Яны прайшлі, напэўна, не менш сямі кіламетраў, пакуль не спыніліся ў хмызняку каля балота. Блізка быў золак.
— Сарвалася... І дадому сорамна ісці. Хоць — чаго сорамна?
— Што ж, прычына ўважлівая...
— Усяк бывае. На тое — вайна.
— Як гэта — усяк?— сярдзіта адгукнуўся Шашура.— Выдумаюць жа, каліна-маліна: усяк бывае! Канешне — усяк, у таго, хто думае: як будзе, так будзе. Адным словам, куды вецер падзьме... А ў мяне, чорт пабяры, не было такога, каб я хадзіў попусту! Вы бачылі калі-небудзь такое? Хто бачыў, — скажы!
Не бачылі?.. То няўжо ж мне цяпер прыдзецца вярнуцца ні з чым? Дажыць да такой ганьбы!..
— Што ж, наступную ноч будзем чакаць?
— Пакуль пачакаем дня. А там — пабачым, можа, і ночы, калі будзе трэба...
Неўзабаве яны зноў падышлі да чыгункі.
Размясціліся ў лазняку і чаратах; адсюль было відаць, што каля высокага насыпу ляжыць нейкая бязладная гарбатая груда. Гэта валяліся пакарэжаныя вагоны, ад некаторых з якіх засталіся цяпер амаль адны шкілеты...
Шашура яшчэ ў змроку, стараючыся не хлюпаць у вадзе, асцярожна прадзіраючыся праз зараснік чароту, падабраўся да аднаго з гэтых вагонаў. Выбраўшы зручную мясціну у абломках вагона, ён засеў і ў шчылінку стаў уважліва назіраць за дарогаю. Доўга-доўга мясціна гэта здавалася зусім пустой, але неяк Шашура ўсё ж улавіў за палатном наводдаль галасы. На якой мове гаварылі, нельга было зразумець, але падрыўнік і без гэтага ведаў: «Засада».
Калі добра развіднела, немцы, ужо не тоячыся, узняліся і, пусціўшы некалькі чэргаў, падаліся да станцыі.
Станцыя была блізка. Яе спалены будынак чарнеў па другі бок насыпу праз якія-небудзь семсот метраў, аддзелены ад той мясціны, дзе ляжаў Шашура, вялікім зялёным поплавам. Побач з панурай, пустой каробкай станцыі туліўся нядаўна пабудаваны барак, у якім, відаць, цяпер і жылі начальства ды ахова. Перад станцыяй цягнулася некалькі радоў калючай агарожы, а ў адным месцы з гэтага боку Шашура ўгледзеў замаскіраваную горку дзота...
Час ішоў ды ішоў, а падрыўнік усё ляжаў, чакаючы зручнага выпадку. Вылазіць на насып проста так, без адпаведнай абстаноўкі, як думаў Шашура, было б вельмі рызыкоўна. Так можна лёгка і справу сапсаваць, і галаву злажыць, бо гэтая мясціна са станцыі добра відаць. А гэтай «абстаноўкі» пакуль што якраз і не было...
Па насыпу блізка пратупаў абходчык, потым вяр-
нуўся. Ужо стала добра ўграваць сонца, калі падрыўнік пачуў далёкі шум самалётаў, які паступова грозна мацнеў. Шашура стаў сачыць за небам, якое поўніў магутны гул, і, нарэшце, убачыў агромністую стаю самалётаў з чырвонымі зоркамі, што ішлі з захаду. Самалёты нібы кіраваліся ў бок станцыі, на якой узнялася бязладная страляніна.
Самы час! Немцы цяпер будуць больш глядзець у неба, чым на пуці.
Ён разам з двума хлопцамі выбраўся на дарогу... Усе пачалі хутка раскапваць шчэбень. Прысыпалі дзве міны, разраўнялі. Шашура азірнуўся ў бок станцыі — здавалася, што заўважылі. Не, усё добра.
Хлопцы пакаціліся ўніз з насыпу. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Не, не ідзе... Праверыў вачыма, ці добра замаскіраваны міны, азірнуўся па баках і тады спрытна ссунуўся ўніз.
— Будзем яшчэ сядзець?
— А як жа, а раптам абходчык знойдзе міны?.. Хіба ж можна, каліна-маліна, так фармальна рабіць: падлажыў і ўсё...
Прайшло некалькі немцаў. Адзін з іх штосьці апавядаў іншым... Нічога не заўважылі... Шашура супакоена апусціў аўтамат.
Нарэшце пачуўся працяжны свіст паравоза, і хутка падрыўнік, углядаючыся ў гэты бок, убачыў белы дымок, які раз-по-раз пругка пыхкаў угару і паволі набліжаўся...
Тады Шашура вылез з-пад абломкаў вагона і скочыў у ваду, у чарот. Трэба як мага хутчэй адбегчы ад насыпу... Хлюпаючы ў вадзе, прадзіраючыся праз чарот, ён увесь час чуў ззаду нарастаючы перастук калёс і натужнае пыхканне, было падобна, што гэта сапе нейкі звер. Паравоз, не прыпыняючыся на станцыі, хутка падыходзіў бліжэй...
Шашура азірнуўся: састаў быў мяшаны — тры-чатыры платформы з гарматамі, таварныя вагоны і два пасажырскія, у якіх у вокнах былі вайскоўцы. Паравоз быў так блізка ад таго месца, дзе ляжалі міны, што падрыўнік мімаволі спыніўся, чакаючы напружана, што будзе далей.
Праз які міг ён убачыў, як успыхнула полымя, і тады ж першы таварны вагон палез угару...
Шашура прыгнуўся і колькі сілы пабег да сваіх. Ззаду зусім блізка, не сціхаючы, суха лопаліся, выбухалі снарады. Калі ён ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб'е так!»— мільганула ў галаве. Ён наддаў ходу.
Читать дальше