Паклаў паперку ў партфэль й сказаў:
-- Зразумеў? А цяперака пастаў тутака свой подпіс, і калі не аплоціш гэты індывідуальны да наступнага панядзелка, дык усё тваё будзе сканфіскавана, а сам ты паедзеш туды, дзе Макар ніколі цялят ня пасьвіў... -- і гучна зарагатаў.
Якое гора ахапіла ўсю Богушаву сям’ю, калі Скураток ізь Януком пакінулі хату. Каб у Богуша былі грошы, дык ён, магчыма, тым ці іншым шляхам пакіраваў-бы гэтую справу ў іншы бок. А то ў кішэні ў чалавека нічога: адно чырвонец нейдзе валяўся, які некалі прыслала дачка Раінка. Прадаць што-колечы, дык дзе-ж патрапіш у гэтакі кароткі час, дый што прадасі на гэтакія вялікія грошы?
Страшэнная ноч была тая для Богушавых. Сынок Юльяш, такі здатны хлапчук, каб нічога ня чуць і ня бачыць, закруціўся ў коўдру, трасецца ды плача. Раптам -- грукат у шыбу. Тут усе й памлелі. А маці стала на калені, склала рукі на грудзях ды моліцца:
-- Ойча, зь неба Божа, ізжалься над намі!..
І тады толькі падышла да вакна. Бразгат паўтарыўся.
-- Каго там Бог нясе?
-- Свае, адчыніце!
Якая радасьць ахапіла ўсіх, пачуўшы голас Зенькі. Юльяш выскачыў з-пад коўдры, пабег адчыняць. З грукатам адсунуў засаўку.
-- Заходзьце, дзядзька Зенька!
Празь сьветлую пляму адчыненых дзьвярэй у хату ўсунулася няскладная постаць Зенькі.
-- Што гэта вы сёньня гэтак рана замкнуліся?
Гаспадыня зараз-жа залемантавала:
-- Зенечка, родненькі, скажы, што на сьвеце чуваць? Усё-ткі ты больш за нас мусіш ведаць! (У Зенькавай хаце за пераборкай была канцылярыя таго сельсавету).
-- Ды нічога добрага! -- пачаў той. -- Адно зьдзекі з народу нашага: былі нацдэмы -- вучняў забіралі ў турмы, а цяперака кулакі -- высылкі ў сібірскую немарач...
Раптам з палацяў пачуўся крык Богуша ды такі страшэнны, вяр’яцкі нейкі, што ўсе ў хаце аж памлелі.
-- Гэта яны... гэта яны... ідуць... ідуць!..
-- Богуш! Богуш, апамятайся! -- паклікала ўстрывожаная гаспадыня.
Богуш прачнуўся, сеў на палацях і, азіраючыся, загаманіў ужо спакайней.
-- О ты, Божа! Сон... ды такі страшны! Ніколі, здаецца, такога страшнага ня сьніў. Здаецца, я адзін у полі. І чорная, чорная хмара завісла пад небам. І здаецца, крукі круцяцца, круцяцца нада мной... Сотні іх! Ага, сотні! А я галодны й зусім зьнясілены, навет кропелькі вады ня было ў роце... І ледзьве дыхаю я. А яны ўсё круцяцца, круцяцца ды ўсё бліжай, бліжай! А ў мяне голыя рукі. І зь кіпцюрамі, усё зь кіпцюрамі да мяне! А вочы іхныя прагныя, крывяжэрныя! Божа ты мой! Я ўсё вочы плюшчу, плюшчу, каб ня дацца ім. Хочу махнуць рукою, рука не паварочваецца, крыкнуць -- язык анямеў, так аслаб, мусіць, я! А яны ўжо і да вачэй дабіраюцца -- выдзяўбці мне вочы хочуць!..
-- Крукі, кажаш? -- пытаецца Богушыха.
-- Ага, крукі! -- адказвае, усё яшчэ пад уплывам сну, гаспадар.
-- Крукі -- то нашы ворагі, -- заключае гаспадыня. -- То яны круцяцца над намі... Хочуць нашае крыві! Сьвятая царыца маці, выратуй нас!
-- Што вырабляюць?! -- раптам заўважае Зенька. -- Надысь дык завязалі дзьверы знадворку ў хаце Міхалкі, каб ня мог даць па галаве -- ведаеце Міхалкаў нораў, -- ды вывелі карову, быццам ён падатак не заплаціў... А ўчора дык у Аўдолі кублы трасьлі, і што там трэсьці ў яе, каб іх трасца трэсла! Бачыце, бедная ўдава адгукнулася пра калгасы нядобра!?
-- Няўжо пра гэта дзе-небудзь вышэй ня ведаюць?
-- Мо’ й ведаюць -- адна хэўра!
-- Зладзюга Янук усім гэтым верхаводзіць. Выгадавала маці сынка на гора людское! Тады, як яшчэ падлеткам быў ды сала ўкраў у Аўдолі, каб выдалі ўладзе, дык мо’ цяпер людзі дзякуй сказалі-б...
-- Здаецца, і да вас сёньня ўраньні заходзілі? -- цікавіцца Зенька.
Богушыха пацьвердзіла, што заходзілі, -- Янук і Хвёдарка.
Тады Зенька пачаў апавядаць, як, вярнуўшыся ад Богушавых і паклікаўшы з крамы спажывецкага таварыства Гарэліка -- трэцяга члена бюро ячэйкі, яны пра невашта доўга спрачаліся. Пра што была гутарка, праз пераборку ня ўцяміць, але Янук усё крычаў на Хвёдарку: «Што ты зь імі цацкаешся!? Дырэктыва партыі... Правая палітыка... Ліквідаваць як клясу...» Якая тутака правая палітыка, калі яна зусім ня правая! -- скончыў Зенька. -- Па-мойму, дык яна хвальшывая!
-- Тваёй абароне аддаемся, сьвятая Божая Маці, -- шаптала Богушыха ў кутку каля ложка.
-- І гэтак штовечар: гавораць, гавораць... -- працягвае Зенька. -- І як языкі не забаляць?
-- Дык-жа за гэта грошы маюць! -- устаўляе Богушыха.
-- Пра адно буду прасіць цябе, Зенька, -- умяшаўся ўрэшце Богуш. -- Калі што-якое здарыцца із намі, дык паведамі Раінку, -- усё-ткі настаўніца яна, можа, хоць дзяцей выратуе!
Читать дальше