Калі Шашура ішоў ад камісара дамоў, то можа ўпершыню пачаў абдумваць свае адносіны да Аксінні. Як гэта яно здарылася непрыкметна! Ён жа да жанчын быў заўсёды абыякавы. Дзіўна — учора быў халасцяком, а заўтра будзе мужам; і не проста мужам — бацькам двух дзяцей!..
Хлопцы будуць падсмейвацца, але да яго гэта не прыстае — ён знойдзе, што сказаць!..
Эх ты, Аксіння, удавіца мая!
1...
Яны сустракаліся цяпер па некалькі разоў на дзень. Здавалася, што Залеская без Наталлі Міхайлаўны не магла проста жыць.
Наталля Міхайлаўна таксама з нецярплівасцю чакала сваю сяброўку. Агульнае гора і надзеі вельмі здружылі абедзвюх жанчын за апошні год. Як жа ім не быць дружнымі, калі іх Валя і Ніна былі разам. І нібы падтрымліваючы прыклад дзяцей, яны таксама заўсёды былі блізкія між сабой, дапамагалі ў цяжкую хвіліну адна адной...
Але асабліва часта сталі яны сустракацца пасля таго, як Залеская перадала сяброўцы пра наступленне пад Оршай. З гэтага часу не было, мусіць, такога дня, каб Залеская не прыносіла якую-небудзь навіну. Адкуль толькі яна пра ўсё даведвалася! У яе была нейкая асаблівая здольнасць уведваць пра ўсё, што робіцца — і тут, у горадзе, і на фронце...
Вось і сёння, калі яна ўвайшла, Наталля Міхайлаўна адразу падумала: што яна скажа новага?
Наталля Міхайлаўна, якая шыла на ручной швейнай машыне, што стаяла на століку, спыніла працу і запытальна зірнула на сяброўку.
— Усё шчыруеш!— ні то з папрокам, ні то з ухвалай прамовіла Залеская.— Калі ты, Наталька, хоць сядзіш спакойна? Мусіць, ніколі...
— На кірмаш трэба — прадаць што-небудзь ды падкарміць малую. Вось і мудрую, што можна людскае пашыць з гэтай драніцы.
Залеская падышла да маленькай бялявай дзяўчынкі, якая гуляла з каляровымі абрыўкамі тканіны, раскладзенымі на табурэце.— А ты што робіш, Людачка?
— Шыць буду,— сур'ёзна адказала малая.
— О, таксама шыць? Якія ж вы абедзве працавітыя!— пахваліла Залеская, думаючы аб нечым сваім. Яна раптам, зірнуўшы скоса ў бок суседняга пакоя, ціха запыталася, дзе «кватарант».
«Кватарантам» яна называла чалавека з прозвішчам Кухта, які заняў усю хату Наталлі Міхайлаўны, выжыўшы гаспадыню з унучкай у гэтую каморку. Наталля Міхайлаўна сказала, што ён пайшоў некуды, здаецца, у гэтую сваю — каб яна правалілася — Раду.
— Не пакуе яшчэ чамаданаў?
— Ужо складзена ўсё...
— А, значыцца, падрыхтаваўся. Ведае, што трэба спяшацца. Нашы ж ужо, Наталька ты мая, недалёка ад Крупак! Праўду кажу: да Крупак падыходзяць!
— Так хутка?! Аж не верыцца!
— Спяшаюцца, родныя, да нас!..
— Ведаюць, як нам тут прыходзіцца, як мы чакаем іх...
Залеская пачала расказваць пра тое, што робіцца зараз на вакзале. Мітусня. Душаць проста адзін аднаго, стараючыся хутчэй праціснуцца да вагонаў. Учора адзін «эсэс» прыстрэліў другога, які хацеў прабрацца раней. Каля вакзала розныя «фрау» чапляюцца да кожнага афіцэра: вазьмі, уладзь у вагон — усё аддам, душу і цела. Ды афіцэрам нібы ні да таго, ні да другога... Вочы Залескай, калі яна расказвала пра гэта, свяціліся і насмешкай і радасцю.
Пасля яе Наталлі Міхайлаўне было вельмі радасна. Узняўшы на калені сінявокую ўнучку, яна доўга песціла малую і гаварыла шчасліва:
— Ну, нічога, Людачка. Ужо нядоўга нам пакутаваць засталося, званочак ты мой ясны. Хутка — хуценька-хуценька — прыдзе да нас твой татка. Вось будзе нам радасць! І яму якая радасць. Як ён цябе ўзніме на рукі, як прыгарне! Ды як пацалуе! Ён жа яшчэ ні разу не бачыў цябе, а тут — адразу такая красуня!..
— Красуня,— засмяялася Людка, моршчачы носік.
Скончыўшы сваё шытво, Наталля Міхайлаўна сабралася на рынак, узяла Люду за ручку і вышла на вуліцу.
У Мінску быў голад. Наталлі Міхайлаўне даводзілася кожны дзень задумвацца над тым, як пракарміць сваю малую і сябе. Праўда, пра сябе старая амаль не трывожылася: сама яна цярпліва зносіла нястачу, чакаючы адно, дня, калі ўсё гэта згіне — і гітлераўцы, і голад, і пакуты,— але бачыць, як галадае ўнучка, чуць, як яна просіць есці, Наталля Міхайлаўна не магла.
«Божа мой, якая ж ты кволенькая, мая сінічка»,— не раз думала, уздыхала старая.
— На які рынак мы пойдзем? На Суражскі, праўда, бабуню?— дзелавіта запыталася Люда.
— Не. На Чэрвеньскі.
Адсюль, ад вуліцы Талстога, да Чэрвеньскага можна прайсці каля Заходняга маста. А можна таксама і праз пераезд на чыгуначных пуцях, гэтак нават будзе бліжэй... Не, там, мусіць, цяпер стаіць варта.
Яны паціху патупалі паўз рады драўляных хат і платы да Заходняга моста. Наталля Міхайлаўна несла падпахай загорнутыя ў газетны ліст дзіцячую сукеначку, перашытую са сваёй кофты, і касцюм. Гэта быў апошні і, здаецца, самы лепшы касцюм Аляксея. Усе іншыя Аляксеевы рэчы Наталлі Міхайлаўне давялося занесці на рынак яшчэ раней. І амаль усе плацці прапалі таксама там.
Читать дальше