2...
Генерал-лейтэнант Баумволь ужо набліжаўся да Талачына, калі ззаду, непадалёк, нечакана ўзгарэлася страляніна. Ён стаў азірацца, і ў нейкі момант убачыў, як на ўзгорак, праз які толькі што праскочыў, вылецелі спачатку адзін, потым яшчэ два танкі. Павозкі і машыны, якія паўзлі па дарозе, сталі панічна рассыпацца.
Генерал пачуў, як над яго галавою прашугнуў снарад. «Рускія!» — апаліла яго здагадка.
Ён крыкнуў шафёру — гнаць хутчэй, але Рэйзе, што сядзеў з шафёрам, энергічна падхапіўшыся, ашалела аглядваючыся то ў бакі, то назад, загадаў паварачваць. Якраз поблізу спускалася ўніз на поле да хмызняку пыльная дарожка. Рэйзе раптам хапіўся за руль, прыпыніў машыну і, адпіхнуўшы на сваё месца збянтэжанага шафёра, колькі змогі пагнаў «опель-адмірал» да хмызняку, ён аж прыпадаў да руля.
Генерал неспакойна азірнуўся, — ці не гоняцца ўслед. Кінулася ў вочы: наперадзе наводдалек, пад самым гарадком, ішлі наперарэз шасэ яшчэ некалькі танкаў. Ён немінуча трапіў бы на іх! Што было б, каб не Рэйзе!
«Опель» ляцеў з такой хуткасцю, так віляў па дарозе, што некалькі разоў генерал адчуваў, як машыну закідвае. Дзіву трэба было дацца, як яны не перакуліліся, як іх машына ўтрымлівалася. Яна імчала так, што пераскоквала цераз ямы, што генерала то падкідвала, як падушку, то ўбівала ў сядзенне.
Яна спынілася, уляцеўшы ў дрыгву, праз якую цёк ручай. Але тут ужо было спакойна. Рэйзе, шафёр і генеральскі ардзінарац выцягнулі машыну, і неўзабаве генерал, праўда, ужо не з такой хуткасцю, імчаўся далей у невядомасць.
Яны ўдала аб'ехалі небяспечны Талачын, выехалі на зусім спакойныя надзейныя дарогі і яшчэ да вечара дабраліся да размяшчэння камандуючага.
У вёсцы, дзе спыніўся камандуючы, было вельмі ціха, і генералу гэтая абстаноўка цішыні і спакою здалася абураючай. Баумволь, што пачынаў усведамляць увесь сэнс перажытай небяспекі, адчуў да фельдмаршала, да гэтай яго цішыні непрыхільнасць.
Ад'ютант фельдмаршала, паўнацелы, прыгожы, абыходлівы, паспрабаваў затрымаць генерала, кажучы, што фельдмаршал заняты, але Баумволь, не скідаючы нават дарожнага плашча, з рашучым і ўпэўненым у сваім праве выглядам накіраваўся да дзвярэй.
Фельдмаршал штосьці непрыязна гаварыў па тэлефоне. Пачуўшы, што ў пакой увайшлі, ён азірнуўся з раздражнёнасцю і, не мяняючы гэтага выразу, адказаў на прывітанне. Услед за гэтым ён зноў павярнуўся к тэлефону, адтапырыўшы ніжнюю, у дробных маршчынках, губу, стаў слухаць.
— Праріваліся? Абышлі?! Камунікацыі?..— ён пачырванеў, стаў нервова жаваць губамі. Кінуў непрыхільны позірк на карту, разасланую на стале, пашукаў на ёй быстрымі неспакойнымі вачыма, мелькам прабег далёкім чужакаватым позіркам па твары Баумволя.
— Чорт пабяры!— Ён напружана задумаўся,— Адыходзьце ў раён Шапелічы. Правы бераг ракі Друць... Участак — паўночны бераг ад Шапелічы...
Ён кінуў трубку на вілку тэлефона. Не звяртаючы ўвагі на генерала, выклікаў ад'ютанта, коратка запытаўся:
— Звязаліся?
— Сувязь яшчэ не адноўлена, мой генерал-фельдмаршал...
— Доўга мне яе чакаць?
Ад'ютант павёў плячыма, як бы гаворачы, што цяпер гэта невядома нават яму.
— Я чакаю,— сказаў фельдмаршал патрабавальна, нават пагрозна.
Калі ад'ютант вышаў, ён павярнуўся да Баумволя. Вочы генерал-фельдмаршала пыталіся, што ад яго трэба, пыталіся і абыякава і натомлена, і ўпаўнаважаны не знайшоў, што сказаць. Яны маўчалі нейкі час. Гэтае маўчанне ішло не ад таго, што ім не было чаго казаць, а ад таго, што генерал-лейтэнант Баумволь і без слоў разумеў і стан і настрой фельдмаршала, і ўвогуле становішча войск. Цішыня і спакой, якія заўважыў ён, прыехаўшы ў вёску, былі абманлівымі. Не, не ціха і не спакойна было ў камандуючага.
— Сувязь парушана? — запытаўся з прыкметным спачуваннем генерал-лейтэнант.
— Так.
Фельдмаршал амаль безуважна пашукаў вачыма штосьці на разасланай карце.
— Яны разразаюць нашы войскі, дробняць адзінае цела нашай групы на часткі. Яны разлічваюць, што такім спосабам, па частках, лягчэй будзе справіцца з намі... Наступленне ідзе адначасова з шасці напрамкаў. І на ўсіх напрамках — у іх вялікая перавага...
Фельдмаршал зірнуў на генерала, сочачы, як генерал адносіцца да яго слоў. Вочы ўпаўнаважанага былі закрыты халоднымі шкельцамі акуляраў.
— Салдаты не праяўляюць дастатковай упартасці ў абароне,прамовіў Баумволь,— Ёсць адзнакі паяўлення нявер'я ў сябе...
— Генерал, толькі нямецкі салдат мог вытрымаць такі націск і не пасці духам,— нязгодна, сухавата адказаў фельдмаршал.— Нашы часці збераглі парадак, дысцыпліну. Гэта ў такіх акалічнасцях, дзе многія другія арміі немінуча загінулі б... Нельга не ўлічваць складанасць абстаноўкі. — Ён неспадзеўкі стомлена паведаміў: — Рускія прарваліся к Бабруйску.
Читать дальше