Яна нахмурылася, так што над пераноссем успухлі два гарбочкі.
— Калі ты сур'ёзна, то я вось што скажу. У мяне дзеці — а я не ведаю, як ты з імі будзеш абыходзіцца? Мне яны родныя, а ты іх можа... табе яны чужыя.
— Чаму гэта чужыя?!. Я іх буду любіць, як і ты,— ён зноў гарэзна ўсміхнуўся — натура брала сваё: — Акрамя таго, каліна-маліна, мы ж не безнадзейныя старыя,— будуць у нас і яшчэ. Зусім нашы — твае і мае. Быў бы каваль ды каваліха — набудзем гэтага ліха!.. Праўда?
Шашура ўладна прыцягнуў Аксінню да сябе. Яна крыху зачырванелася і быццам засаромелася.
— Не ведаю...— схамянулася і, каб схаваць няёмкасць, прамовіла незадаволена: — Людзі яшчэ пабачаць, як ты тут... Бярэшся, нібы муж, аж косці занылі!.. Нібы твая!
— Не мая, дык будзеш мая! А што бяруся моцна, то ўжо ў мяне прывычка такая. Прывыкай!.. Яшчэ, прыдзе час, і не так вазьму!
Пасля снедання падрыўнік палазіў па гнілой страсе, пакрытай купкамі зялёнага моху, закрыў саломай дзіркі, каб не цякло ў жыллё. Па ўсім было відаць, што ён адчувае сябе тут, як гаспадар.
Калі Шашура злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху, то стаў адразу збірацца. Аб сваіх намерах-марах адносна Аксінні ён больш не гаварыў.
Не дамовіўшыся канчаткова, пакінуўшы жанчыну з думкамі-неадчэпамі, ён праз некалькі хвілін ужо выходзіў з двара.
5...
Дарогай неспакойная галава выдумшчыка-падрыўніка, які зноў ішоў са сваімі сябрамі, была цалкам запоўнена развагамі аб незвычайнай аперацыі.
Гэтая аперацыя павінна была, як ніякая, праславіць Шашуру. Ён з заміраннем сэрца ўяўляў, як прабярэцца ў Мінск на аэрадром, як будзе падсцерагаць там галоўных «фюрэраў», падпільнуе або ашукае ахову і прабярэцца да самалётаў. Многія гадзіны будзе пільнаваць ён самалёты і ўсё-ткі пралезе да іх, пралезе ды прыладзіць дзе-небудзь у хвасце іх магніткі... Яны ўздымуцца ў паветра, і тады — магніткі ўзрываюцца, шматуючы «хвост», «фюрэры», куляючыся разам з машынай, ляцяць на зямлю!.. Ляцяць тады, калі ўжо думалі, што вырваліся! А які перапалох будзе на аэрадроме, калі там даведаюцца пра гэта. А можа, і ўбачаць самі. Лепш, каб яны ўбачылі, каб выбух адбыўся над аэрадромам!.. Шашура думаў пра гэта з такім захапленнем і так жыва ўяўляў кожную драбніцу сваёй аперацыі, што забыўся, здавалася, пра ўсё на свеце.
Вярнуўшыся ў брыгаду, ён адразу падаўся да камісара і аб'явіў чыстасардэчна, што прыдумаў геніяльны план.
— Няўжо — геніяльны?— не паверыў Туравец.
— Геніяльны, таварыш камісар! Усю дарогу думаў — аж зямлі пад сабой не чуў. Эх, прыгожа будзе, каліна-маліна, калі выканаем яго! Можна расказаць?
— Абавязкова! Гавары, Шашура.
Калі-б падрыўнік менш быў захоплены сваёй ідэяй, ён хутка заўважыў бы скептычную ўсмешку на вуснах камісара. Паслухаўшы яго да канца, Туравец сказаў, што план цікавы, нават вельмі цікавы, але занадта рызыкоўны. На аэрадроме, як вядома, моцная ахова, і падрыўнікоў могуць лёгка заўважыць: аэрадром — гэта не чыгунка, да якой многа розных подступаў... А калі іх заўважаць, то вырвацца ім наўрад ці ўдасца. Смерць? Для чаго? Для таго, каб забіць некалькі «фюрэраў», якіх можна адправіць на той свет інакшым, больш пэўным метадам...
— План твой, любы мой, нерэальны. Неабдуманы!..
Шашура спачатку стаў горача спрачацца, але раптам змоўк і, не шкадуючы, адступіў. Чаго тут шкадаваць, калі ён можа, хоць сёння, прыдумаць яшчэ дзесятак такіх, можа і лепшых!
— Ну, што ж, таварыш камісар, значыцца, не ўхваляеце? Выходзіць, каліна-маліна, памылка?.. Ясна... Тады дазвольце ісці, таварыш камісар.
Ён выпрастаўся ў струнку і хвацка паднёс руку да ссунутай набок кепкі. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл.
Туравец неспадзявана спыніў яго.
— Пачакай, Шашура,— ён падышоў да падрыўніка.— Ты дзе быў зараз?
Шашура адразу востра, спасцярожліва зірнуў на Тураўца, разважаючы — гаварыць ці не? «Вочы якія хітрыя ў яго! Напэўна, ведае пра ўсё сам»,— падумаў ён і сказаў праўду.
— У цябе гэта сур'ёзна з ёю? Ці так проста — дурэеш?
— Сур'ёзна, здаецца, таварыш камісар. Не маню — намерыўся нават, каліна-маліна, жаніцца...
— Вунь што. А дзе муж яе? Не цікавіўся? На фронце, мусіць, а?— у голасе камісара пачулася мяккая, насцярожлівая нотка.
— Няма ў яе мужа. Загінуў...
— Загінуў? Гэта дакладна?.. Ты, Шашура, глядзі,— нібы не верыў Туравец. — Каб хто-небудзь пасля на цябе не крыўдзіўся. І на ўсіх нас...
«І што яму да гэтага! Ва ўсё яму трэба ўмяшацца!»— думаў Шашура. Але ён не сердаваў: падрыўніку падабалася, што камісар гаварыў з ім таварыскім тонам.
Читать дальше