыхі, -- вышываныя ручнікі, бялізна, верхняя вопратка... Новыя, яшчэ не апранатыя кажухі і суконныя каштоўныя рэчы былі адкладзены асобна, мабыць, для сябе. Грошы, якія гаспадыня ўзяла за ягады, што назьбірала ўлетку Агатка, аднекуль высыпаліся на падлогу. Янук і Сукенік не паўстрымаліся, каб не пазьбіраць іх у свае кішэні. Пасьля ўзяліся за гаспадароў сундучок. Калі ўзьнялі вечка, на дне, сярод усякае дробязі, убачылі невялікі плецены кошык. Адчынілі: ляжалі шматкі рознай матэрыі, напарсткі, нажнічкі, эпалеты з двума «лычкамі» (рэліквія з часоў Богушавае службы ў войску), а на самым нізе, беражна загорнуты ў эластычную паперу, партрэт гаспадара й гаспадыні, як яны стаялі пад вянцом. Сукенік усьміхнуўся, а Янук брыдка вылаяўся і кінуў картку пад ногі. Але два срэбныя пярсьцёнкі і два такіх самых крыжыкі, за якія тое-сёе можна было набыць у «Таргсіне», падзялілі паміж сабой...
Пакуль Янук і Сукенік «гаспадарылі» ў хаце, трымаючы здранцьвелага Богуша і амаль ужо няпрытомную Богушыху за пераборкай, каб яны ня бачылі, што робіцца зь іхнай працай, Юзік гаспадарыў у каморцы, дзе стаяла ў кубельцы сала, віселі пад стольлю шынкі й каўбасы, і ў слоіках ды макітрах ляжала масла ды сыры. Твар ягоны быў ужо ў тлушчах, а пальцы й рукавы сьвіткі ў сьмятане. Калі Сукенік і Янук заглянулі ў каморку, ён зайздрасна прасіпеў:
-- Ежце! Ежце, ліханька! Поўны кубелец сала -- ды якое!? Панюхайце толькі!
Зарагатаў, абціраючы аб валасы рукі.
-- Ото была-б масьленіца для Хвёдаркі, каб быў жыў...
* * *
Усіх выгнанцаў гуртам пагналі да чыгункі для пагрузкі на цягнік. Але вагонаў яшчэ ня было. Начальнік канвою, камандзір войскаў ДПУ, у новенькай, зь іголачкі, хворме, загадаў фурманкам стаць шнурам каля прысадаў станцыі. Некалькі чырвонаармейцаў, таксама з войскаў ДПУ, у цёплых шапках і новенькіх валёнках і кажухох, з аўтаматамі за плячыма, шпацыравалі ўзад і ўперад па шнуру. Для разьвітаньня з выгнанцамі іхным сваяком і знаёмым начальнік канвою «вялікадушна» дазволіў гадзіну.
Вазок Богушавых стаяў першым ад краю. Раіна і Юльяш убачылі яго адразу. Накрытая кажухом Богушыха ляжала, а ля яе, маленькім камочкам, Агатка. Дзіця было прастуджана, у грудзях у яе хрыпела, яна кашляла, час ад часу падымала галоўку і хныкала. Быў чуваць плач і іншых дзяцей. Здавалася дзіўным і незразумелым навет для нашага народу, бачыўшага ня раз гора, як гэта можна выгнаць гуртам усіх з хат бяз жадных повадаў і прычын і гнаць іх, наўсуперак іхным жаданьням, некуды на край сьвету, на голад, холад і павольную сьмерць!?
Читать дальше