— А ці можна дзе-небудзь далей ад ракі… Усё ж вэтэран вайны, ордэн мае…
— Ды што вы, мужчына. Мы вунь генэрала Карзо ня ведалі куды ўплішчыць. На парушэньне пайшлі: паклалі ў чужую магілу. І аркестру не было дзе стаць, і стралялі не над магілай, а ля брамаў. Ох, і намучыліся мы з тым генэралам… — тым часам у фортку ізноў заляцела пчала, зацкавана пакружляла па пакоі і неўзабаве села на вечка труны. Не адрываючы вачэй ад зумклівай нягодніцы, наглядчыца падхапіла гросбух, грукнула ім на труне і Аўдзей спалохана сьцепануўся.
Нутро Аўдзеева паныла сьцялася ў прадчуваньні жончыных дакораў (“Божухна… мужык… Усё жыцьцё адседзеў за маёй сьпінай!”), але тут жа і выпрасталася: ён згадаў, нарэшце, пра храбусткія паперкі, якія мулялі кішэнь. Заплюшчыўшы вочы, Аўдзей кінуў паперкі на стол, а калі зноў зірнуў на сьвет, грошай на стале ўжо не было. Ён падумаў было – ці ня вылецелі яны, як тая пчала, у фортку, але рашучы кабецін голас: — Падумаем! – пераканалі, што грошы паляцелі ў патрэбным кірунку.
Ён выйшаў з дамка і на поўную грудзіну ўдыхнуў паветра, адчуўшы ягоную празрыстую чысьціню. Навокал красавала акацыя, гулі пчолы, і было такое ўражаньне, што ён патрапіў у іншасьвет.
Тым часам наглядчыца гукнула нейкага Фарзуна і з-за рогу дамка выкуліўся нізенькі мужчына ў пакамечаным пінжаку і з рыдлёўкай у руках.
— Адвядзеш чалавека… да гвардзейцаў, — буркнула кабета, і Фарзун, крутнуўшыся на 90 градусаў, пашыбаваў, цьвякаючы рыдлёўкай, уздоўж магіл.
— Жонка? – спытаў Фарзун, калі яны завярнулі з алеі і пачалі прабірацца між шчыльна пастаўленых агароджаў.
— Цешча, — азваўся Аўдзей.
Адчуваньне, што ён патрапіў у нейкі дзіўны сьвет, поўны азону, птушынага пошчаку і пчалінага гуду, не мінала. Яму зусім не хацелася размаўляць. На шчасьце, далакоп больш не задаваў пытаньняў і толькі ціхенька, напаўголаса мацюкаўся, прадзіраючыся скрозь кусты, якімі былі абсаджаныя магілы. У адным месцы пругкая галіна зьдзерла з Фарзуноўскай галавы зашмальцаваны барэт, той матлянуўся ў паветры, і гэта пацешыла Аўдзея.
— Вось тут, — прамовіў, нарэшце, далакоп, спыніўшыся перад убогай, укаранаванай пахілай пірамідкай, магілай.
Аўдзей зьбянтэжана павёў вачыма. Вольнага месца навокал не было.
— Як тут… вашай цешчы… спадабаецца? – зь нецярплівасьцю запытаў Фарзун.
— Месца добрае, але ж…
Ён не дагаварыў, бо пабачыў такое, што яму сьцягнула скуру ня толькі на лобе, але й на патыліцы: Фарзун спрактыкаваным рухам выдзер з магілы пірамідку, адкінуў у бок і са здушаным крэканьнем стаў раўнаваць зь зямлёй магільны пагорак.
— Што вы робіце! – Аўдзей схапіў далакопа за рукаво, але адразу ж адпусьціў, аглушаны нязносным перагарам.
— Спакуха, шэф, ілжэмагіла. Пакінулі… — далакоп паляваў на далоні, — для паважаных людзей.
Аўдзей адступіў ад ілжэмагілы, уражана пасьміхнуўся – вось, маўляў, да чаго дадумаліся! — але тут жа сагнаў з твару недарэчную ўсьмешку. “Месца ніштаватае, жонка будзе задаволеная”, — з гэтай думкай Аўдзей азірнуўся, прыпаліў цыгарэту. Леваруч стаяла пліта шэрага граніту з надпісам “Гв. полковник Воняк Калистрат Евстафьевич”, а праваруч такі ж самы помнік, але са штучнага граніту, на якім быў выбітыя парашут і рубленыя літары: “Гвардии капитан Плешак…”
“Пашанцавала цешчы, — бязгучна, аднымі вуснамі, прашаптаў Аўдзей, — будзе спачываць між плешакамі і ванякамі”.
Калісьці, прыканцы 80-х, яны завіталі з Лабейкам на Маскоўскія клады, знайшлі магілу Ўладзімера Караткевіча, і сябрук, пабачыўшы, што вакол іхнага ўлюбёнца пахаваныя нейкія савецкія вайскоўцы, задуменна прамармытаў: “Цяжка яму тут ляжаць… поруч з акупантамі”. Міцька шмат чаго казаў такога, што людзей насьцярожвала, а то й пужала. Нездарма ім цікавіўся КГБ. Вось і на паховінах круціўся нейкі тыпус.
— Калі пахаваньне? – спытаў Фарзун, адмяраючы рыдлёўкай даўжыню магілы.
Рыдлёўка была адмысловая, з выгнутым як у дзіцячага шуфліка штыхом.
— Заўтра, — буркнуў Аўдзей, зь невядомай прычыны адчуўшы няёмкасьць.
Далакоп ужо дамалёўваў лязом штыха выцягнуты ў даўжыню прастакутнік, ды нечакана прысеў і стаў махаць рыдлёўкаю ў паветры, раз за разам паўтараючы: — Ну, с-сукі…
Аўдзей, падумаўшы, што ў Фарзуна падучка, прыхаваўся за капітанскай плітай, але тут жа перавёў дыханьне: далакоп адбіваўся ад пчол.
— Немагчыма працаваць, — буркнуў далакоп. – Пазаўчора Сазона джганулі, дык усё вока заплыло. Скотчам павека адцягнуў – так і ходзіць.
Читать дальше