Ён сказаў, што яму «выпала шчасце» на «зары жыцця» быць пры першай спробе нараджэння «Беларускай дзяржавы», — ён прысутнічаў на першым кангрэсе у «сумным снежні» семнаццатага года. Толькі цяпер, праз дваццаць шэсць год, — казаў прамоўца,— выпала яму і яго калегам шчасце сабрацца на свой другі кангрэс, каб прадоўжыць і аформіць тое, што не ўдалося тады. Нарэшце, прышоў жаданы час, Германія і «фюрэр» аб'яўляюць Беларусь «самастойнай» дзяржавай і прызнаюць яе «незалежнасць»...
Словы гэтыя мёртва гучалі ў пустой зале, якая цішынёй і холадам нагадвала цяпер склеп з мертвякамі...
— Сам пан Астроўскі, прэзідэнт, — Рэйзе кіўнуў на сцэну, дзе за сталом прэзідыума, як толькі скончыў прамоўца гаварыць, узняўся цяжкі пануры чалавек; у голасе Рэйзе Вольф пачуў прыкметную насмешку.
«Прэзідэнт» расчапіў сціснутыя губы, пазіраючы праз акуляры ў залу, і Рэйзе, усё з тым жа выразам іроніі, слухаючы «прэзідэнта», пачаў перакладаць, што той гаворыць.
Астроўскі папярэдзіў, што ён хоча зараз сказаць толькі некалькі слоў, спецыяльна да дэлегатаў «кангрэса»...
— За апошні час сярод вас, шаноўныя супольнікі, якія сядзяць тут, пашыраецца трывога, якую пачалі распускаць бальшавіцкія агенты... І— як ні сорамна мне гаварыць — тыя-сія з вас паддаліся гэтым камуністыцкім плёткам: яны збаяліся і перасталі прыходзіць сюды... Я ўпаўнаважан, шаноўныя спадарове, сказаць, што ўсё, што даходзіць да вас ад бальшавіцкіх падпявалаў, мана. Праўда, рускія паспрабавалі наступаць, але ў мяне ёсць дакладныя весткі, што нашы нямецкія заступнікі адбілі ўсе іх спробы. Бальшавіцкія атакі паўсюды, на ўсім фронце заламаліся... маскоўцы пабеглі назад! — з уздымам абвясціў ён, чакаючы воплескаў.
Зала запляскала вяла, недаверліва.
— Мы будзем, як і раней, працаваць спакойна і цвёрда...
На гэты конт нямала хто з тых, што яшчэ сядзелі ў зале, відаць, меў іншую думку. Ці можна спакойна сядзець тут, калі ўночы ў Мінску ўжо чуваць водгулле франтавых гармат?
Рзйзе зноў узлаваўся: нягоднікі гатовы хутчэй кінуць усё ды пашыцца ў норы, абы толькі выратаваць сваю скуру... Потым ён, прыплюшчыўшы вочы, пачаў перабіраць у думках гісторыю «дзейнасці» Рады. І тады яго ўзлаванасць набыла іншы характар — ён думаў пра тых, хто не падтрымліваў, ненавідзеў гэтае стварэнне. Іх было многа, — усе тыя, каго яна павінна была б аблытаць, звязаць, ёю пагарджалі...
Так, няўдалае было гэтае стварэнне...
Ад дзвярэй да Рэйзе прабраўся эсэсавец — унтэр і папрасіў зараз жа выйсці ў калідор. Штурмбанфюрэр, а следам за ім і Вольф узняліся; у калідоры эсэсавец паведаміў Рэйзе, што яго выклікае фон Готберг.
Калі Рэйзе і Вольф спусціліся па ступеньках і вышлі на вуліцу, маёр нечакана запытаўся проста:
— Для чаго гэта камедыя?
— Якая? — быццам не зразумеў штурмбанфюрэр. — А-а... Гэта ты называеш камедыяй? Я табе, дарагі маёр, параіў бы надалей больш мякка і разумна выказваць такія думкі. Гэтай камедыяй, як ты кажаш, кіруе сам Готберг па ўказаннях Берліна... Ты, Вольф, кепскі палітык. Ты просталінейны і наіўны, як і ўсе вашы вайсковыя. Вы думаеце, што адзіная зброя тая, што ў вашых руках...
— Можа, і ваша добрая, толькі я пакуль не ўбачыў гэтага. Можа, я і, праўда, сляпы ў такіх справах...
— Так, ты сляпы. Ты многага не разумееш, — рэзка прамовіў Рэйзе.
Яму не хацелася спрачацца з гэтым, як ён лічыў, недалёкім, тупаватым пехацінцам.
5...
Рэйзе хутка падаўся да пад'езда вялізнага шасціпавярховага будынка. Над уваходнымі дзвярамі дома ўжо некалькі месяцаў шырока — на паўсцяны — злавесна чарнела: «General-Komissariat für Weissruthenia».
Нетынкаваная, дагляна-барвовая сцяна дома была абляпана бруднымі пісягамі камуфляжу; гэты колер — крыві і бруду — вельмі падыходзіў да ўстановы, якая кіравала ўсімі крывавымі справамі на заняволенай Беларусі.
Адразу пры ўваходзе ў Рэйзе праверылі дакументы. Ён мінуў тры пасты аховы, дзе тройчы запатрабавалі пасведчанне, тройчы абмацалі пранізліва вачыма яго зацягнутую ў ваеннае сукно прамую постаць. Такая насцярожанасць да яго, якога добра ведалі, не абражала Рзйзе: гэта быў загад Готберга — правяраць усіх. Пасля забойства Кубэ яго заступнік усюды баяўся партызан.
У прыёмнай Готберга сядзелі два генералы паліцыі. Калі ўвайшоў туды Рэйзе, абодва генералы пачціва прывіталіся з ім. Сакратарша адразу пайшла дакладваць пра яго Готбергу.
Па тым, як адносіліся да Рэйзе, адчувалася, што ён тут на асаблівым становішчы.
Рэйзе абыякава казырнуў генералам і пачаў пахаджваць па пакоі. Пахаджваць, як дома.
Читать дальше