Вясною даводзіцца заканчваць...
I памяць падсунула, памяць нечакана для самога сябе падсунула тую насцярожаную, трывожную вясну 1949 года...
Заходнія вобласці Беларусі ўваходзілі ў новую гістарычную паласу, якая карэнным чынам ламала, мяняла спрадвечны сялянскі побыт. Пачыналася калектывізацыя. Людзі толькі што вылезлі з зямлянак, сталі абжывацца, залечваць раны вайны, і будучае хвалявала, трывожыла кожнага. У вёсках амаль штовечар збіралі сходкі, моўчкі выслухоўвалі аратараў з раёна, з вобласці, ніхто ім не пярэчыў, але і падаваць заявы ў калгас не спяшаліся: маўляў, пажывём — пабачым, і чаго, чаму я першы палезу? Пра калгасы хадзілі розныя жахі. Распускалі іх і свае, хто быў больш заможны, і нейкія задрыпанцы, што бадзяліся ў той час па вёсках. Людзі вагаліся: паслухаеш прамоўцу з раёна ці вобласці — адно, паслухаеш, што сарока на хвасце прынесла,— зусім іншае. Бібліятэкарка прывезла з раёна прыпеўкі пра стопудовы ўраджай, і гэтыя прыпеўкі прыйшліся даспадобы дзяўчатам. А праз дзень на танцах, калі чамусьці патухла лямпа, нехта не сваім голасам праспяваў:
A-а самалёт ляці-іць,
Ды збоку фортачка...
Назаўтра гэтую прыпеўку ведала ўся веска, хоць спяваць уголас ніхто не адважваўся.
Яны з Ананасам Бакуном толькі што вярнуліся з арміі — пры ордэнах, медалях, з ранняй сівізной у чупрынах, але маладыя, пабачыўшыя свет, поўныя сіл і энергіі, гатовыя зямлю перавярнуць...
Калі гэта было! А здаецца — толькі ўчора... Нават яшчэ тыя галасы выразна гучаць у вушах. Чвэрць стагоддзя... I, мабыць, першы раз у жыцці так цвяроза і жорстка кальнула думка: а ўсё ж як хутка бяжыць час, як мала адведзена чалавеку! I няма калі за рознымі клопатамі заўважаць, як згараюць, бы свечка, хвіліны, гадзіны, дні, месяцы, гады... Толькі сяды-тады смутна ўяўляеш, што будзе некалі канец, але ўсё гэта ўспрымаецца як далёкая-далёкая перспектыва, нават нерэальнасць... Пакуль не ўдараць між вушэй, як ударылі сёння: пара саступаць, стары корч, кончыўся твой ліміт... Та-ак, адыходзім пакрысе... Што ж, гэтак было да нас, гэтак ёсць, гэтак будзе, ніхто не можа стаць над часам, адны — раней, другія — пазней, але ўсё роўна... А ўзяць Ананаса... Ужо ледзьве клёвае Апанас, Апанас, якому, здавалася, не будзе зносу. Эх, Апанас, Апанас! Спета наша з табой песенька... А памятаеш? Канечне, памятае... Такое не забываецца...
I раптам да болю шчымліва прыгадалася такое далёкае і такое блізкае галоднае, зрэбнае маленства, юнацтва, але памяць чамусьці толькі слізганула па іх, упёршыся ў той дзень, той ранак...
Дзень абяцаў быць гарачым, бязветраным. Пазней звычайнага прыгналі з начлегу коней — нядзеля, а ўдзень не выпусціш, сцінаюць авадні. I ніхто, вядома, не надаваў значэння выбухам, што чуліся недзе ўдалечыні,— думалі, як звычайна, ірвуць карчы. А потым у небе з’явіліся самалёты. Самалёты над Забор’ем былі не навіна — кіламетраў за пяцьдзесят, ля райцэнтра, аэрадром, і самалёты часта лёталі над вёскай, да іх прывыклі, і ніхто апроч блазнюкоў, не зважаў на іх. На гэты раз гул быў нейкі нязвыклы, незнаёмы, і, калі самалёты падляцелі бліжэй, усе, хто быў на дварэ, здзіўлена ўбачылі, што гэта нейкія іншыя самалёты — з белымі крыжамі на крылах і незразумелымі загагулінамі на хвасце. Стаялі, пазадзіраўшы галовы, дзівуючыся і нічога не разумеючы. Калі самалёты ўжо мінулі вёску, адзін раптам стаў паварочваць назад, нібы што забыўшы. Зрабіўшы разварот, нечакана клюнуў уніз — і на яго рыльцы заскакалі чырвоныя іскаркі. Перш чым здагадаліся, што ён страляе, убачылі, як задымеў Лявона Клыпатага хлеў. «Крыжак» праляцеў над самымі стрэхамі, задраў рыла і, праціўна завываючы, палез уверх. Потым лёг на крыло, робячы разварот, і зноў, бы па слізкай горцы, пайшоў уніз, запырскаўшы чырвонымі іскрамі.
— Падай па зямлю! — загадаў Мікалай — старэйшы Апанасаў брат.
Яны з Апанасам яшчэ нічога толкам не разумелі, але падначаліліся Мікалаеваму загаду — ніцма пападалі ля плота. Сам Мікалай не ўпаў, а схаваўся за шула і адтуль назіраў за самалётам. У канцы вёскі бабухнула, што аж задрыжалі шыбы. Да хлопцаў яшчэ не даходзіў сэнс усяго, што адбываецца. Не было нават страху, была адна цікаўнасць — паўскоквалі, прыкрыўшы далонямі вочы ад сонца, глядзелі на дзіўны самалёт, намагаючыся разгледзець лётчыка. «Крыжак» тым часам, набраўшы вышыню, пачаў рабіць новы разварот. Аж раптам адкуль ні вазьміся — знаёмы і звыклы маленькі тупаносы «ястрабок» з чырвонымі зоркамі на крылах. Ён адразу ж насеў на «крыжака», смела і задзірліва. Той адразу ж, было відаць, спалохаўся, кідаўся то ўлева, то ўправа, а «ястрабок» не адпускаў яго. I не паспелі яны што-небудзь сцяміць, як ад «крыжака» пацягнуўся чорны хвост. Самалёт губляў вышыню, неўзабаве ад яго аддзялілася нейкая чорная кропка, і праз хвіліну ў небе павіс парашут. Самалёт тым часам, цягнучы за сабою яшчэ больш густы чорны хвост, цяжка праляцеў да ляска, знік за дрэвамі, і адразу ж адтуль пачуўся выбух і пацягнуўся слуп дыму. Мікалай, Апанас, Аляксей, а за імі ўся вясковая блазнота кінуліся на поплаў, куды сядаў парашут. Яго стала зносіць ветрам на жыта, і калі прыбеглі туды, парашутыст ляжаў і ніяк не мог выблытацца з вяровак і сцяблін. Убачыўшы іх, стаў лапатаць нешта не па-пашаму, усё намагаўся і ніяк не мог з-за вяровак дацягнуцца да кабуры, што вісела ў яго збоку на поясе...
Читать дальше