Ён паказаў некалькі пляцовак, падрыхтаваных для артылерыі. На адной з іх яшчэ віднеліся салдаты, якія маскіравалі нядаўна выкапаную зямлю травой і дзёрнам.
— Позніцеся... Трэба спяшацца...
— Мы канчаем, генерал. За намі затрымкі не будзе.
Баумволь прыдзірліва праверыў, якога дыяметра кожная пляцоўка, адлегласць паміж іх, глыбіню раўкоў для разлікаў і многае іншае, — ён не выпускаў з-пад увагі, здавалася, ніякай дробязі...
— Калі рускія нават і прарвуцца сюды, ім прыдзецца тут засесці,— пахваліў палкоўніка Вольф, калі яны вярталіся к машыне. Ні Баумволь, ні Шульцэ не адказалі. Але маёр на няветлівасць Шульцэ не пакрыўдзіўся: ён пачынаў паважаць гэтага фанатыка-інжынера.
У Мінску яны аблазілі некалькі дотаў на Траецкай гары, потым абгледзелі ўмацаванні ў самым цэнтры, між гор бітага камення.
— Руіны вельмі зручны для абароны...— гаварыў Шульцэ, паглядаючы ў амбразуру, праз якую ў змрок дота цадзілася святло.— Вялікае злачынства, што пытанне аб тым, як іх скарыстаць для абароны, не вывучана... Я зрабіў, генерал, у гэтай справе цэлы рад вельмі важных знаходак. Яны маюць значэнне для ўсёй арміі, і я аб гэтым пішу вучоную працу...
Калі ўсе выбраліся з руін на вуліцу і генерал паехаў, Шульцэ мірна сказаў маёру:
— Паабедайце і прыходзьце на працу, — калі вас да мяне назначылі. Я гуляць вам не дам.
...З гэтага дня Вольф то прападаў цэлыя дні там, дзе капалі ўсё новыя траншэі ці цэментавалі доты, то ўдакладняў схемы абароны.
4...
Каля будынка гарадскога тэатра, які панура цямнеў на рагу ціхага цэнтральнага сквера, штурмбанфюрэр Рзйзе нечакана спаткаў Вольфа. Штурмбанфюрэр прывітаўся з ім, як знаёмы, і хітравата запытаўся, дзе ён прападае, чаму яго не відаць у «Афіцыргайме».
— А, мусіць, у Ані прападаеш? Што ж, густ у цябе, бачу, не кепскі: яе чароўнае і пяшчотнае суседства, яе спакуслівыя прынады, канешне, прыемней грубага мужчынскага сяброўства і п'янак. Асабліва пасля доўгага франтавога голаду...
Маёр, улавіўшы ў словах Рэйзе насмешку, пачырванеў, але той як бы не заўважыў гэтага; узяў Вольфа за локаць і павёў з сабою, гаворачы, што ўсё-ткі кепска адасабляцца, адрывацца ад мужчын.
Размаўляючы такім чынам з маёрам, Рэйзе падвёў яго да будынка, у якім да вайны была цэнтральная бібліятэка.
— Што гэта за сцяг? — плюшчачы вочы, кіўнуў угару Вольф.
Над паўкруглым выступам галоўнага ўваходу вісеў на дрэўку незнаёмы сцяг: чырвоная палоска пасярэдзіне была акаймавана з абодвух бакоў белымі.
— Што за сцяг? Дык ты, Вольф, не ведаеш!.. О, маёр, хіба можна не ведаць такіх рэчаў на гэтай зямлі. — Штурмбанфюрэр раптам штурхнуў яго ў спіну:— Не, відаць, ты павінен зараз пайсці са мной — нельга ж заставацца табе далей такім невукам у гм... міжнародных нашых справах. Да таго ж мне аднаму там будзе сумна, удваіх, можа быць, час пойдзе хутчэй...
Вольф паспрабаваў адгаварыцца, але Рэйзе, які наогул ніколі не меў звычкі далікатнічаць, не стаў і слухаць.
Неўзабаве абодва сядзелі ў высокай халаднаватай зале з вялізнымі вокнамі, якая была больш як напалову пустая. Тут адбываліся пасяджэнні «другога ўсебеларускага кангрэса», скліканага нацыяналістамі па заданню гітлераўскага «генералькамісара ў Беларусі». «Кангрэс», які сабраўся ў той час, калі савецкія войскі былі недалёка ад Мінска, павінен быў аб'явіць «незалежную» беларускую рэспубліку. Гітлераўцы, уцякаючы, спрабавалі зрабіць яшчэ адну подлую правакацыю. На «кангрэс» яны звезлі рознае нацыяналістычнае ахвосце, паліцаяў і кулакоў, назваўшы ўсіх «дэлегатамі», хоць гэтых дэлегатаў ніхто не выбіраў...
Рэйзе, акінуўшы пустыя рады, паварушыў ад злосці сухімі губамі і шэптам вылаяўся. Да іх, тулячы галаву ў плечы, нячутнай хадою кошкі падышоў з пярэдняга рада рухавы чалавечак, які сваімі паходкай і паставай вельмі нагадваў афіцыянта.
— Рад бачыць вас, гзр штурмбанфюрэр, — заківаў ён, сочачы пільнымі сабачымі вачыма за тварам Рэйзе.
Штурмбанфюрэр нахмурыўся:
— Чаму ў вас, Кухта, пуста ў зале?..
— Разбягаюцца, гэр... Я хацеў сказаць — неспакой тут сярод дэлегатаў, гэр штурмбанфюрэр...
— Які гэта неспакой?
Кухта заікнуўся штосьці сказаць, але Рэйзе асек яго і загадаў, каб ён сеў на сваё месца. Той адразу паслухмяна падаўся назад, а Рэйзе, прыслухоўваючыся да слоў прамоўцы, сказаў маёру, што гэта быў адзін з памочнікаў прэзідэнта...
Прамоўца — пажылы, азызлы, захлёбваючыся, з ненатуральным пафасам нудна гугнеў пра тое, што беларуская зямля зараз перажывае вялікі гістарычны момант.
Читать дальше