-- Та-та! Ма-ма, дзе вы? -- вырвалася раптам у малога скрозь сон.
-- Але-ж трэба паведаміць Раіну, -- сказаў Зенька. -- Ты, можа, хочаш заснуць? Дык загарніся ў кажух ды засьні!
Раіна яшчэ ня спала. Сэрцам чула бяду: хадзіла па пакою, хвалявалася, журбавала. «Як яны там цяперака? У газэтах усё пішуць аб наступе на прыватны сэктар у вёсцы, аб беларускіх нацдэмах, аб апартуністых, левых і правых, аб трацкістых, прышчэпаўцах... Дзе падзеліся тыя героі, што рабілі рэвалюцыю? Толькі адзін ён -- ён нягрэшны, сьвяты, чысты, як дыямэнт; ён усё ведае, усё прадбачвае, а ўсе іншыя, увесь народ -- гэта нішто, авечкі, быдла... Як-жа тады жыць? Як жыць, калі няма пра што думаць, калі ён за ўсіх думае, а ты ня маеш правоў думаць, і для цябе гэта рызыкоўна; табе толькі застаецца ўсё насіць ў сваім сэрцы, пакутваць, хвалявацца, мучыцца за ўсё і за ўсіх, блізкіх і далёкіх, за ўсіх, за ўсіх!.. Божачкі, як гэта ўсё цяжка, здаецца, лепш памерці-б, адысьці, куды ўсе ўрэшце адыходзяць... От толькі іх, іх бясконца шкада... бясконца... Яны клапаціліся, яны думалі даць мне добрую будучыню, рупіліся, дбалі, а цяпер? А цяпер яны для мяне -- стрэмка ў сэрцы! Калі зь імі, ня дай Божа, што-небудзь... лепш заплюшчыць... заплюшчыць вочы назаўсёды... Ён -- упыр! Крывяжэрная пачвара...» Зірнула на ягоны партрэт. «Божачкі, Божачкі, што я кажу? Гэта-ж, гэта-ж, Божа мой!» Падышла да вакна, прыслухалася, хоць добра ведала, што не прамовіла ніводнага гуку, а толькі размаўляла із сваім сэрцам. «Але-ж ці яны кулакі? Божачкі, Божачкі, як страшна стала жыць!..»
За вакном быццам-бы зарыпеў пад нейчымі нагамі сьнег. Устрапянулася ўсім целам, прынатужыла слых, замерла. Але-ж ніхто і нічога пачуць ня мог, бо нічога ня было прамоўлена. А калі возьмуць... Скажаш і тое, чаго ніколі ня было... ня было сказана й ня было зроблена. Адчула холад па ўсёй сьпіне. Намерылася пайсьці ўзяць хустку і прыкрыцца ёю. І ў гэты час пачула нейкі шорах за вакном. Мабыць, вецер. Гэтак часта бывае: шорах ветру за вакном у стрэхах прымеш за рух жывой істоты, калі напружаны нэрвы. Але цяпер ужо выразна пачуліся крокі. Страх зноў скаваў усю істоту, і адначасна нібы радасьць мільганула ў душы, што нехта жывы ёсьць паблізу, што яна не адна і калі што, дык усё-ж такі... усё-ж такі нехта жывы!.. Прыклалася да сьцяны вухам і ў той-жа час пачула голас Юльяша:
-- Раіна, адчыні!
«Юльяш, чаму? -- падумала. -- І чаму так позна? Пэўна, здалося ад напружаньня нэрваў». Але зноў пачулася:
-- Раіна, Раіна, адчыні!
Трызьніцца! Трызьніцца, да чаго дайшла! Хапілася за галаву й пачала церці скроні. Але зноў, ужо гучней:
-- Ты ня сьпіш, Раіна. Праз шчыліны ў вакяніцы відаць сьвятло з твайго пакою. Адчыні, гэта я, Юльяш...
І ён уголас заплакаў. І тады Раіна з усёй сілы кінулася да дзьвярэй, штурханула далоньню засаўку і адчыніла зусім напята дзьверы. Выскачыла на ганак, абхапіла Юльяша за шыю, прыліпла да яго і пачала абсыпаць сястрычнымі пацалункамі.
-- Што здарылася? Што здарылася? -- сьпяшалася хутчэй дазнацца.
-- А нічога, -- няўпэўнена, сьціраючы з вачэй сьлёзы і кідаючы позіркам на Зеньку, казаў Юльяш.
Гэта яе на нейкі мамэнт як-бы супакоіла. Пачала сьцягваць зь Юльяша сьвітку. Меркавала: пэўна, выпадкова, куды-небудзь едучы... Можа, па доктара ці за лекамі якімі, бо там-жа ў іх нічога ня знойдзеш. Павесіла вопратку, потым зноў:
-- Не, вы хлусіце! Скажыце, вы хлусіце? Нешта здарылася? Па доктара едзеце? Ага, маўчыцё! -- і гістэрычна, скрозь сьлёзы, засьмяялася.
Юльяш закрыў далонямі твар і зачмыхаў носам, ня маючы сілы паўстрымацца. Тады загаласіла і Раіна.
-- Я ведаю, нешта здарылася. Цяжкое, надзвычайнае. Мабыць, у сувязі з забойствам Скуратка? (Яна ўжо ведала пра гэта з газэтаў). Божа, што ў вас там робіцца?
Разгублена замітусілася па пакою.
-- Зь якім забойствам? -- адказаў Зенька. -- Хто яго тамака забіваў? Проста акалеў п’янюга пад плотам, перабраўшы меру.
Ён сьпяшаўся расказаць:
-- Увесь вечар утрох: Скураток, Юзік і Янук пілі ў мяне за перагародкай. Пасьля выйшлі ўсе, абняўшыся. Ну, і паваліўся і акалеў на марозе...
-- Божа, Божа, і чаму ў вас гэтакае здарылася? Цяпер вас не пашкадуюць... Прычэпяцца...
-- Ды яно так, абы прычапка...
-- Забралі каго... у вязьніцу?
-- Забралі -- не забралі, проста зганяюць зь мейсца, а куды -- невядома.
-- Ага, высылаюць, значыць!
Зенька маўчаў. Юльяш зноў загаласіў. Раіна прытулілася да яго, пытаючыся:
-- Юльяш, браток, скажы праўду: тату й маму высылаюць?
Юльяш хацеў нешта сказаць, але ня мог, кіўнуў толькі галавой. Раіна зьбялела і абамлелая павалілася на падлогу. Зенька падскочыў да яе, пачаў пляскаць па шчоках. Загадаў Юльяшу зачэрпнуць вады. Пачаў пырскаць ёй на твар. Потым пасадзіў яе на крэсла, падтрымліваючы, каб не павалілася зноў.
Читать дальше