— Не ведаю...— разгубіўся Лазовік, хацеў схлусіць, але не змог.— Пэўна, Сурмілу. А вас — да яго намеснікам...
Кунцэвіч адразу ж пазмрачнеў, замоўк зацята. Вочы яго патухлі, зрабіліся абыякавымі, пустымі, але праз хвіліну ажылі зноў, сталі недаверлівымі, іранічнымі.
— Дзякую за клопат. Але няўжо вы не падумалі, што не пайду я да Сурмілы ў намеснікі.
— Чаму? — няўцямна павёў плячыма Лазовік, ці то здзівіўшыся, ці то спалохаўшыся.
Кунцэвіч глянуў на яго, нібы кажучы: як можна не разумець такіх простых рэчаў? I, угледзеўшы, што той і на самай справе нічога не разумев, усміхнуўся горка:
— Як я людзям у вочы глядзець буду, калі ўступлю Ў хаўрус з Сурмілам, вазьмуся развальваць усё, што ствараў разам з людзьмі? Сурмілу-то што: без пасады не пакінеце, на самы горшы выпадак — матане ў горад вучыць студэнтаў. А мне што загадаеш? За ім у дворнікі? Не-е браце мой, мне не так многа жыць засталося, каб уступаць у хаўрус з Сурмілам...— Уздыхнуў самотна, надоўга замоўк, потым схамянуўся, махнуўшы рукой, амаль весела сказаў: — Ат, давай не будзем пра гэта! Не пра тое зараз у мяне клопат...
— А пра што? — неяк недарэчна вырвалася ў Лазовіка.
Кунцэвіч паціснуў плячыма, заклапочана паглядзеў на гадзіннік, насмешліва і трохі адчужана сказаў:
— Каб не спазніцца на аўтобус — во што зараз мяне хвалюе...— У яго голасе была горыч і, здаецца, нават крыўда.— Мне пара, Іван...
— А хіба вы без машыны?
— Адправіў... Тут на базе сёе-тое дастаў...— неахвотна адказаў Кунцэвіч. Ён ніколі не любіў расказваць пра свае візіты ў «Сельгастэхніку», але ні для каго ў раёне не было сакрэту: калі ўжо Кунцэвіч заявіцца на базу, то з пустымі рукамі назад не паедзе — хоць якія шрубкі, толкам не ведаючы, навошта яны яму, але ўсё роўна нешта выцыганіць. Пра яго набегі на «Сельгастэхніку» ледзь не анекдоты расказваюць...
Вось і кончыліся твае візіты, твае вясёлыя гісторыі, Аляксей Сцяпанавіч. Сёння быў апошні. Хто-хто, а кіраўнікі «Сельгастэхнікі», пэўна, парадуюцца, што не стане такога дакучлівага кліента. Але што ні кажы, а нешта збяднее, паблекне ў раёне без Кунцэвіча... Нейкае шчымліва-жаласлівае пачуццё варухнулася ў Лазовікавай душы.
— Я вас давязу.
— Ну да! — адмахнуўся Кунцэвіч.— «Волгу» гнаць блізкі свет па такой рэсквасі! Аўтобусам даеду — не велiкі пан.
— Нічога-нічога! — рашуча запратэставаў Лазовік.— Хай трохі пратрасецца шафёр — увесь дзень у «казла» пралупіў.
— Глядзі, як хочаш...— абыякава згадзіўся Кунцэвіч.— То калі так, скажы шафёру — паедзем, каб завідна вярнуўся...
— Я вас правяду...— нечакана для сябе прапанаваў Лазовік і, нечага саромеючыся, схлусіў: — Мне якраз у «Светлы шлях» заскочыць на хвілінку трэба.
— Як хочаш...— паціснуў плячыма Кунцэвіч. Яму дужа не хацелася гэтага праважання.
Лазовік пазваніў у гараж, і шафёр не прымусіў сябе чакаць — праз хвіліну пасігналіў, даючы знаць, што ён гатовы.
Моўчкі сталі збірацца на выхад.
— Вы хоць паабедалі? — успомніў Лазовік і, зразумеўшы, што стары без абеду, прапанаваў: — Мо заскочым да мяне, перахопім чаго?
— Нешта не хочацца... Давай паедзем...
Лазовік таксама застаўся без абеду і цяпер адчуваў асабліва востра, што кішкі граюць марш, аднак не рашыўся настойваць — старому і на самай справе зараз не да яды.
Выехалі за горад. Кунцэвіч сядзеў засяроджаны, хмуры, невідушча гледзячы ў акно, на пытанні адказваў коратка, адназначна, без ахвоты, і Лазовік рашыў не назаляць яму — хай думае, а сам пачынаў шкадаваць, што ўблытаўся ў гэтыя провады. Хоць... хоць, шчыра кажучы, ён не мог гэтак проста справадзіць Кунцэвіча... А чаму не мог? Захацеў паспачуваць, паддобрыцца, згладзіць сваю віну, думаў з прыкрасцю Лазовік. Патрэбна Кунцэвічу тваё спачуванне, як брычцы пятае кола!.. Старому хочацца пабыць сам-насам, без дакучлівых субяседнікаў і спачувальнікаў. Ён нават не хавае гэтага. Хай бы сабе ехаў з Эдзікам. Эдзік маўчыць, як рыба, калі за рулём,— слова з яго не выціснеш...
Сонца хілілася к заходу. Над голымі чорнымі дрэвамі насіліся гракі, і нават шум матора, вібрацыя ў кузаве не маглі заглушыць іх ашалела-радасныя галасы.
Кунцэвіч самотна глядзеў на палі, нібы развітваўся з імі, развітваўся са знаёмаю, тысячы раз езджанаю дарогаю, з усім, чым жыў, што турбавала, непакоіла яго ўсе гэтыя дваццаць пяць гадоў. На душы было па-ўрачыстаму спакойна і тужліва... Не думаў, што гэта будзе вясною... Вясною адольваюць заўжды новыя клопаты, новыя справы, вясною ніколі не думаецца пра хуткаплыннасць часу, пра тое, што на свеце няма нічога вечнага, бясконцага. На такія думкі вясною проста не хапае часу. Што ж, вясною пачынаў, вясною і даводзіцца заканчваць.
Читать дальше