— Не любіць Сурміла зямлі — во чаму! Чужак ён для сялянскай справы, не ад зямлі чалавек, хоць і вучоны...
— А між іншым, Сурміла абараніў дысертацыю па аграноміі...
— Зямлю трэба не па кніжках ды дысертацыях ведаць, а любіць зямлю трэба, карэннямі ў яе ўрасці, а не так: сёння — тут, заўтра іншую знойдзе...— Заўважыў, што Радзевіч не зусім разумев яго.— Ну, што, напрыклад, будзе з Сурмілам, калі ён пусціць калгас у трубу? Чым ён рызыкуе?
— Ясна што: пакараем, прагонім...
— I на новую пасаду ўвапхнеце!
— А што, па-твойму, вешаць трэба? — іранічна ўсміхнуўся Радзевіч.
— Не вешаць, вядома... А на добры розум рабіць так: напаскудзіў — трымай адказ перад людзьмі, на радавой пасадзе змывай сваю ганьбу. А так што: чхаў ён на ўсё — радавым усё роўна не пакінеце, знойдзеце пасаду ў іншым месцы. Ноччу, як злодзей, будзе вывозіць свае мэтлахі, каб людзям у вочы не глядзець...
Радзевіч слухаў і думаў: а ў старога ёсць доля праўды. На самай справе, чаго больш за ўсё баяцца скампраметаваўшыя сябе кіраўнікі? Каб не пакінулі, не дай бог, у тым жа калектыве — самалюбства не дазваляе. Летась Ігнацюк з «Дружбы» ледзь не на каленях умольваў: куды хочаце, на любую пасаду, абы не на месцы заставацца. I ўважылі. Пашкадавалі яго светласці самалюбства. Ды хіба аднаго Ігнацюка ўважылі... А, мусіць, дарма гэта робім, дарма шкадуем. Калі аскандаліўся, хай шукае аўтарытэт там, дзе згубіў яго, хай глядзіць у вочы людзям, якіх падвёў...
— А ўвогуле ты слушную думку падказаў,— ажывіўся Радзевіч.
Кунцэвічу было прыемна, што, нягледзячы ні на што, з ім лічацца, і гэта надало ўпэўненасці, заахвоціла сказаць яшчэ больш.
— Я мяркую, павінна быць так: калі ўпрогся хто у старшынскі вазок, трэба зрабіць перш за ўсё так, каб шляхі да адступлепня адрэзаць — хай рогам варушыць, выкладваецца без астачы, не думае, што можна беспакараннa даць дзёру. Узяць таго ж Сурмілу... Хто-хто, а гэты сабе шляхі назад ого як зарэзерваваў! Так зарэзерваваў, што нават для вас, райкома, стаў недасягальны...
— Ну, што ты заладзіў: Сурміла, Сурміла! Зрабіў нейкае страшыдла, бы на Сурмілу і ўправы няма! — нечакана ўзлаваўся Радзевіч, але тут жа схамянуўся, памяркоўна сказаў: — Канечне, Сурміла не святы. Яго церці і церці трэба! Малады, гарачы, вопыту не стае, але галава не дурная,
— Я ж не кажу, што дурная. Толькі розум не ў той бок...
— Ну, і суб’ектывіст жа ты, Аляксей Сцяпанавіч! — з лёгкім дакорам сказаў Радзевіч.— Сам жа ведаеш: у Сурмілы ёсць усё, каб стаць добрым гаспадаром. Памочнік яму талковы патрэбны. Во і памагай! Зробім праваю рукою, мо сакратаром партбюро рэкамендуем. Кіраўнік — галава, партыйны сакратар — душа калектыву...
— Не такая, як я, Сурмілу душа патрэбна, не-е...
— А якая?
— Каб у пятках сядзела, як Клімовіч...— горка ўсміхнуўся Кунцэвіч і рашыў да канца гнуць сваё, не паддавацца, ухіляцца ад прыкрай тэмы, якую навязваў яму Радзевіч. — I не такі малакасос гэты Сурміла, як вы кажаце. Чалавеку за трыццаць пяць, лысіна ва ўсю галаву, а вы ўсё ў маладых, нявопытных трымаеце. Ды ў яго гады людзі франтамі кіравалі, як, напрыклад, Чарняхоўскі, Іван Данілавіч. У яго гады Пушкін стаў Пушкіным. Ці вазьміце Цярэшку... Во, і аддайце нам Цярэшку, а?
Радзевіч задумаўся, і Аляксей Сцяпанавіч глядзеў на яго з надзеяй, амаль умольна.
— Не-е, Аляксей Сцяпанавіч! Цярэшка на месцы, і аб’ядноўваем вас не з Цярэшкам, а з Сурмілам — сам разумеет... Цярэшка, сапраўды, харошы, з галавою гаспадар. Дзякуй табе за яго. А цяпер, Аляксей Сцяпанавіч, вазьміся, выпраўляй Сурмілу, памажы яму стаць на ногі. Ад нас будзеш мець самую моцную падтрымку...
— Крывое ды дзіравае выпраўляць цяжка...— расчаравана ўздыхнуў Кунцэвіч.— Надта ж я ведаю Сурмілу, каб можна было спадзявацца на яго выпраўленне, даверыць што важнае яму...
— I адкуль жа ты яго ведаеш так? — недаверліва паглядзеў Радзевіч. Яму чамусьці было дужа непрыемна, што Купцэвіч ніводнага добрага слова не хоча сказаць пра Сурмілу, сам толкам не ведаў, чаму гэта так кранае, проста было нейкае неасэнсаванае, цьмянае адчуванне, быццам, гаворачы толькі благое пра Сурмілу, Кунцэвіч кідае каменьчыкі ў яго, Радзевічаў, агарод. Што гэта атрымоўваецца? Атрымоўваецца, што Сурмілу ўсе ведалі, апроч яго, першага сакратара! Лазовік ведаў, Антоненка ведаў, Купцэвіч ведае, мо нават сакратарка з прыёмнай ведала. Усе вакол аналітыкі, празарліўцы, адзін ён, выяўляецца, быў сляпым, лапавухім дурнем... Во дажыўся!
— То адкуль жа ты яго ведаеш?
— Сусед пра суседа заўжды больш знае, чым той здагадваецца...— ухіліста, трохі зацята адказаў Кунцэвіч.
Читать дальше