Ён пайшоў да другога вартавога, потым вярнуўся.
— Нудзішся, напэўна? Хутка прышлю змену...
— Давай, хутчэй!.. Надакучыла...
Неспадзявана аднекуль у шэрай цемры ўзняліся дзве постаці. Яны выраслі з зямлі так блізка, што Грэчка разгубіўся; ногі яго нібы прыкіпелі да зямлі — не зрушыць з месца...
— Стой!..— пачуў Грэчка ціхі, але строгі загад.— Кінь вінтоўку!
Тыталь адразу скочыў убок і ірвануў пісталет з кабуры. Ударыла імклівае кароткае полымя. Адзін раз, другі.
У адказ прагучала частая чарга аўтамата, і чубаты, вылаяўшыся, паваліўся на зямлю...
Стрэлы Тыталя вярнулі Грэчкавым нагам сілу. Ён, прыгнуўшы галаву да грудзей, кінуўся наўцёк. Чаргу з аўтамата, якая пранізала Тыталя, Грэчка чуў ужо за сабой і падумаў, што гэта б'юць па ім.
— Стой, стой!..— пагнаўся за Грэчкай вокліч.
Але ён, не азіраючыся, утуліўшы галаву ў плечы, бег колькі духу. Воклічы, што даносіліся да Грэчкі, яго быццам падганялі. Уцячы, уцячы — часта калацілася, аж знемагаючы, сэрца. Гэта партызаны, яго пагібель. Далей, далей ад іх! Яму гэтыя людзі здаваліся цяпер страшней за ўсё.
Грэчка адбег ужо з сотню крокаў, як неспадзявана наперадзе акрэслілася яшчэ адна постаць. Яна стаяла на шляху, які вёў да ратунку. Далей за ёй былі блізка відаць кусты. Цёмныя густыя кусты.
Грэчка прыпыніўся, пахапліва ўскінуў вінтоўку і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Ён хацеў перазарадзіць вінтоўку і стрэліць яшчэ раз, але ў тую хвіліну да яго падскочыў другі партызан, што апынуўся збоку ад Грэчкі, замахнуўся сваім аўтаматам і з усёй сілы ўдарыў паліцая прыкладам па галаве. Перад вачыма Грэчкі ўспыхнула зялёнае полымя, і ён адразу зваліўся.
— Ах ты, падлюка!.. Ну, праўда — падлюка!
Партызан — гэта быў Вася Крайко — асвятліў паліцая кішанёвым ліхтарыкам. Святло ліхтарыка выхапіла з цемры нерухомае скурчанае тулава і паблізу яго вінтоўку, якая валялася на зямлі. Вася схапіў вінтоўку і навёў ліхтарык на твар паліцая. Неспадзявана для сябе Крайко пазнаў, што гэта Грэчка: — У, гніда! — прамовіў хлопец з гідлівасцю. Ён пагардліва штурхнуў труп нагой.
3...
Ну, вядома, месяц зіхціць. Перад насыпам такая відната, хоць кніжкі чытай: кожная травінка асветлена. Рэйкі блішчаць здалёк — яны бягуць цераз лясок у адзін і другі бок і знікаюць.
Колькі закаханых глядзела на гэты месяц і ўздыхала: ах, як хораша! І Шашура таксама глядзіць на яго, глядзіць з-пад насунутай набакір кепкі, прыплюшчыўшы вочы і... таксама ўздыхае. Але не зачаравана, а сярдзіта. Чорт бы цябе пабраў, месяц, як ты не ў час выпаўз!
Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Шашура ляжаў на высецы каля пня і, слухаючы ціхую іх гаворку, якую было добра чуваць, сачыў за імі, — хутчэй бы яны ішлі. А немцы быццам знарок не спяшаліся.
Як толькі яны адышлі крыху, Шашура намерыўся падбірацца да насыпу.
— На рэйкі!.. Дэтанатары не згубілі?— Зашаптаў падрыўнік.
Ён прапоўз некалькі крокаў з двума таварышамі — іншыя засталіся прыкрываць — і раптам скамандаваў:
— Стой!
Каб ён праваліўся, гэты патруль,— яны вяртаюцца.
— Назад,— даў знак падрыўнік сваім таварышам.— Ды не вытыркайцеся!
Шашура ляжаў, лаяў у думках месяц і чакаў. Гэты неспакойны чалавек быў, калі трэба, на дзіва цярплівым. Трэба чакаць і чакаць, каб не сапсаваць усё. Толькі калі патрульныя адышлі далёка, ён зноў папоўз з памочнікамі да пуці.
Яны ўжо ўзабраліся на насып і пачалі разграбаць жвір, як наводдаль прагучала чарга, за ёй другая. Шашура адразу азірнуўся: стралялі па іх, мусіць, з засады. Ён кінуў позірк на міну, якая ляжала каля рэйкі: закапваць ці не? Напэўна, прыдуць і адкапаюць яе, а падрыўніку такая рэч ніколі не будзе лішняй, хоць у хлопцаў ёсць іх яшчэ некалькі. А вось у яго ў кішэні ляжыць супроцьпяхотная,— ён быў запаслівы на гэта, — такая тут вельмі можа спатрэбіцца. Скамандаваўшы, каб іншыя адыходзілі, Шашура хутка закапаў міну і адбег.
Сюды набліжаліся гітлераўцы. Яны яшчэ здалёк пачалі абстрэльваць лес, і над хлопцамі поблізу бзыкалі кулі. Але падысці да лесу і да рэек, дзе толькі што былі партызаны, патрульныя пабаяліся.
Усё сарвалася. Шашура хутка абдумаў становішча: трэба адыходзіць, пакуль не позна. А рэйкі?.. Што ж рэйкі? Нічога не зробіш: гітлераўцы будуць лазіць тут увесь час...
Ён заўважыў, што злева ад вёскі на стрэлы бягуць паўз насып яшчэ дзесяткі два немцаў.
Шашура даў загад адыходзіць. Ён сам першы ўвайшоў у лясную цемру і так наперадзе ступаў увесь час, калі-ні-калі правяраючы, ці не адстаў хто-небудзь. Не аднаму з хлопцаў нізкае галлё біла па твары, не адзін з іх натыкаўся ці на нявіднае карэлае дрэва, ці на тонкі пругкі дубец маладняку. Потым з паўгадзіны, а мо' і больш, ішлі полем,— тады пачулі недалёка ляскат мотадрызіны. Шашура, відаць, вёў так, каб ад чыгункі не аддаляліся...
Читать дальше