Кіроўца даў газу, пайшоў на разварот, і прафэсар Гоман, працягваючы перарваную размову, з прытоеным незадавальненьнем заўважыў:
— ... Я зусім іншае хацеў сказаць: у Гэмінгуэя няма глыбіні, няма партрэту, але ёсьць галоўнае — ёсьць жывыя людзі. Вось гэтыя самыя жывыя людзі і прыйшлі ў сацрэалістычны сьвет, і разагналі тамтэйшых мерцьвякоў.
— Ну, скажам, ня ўсё, што ў нас пісалася, было мерцьвячынай, — адгукнуўся на тое рабацень, які сядзеў поруч і паліў піпку. — Я свойчас таксама паміраў ад Гэма. Але мне, як і ўсім нам, імпанавала ня гэмаўская проза, а ягоныя манеры, ягоны стыль паводзінаў...
— А вы што — асабіста ведалі Гэмінгуэя? — зь няшчырай весялосьцю выдыхнуў Гоман, — манеры і арганічны стыль пісьменьнік выявіў у сваіх героях. Значыць, яны ўсё ж такі жывыя? Ці вы схільныя дыфэрэнцыраваць герояў і саму прозу?
У гэты момант мікрааўтобус страсянула, і Лёнька Холад, сунімаючы палемічныя жарсьці, з наструненай усьмешкай прамовіў:
— Калегі, у нас два дні наперадзе.
Іван зірнуў у запушанае сьнегам вакно, перакінуўся зь Лёнькам колькімі словамі. Хацеў спытаць — ці бачыцца той са сваёй першай жонкай, але вырашыў не пытацца пры чужых людзях і, ацаніўшы кошт сябруковага кажуха й бабровай шапкі, бязгучна прашаптаў: “Сеў на гранты”.
Мікрааўтобус праехаўся па асьнежанай вуліцы, збочыў у нейкі завулак, рэзка загамаваў.
— Зараз, калегі, пасьнедаеце, а праз... — Лёнька Холад зірнуў на гадзіньнік, — сорак хвілін чакаем вас у гарадзкой бібліятэцы, — сябрук хацеў яшчэ нешта паведаміць, але Іван тузануў яго за рукаво.
— Ты ж казаў — у вашым інстытуце будзем зьбірацца.
— У інстытуце не дазволілі, — буркнуў сябрук, а прычакаўшы, калі з салёну выкуліцца пан Рыдлеўскі, мацюкнуўся на адрас рэктарату і, па-дзіцячы скрывеліўшы рот, дадаў: — З інстытутам я надоечы разьвітаўся. Перакладчыкам працую… на фірме.
Іван ужо выходзіў з салёну, але, пачуўшы такое, захрас у дзьвярах.
— Ну і як... на новым месцы?
— Потым пагамонім, — азваўся сябрук і Йван, падцягнуўшы свой і без таго куртаты палітон, скочыў у сумёт і застыў на месцы, праводзячы неспакойным позіркам белы, а таму кепска заўважны сярод сьнежнага мроіва мікрааўтобус.
У кавярні з экзатычнай назвай «Трансвааль» пахла мандарынамі і падгарэлай падліўкай. Вочы прабегліся ў пошуку вольных столікаў, наткнуліся на ўзьнятую ўгору прафэсарскую руку.
— Давай да нас! — крыкнуў Гоман, жуючы фірмовы, у чатыры пальцы таўшчыні, гамбургер.
Іван сеў, пацёр вільготныя далоні.
— Вось вы казалі пра гэмінгуэеўскі стыль, — прафэсар лыкнуў з келіху буйнапеністай “аліварыі”, — а між іншым менавіта яго ўзялі на ўзбраеньне славутыя шасьцідзясятнікі. Больш таго, стыль ягонай прозы сфармаваў сьветапогляд цэлай генэрацыі. З гэтым вы хаця б згодныя?
Рабацень таксама прыклаўся да келіху, з інтэлігенцкай павольнасьцю прамакнуў сурвэткай пенныя вусны.
— Згодны. Мы з вамі, прафэсар, з аднаго году і разам чыталі ягоныя рэчы. Аднак для мяне Гэмінгуэй — паласа жыцьця, якую я прамінуў у маладосьці, і нічога болей.
— Ага-а, значыць, была ў жыцьці такая паласа, — Гоман ляснуў штучнай сківіцай. — Прайшлі праз творчасьць Эрнэста Гэмінгуэя напрасткі. І вам свойчас спадабаўся стары Санцьяга… А вось з герояў Ганны Караваевай і Марка Коласава, што пісалі пад псэўданімам Мікалай Астроўскі, вы ў душы пацьвельвалі. Ці ня так?
— Вы, прафэсар, памыляецеся. На той час я ўжо быў разумным хлопчыкам і разумеў, што духоўная глеба выпаленая сталінскім сонцам, і што на такыры сур’ёзная літаратура ўзысьці ня можа. А таму й цьвеліць з Паўкі, ці зь іншых, падобных яму, сацыялягічных робатаў, лічыў заняткам недарэчным.
— Гэмінгуэй пакінуў за дужкамі полісэмію і апісаў жыцьцё такім, якім яно ёсьць, — падаў голас пан Рыдлеўскі, — гэтым ён нам і цікавы.
Паляк прамаўляў амаль без акцэнту, не падымаючы галавы, і Гоман з рабаценем, шматзначна пераглянуўшыся, зь зацятасьцю сталі поркацца відэльцамі ў салаце.
За ўвесь сьняданак Іван не прамовіў ні слова. Сядзеў, убіўшы вочы ў піўную бутэльку, піў гаркавы напой і з кожным лыкам усё глыбей панурваўся ў цягуткі сон прамінулых гадоў. Уваччу дрыжэў шэры змрок, потым стала сьветла — усё адно як адчынілі аканіцы, і на падлогу ўпалі касыя сонечныя промні. Унівэрсытэцкі калідор поўніўся прытоеным рэхам, мяккім шорганьнем падэшваў. Непадалёку, схаваўшы твар у матчыны рукі, плакала дзяўчына, і гэты плач нэрвовым сьвербам халадзіў нутро, і пальцы з шалёным імпэтам гарталі падручнік, і вусны штосьці няўцямна мармыталі, і чырвоныя ад бяссоньня вочы са спалохам глядзелі на аркушык паперы, што вісеў на дзьвярах: “Цішэй! Ідуць іспыты!”
Читать дальше