Што ж, іншага выхаду не было. Эх, жыццё — толькі і вядзеш дзень ада дня, пражываючы тое, што было калісьці набыта.
А колькі разоў прыходзілася перашываць старыя, заношаныя сукенкі ці сарочкі, каб можна было прадаць...
Паўз скверык, які цягнуўся радамі яшчэ маладых танканогіх таполяў, падышлі да прывакзальнай плошчы. Каля будынка вакзала, заляпанага брудна-зялёнай фарбай, і пры бараках, што былі з другога боку пыльнай запушчанай плошчы, варушыліся, шумелі натоўпы немцаў, валяліся горкамі розныя клункі, скрынкі, чамаданы. Нават збоку было відаць, што немцы вельмі ўстрывожаны.
«А, дапякло, насланне вы паганае! Забегалі...»— падумала радасна старая.
З гэтым настроем, ад якога сэрца поўнілася яснымі надзеямі ды чаканнем шчасця, яна ішла паволі да рынку, стрымліваючыся, каб не загаварыць пра ўсё гэта з малой.
— Бабуля, як гэта вуліца завецца?
— Вуліца Свярдлова.
— Гэта па-нашаму?
— Па-нашаму...
Вуліцы ў горадзе мелі афіцыйна дзве назвы — нямецкую і назву, дадзеную гарадской управай, але ўсе называлі вуліцы па-даваеннаму, па-нашаму...
На рынку людзей снавала менш, як звычайна; зусім пуста было на горцы каля пажарнай вышкі, дзе ў другія дні стаялі фурманкі з бульбаю ці сенам.
— Ты мне купіш... хлебца, бабуня, праўда?— запыталася Люда, зазіраючы ў вочы старой.
— Куплю, куплю.
Беднасць, якую Наталля Міхайлаўна прывыкла бачыць гэтыя тры гады, сёння неяк асабліва рэзала яе вочы. Чаго толькі ні прыходзілася рабіць людзям, каб як-небудзь выбіцца з галадоўкі, купіць жменю мукі ці кацялок бульбы.
Вунь стаіць стары, згорблены чалавек, апрануты ў залатаны касцюм з чорнага бастону, з некалі модным гальштукам. Наталля Міхайлаўна ведае яго: ён калісьці выкладаў прыродазнаўства ў тэхнікуме; цяпер ён стаіць каля скрынкі, на якой раскладзены кавалачкі мыла, якое ён сам прыгатаваў. Яго мыла ніхто не хоча купляць, бо яно кепска мыліцца, але ён стаіць. Стаіць, пануры ад няўдачы і прыніжэння...
А вунь, у адзін рад з ім, яшчэ некалькі старых і дзяцей. Чаго там толькі ні прадаюць: парваныя жаночыя валёнкі, гарэлыя, іржавыя цвікі, какетлівыя ўчарнелыя абцасы, адарваныя ад туфляў, якія, напэўна, даўно ўжо на сметніку, розны друз...
«Да чаго давялі людзей, праклятыя!»
Задумалася Наталля Міхайлаўна і не адразу заўважыла, як падышоў да яе чалавек, яшчэ не стары, у капялюшы з маленькімі палямі, у фрэнчы нейкага цвілага колеру, з вузенькімі бартамі. Адсунуў сукеначку, узяў, не пытаючыся нічога, пінжак, абгледзеў крыху грэбліва: трэба будзе перашываць.
— Колькі марак?
— Я хацела б у абмен на прадукты.
— Гм, на прадукты... А чаму не на маркі?
— Таму, што не на маркі...
Яна ледзь не дадала: «выкіньце іх на сметнік»,— але ў час стрымалася.
— Не, ты скажы, чаму не на маркі?— не адставаў «купец».— Ты ведаеш, што такое марка, якая ходзіць па ўсёй Германскай імперыі?
— Ведаю...— Наталля Міхайлаўна паспрабавала ўзяць пінжак з яго рук, але ён не аддаваў.— А-а, ты, напэўна, хочаш, каб я заплаціў... бальшавіцкімі рублямі?— раптам яхідна скончыў ён.
— Аддайце пінжак зараз жа!
Ён усё не выпускаў пінжака, і Наталля Міхайлаўна, пазіраючы ў яго ненавісныя вострыя вочкі, адчула, што ён лёгка не адстане, што можа здарыцца скандал, які для яе невядома чым скончыцца,
Але тут адразу ўмяшаліся, зашумелі з усіх бакоў людзі, што былі каля іх.
— Ну і што ж — яе тавар. Як яна хоча, так і прадае!
— Можа, вы яшчэ і цану самі ўстановіце?!
— Ды не — ён, відаць, зусім задарма хоча?..
— Бач, які разумнік!
Галасы чуліся з усіх бакоў, і чалавек у фрэнчы прыкметна пацішэў; ён разгублена азірнуўся, як бы шукаючы падмогі, аднак, відаць, не знайшоў яе, бо, прамармытаўшы грэбліва, што пінжак вялікі, адразу падаўся адсюль.
Наталлі Міхайлаўне параілі хутчэй зыйсці з рынку, але яна засталася тут. Што яна, баіцца гэтага недабітага цвілога панка! Усё-ткі, ёй было трывожна, і жанчына мімаволі не-не ды і паглядвала, ці не цягнецца гэтая брыда зноў.
Час ішоў ды ішоў, а пакупнікоў ні на касцюм, ні на сукенку не знаходзілася.
— Ногі баляць, бабупя...— застагнала Людка, якая ўвесь час ціха стаяла поруч. Наталля Міхайлаўна ўзяла яе на рукі.
Яна і стаяла, і хадзіла па рынку, аж пакуль не пачалі выганяць адсюль, але прадаць нічога не ўдалося: ні пінжака, ні сукеначкі.
— Не шанцуе нам, Людка: з чым прышлі, з тым і пайшлі. Хадзем дадому...
— Бабуня, а хлебца мы не купілі!— раптам напомніла ўнучка і тузанула яе за руку.— Купім хлебца.
— Заўтра, Людачка, заўтра...
Читать дальше