Адзiная невялiкая зацяжка спрычынiлася юрыдычнай перапалкай з мэрыяй Драгiньяна, у падпарадкаваннi якое была Ля Напуль, i парламентам у Эксе, бо i Драгiньян i Экс прагнулi перахапiць працэс сабе. Але граскiя суддзi не далiся. Яны i нiхто iншы схапiлi зачынеца, у сферы iх юрысдыкцыi была ўчынена пераважная бальшыня забойстваў, i iм пагражаў выбух народнага гневу, калi б яны перадалi забойцу iншаму суду. Яго кроў павiнна была пралiцца ў Грасе.
15 красавiка 1766 года вырак быў ввынесены i зачытаны абвiнавачанаму ў ягонай камеры. "Чаляднiк парфумнiка Жан-Батыст Грануй, павiнен быць на працягу сарака васьмi гадзiн выведзены за заставу Дзю-Кур i там, тварам да неба, прывязаны да драўлянага крыжа i яму будзе нанесена дванаццаць удараў жалезным дручком па жывым целе, аж удары гэтыя раздробяць яму суглобы рук, ног, клубоў i плячэй, пасля чаго ён застанецца прыкручаны да крыжа да яго смерцi". Гэтым разам кату было катэгарычна забаронена рабiць злачынцу звычайны акт лiтасцi -- задушэнне нiткай пасля раздраблення суглобаў,-- нават калi перадсмяротныя пакуты зацягнуцца на некалькi дзён. Потым труп належала закапаць на гiцлёўнi, а месца не пазначаць.
Грануй нiяк не зрэагаваў на вырак. Судовец спытаўся, цi ёсць у яго апошняе жаданне. "Няма",-- сказаў Грануй; у яго было ўсё, што трэба.
У камеру ўвайшоў святар паспавядаць Грануя, але ўжо праз чвэрць гадзiны выйшаў, не выканаўшы сваёй мiсii. Засуджаны пры ўпамiне iмя Госпада зiрнуў на яго абсалютна адсутна, нiбы толькi што пачуў гэтае iмя першы раз, а потым выцягнуўся на нарах, каб тут жа i заснуць. Далейшыя ўмаўленнi, сказаў святар, не мелi б нiякага сэнсу.
Усе два наступныя днi прыходзiла шмат людзей паглядзець на славутага забойцу зблiзку. Варта дазволiла iм заглянуць у камеру праз вочка, i за кожны загляд брала па шэсць сольдзi. Адзiн гравёр па медзi, якi хацеў зрабiць накiд, заплацiў аж шэсць франкаў. Але рысунак, бадай, расчараваў. Заключоны, прыкаваны ланцугамi за запясцi i шчыкалаткi, увесь час ляжаў на нарах i спаў. Ён адвярнуўся тварам да сцяны i не рэагаваў нi на стук, нi на воклiчы. Заходзiць у камеру наведнiкам строга забаранiлi, i вартавыя, нягледзячы на спаккуслiвыя прапановы, не адважвалiся парушыць забарону. Баялiся, што вязня можа раней часу забiць хто-небудзь з блiзкiх ягоных ахвяр. З гэтай самай прычыны яму не перадавалi ад наведнiкаў i ежы. Яна магла быць атручаная.
Увесь час, пакуль Грануй быў у турме, ежу яму падавалi з кухнi для чэлядзi з бiскупскага палаца, i галоўны наглядчык абавязаны быў здымаць з яе пробу. Зрэшты апошнiя два днi ён наогул не еў. Ён ляжаў i спаў. Час ад часу ланцугi ягоныя падзынквалi, i калi вартавы кiдаўся да вочка, ён паспяваў убачыць, што Грануй рабiў глыток з пляшкi з вадой, зноў валiўся на нары i засынаў. Здавалася, што чалавек гэты аж так стамiўся ад свайго жыцця, што не хоча пачуваць нават апошнiя яе гадзiны.
Тым часм лобнае месца каля заставы Дзю-Кур падрыхтвалi да экзекуцыi. Цеслi збiлi эшафот двухметровай вышынi, з трохметровымi бакамi памоста, з парэнчамi i трымкай лесвiцай -- такога выдатнага ў Грасе яшчэ нiколi не было. Апрача таго яны зрабiлi драўляную трыбуну ганаровым гасцям i агароджу, каб трымаць на адлегласцi просты люд. Месцы каля вокан у дамах злева i справа ад заставы Дзю-Кур i ў будынку гарадской варты даўно былi здадзены ў найму па шалёных цэнах. Нават у багадзельнi, што крыху наўскасяк, падручны ката зняў на час у хворых iх пакоi i з вялiкай выгодай пераздаў iх цiкаўнiкам кары. Прадаўцы лiманаду збанкамi запасалiся лакрычнай вадой, гравёр адцiснуў некалькi сотняў экземпляраў партрэта забойцы, зробленага ў турме i даволi прыхарошанага палётам фантазii, вандроўныя гандляры тузiнамi сцякалiся ў горад, кухары пяклi памятныя пернiкi.
Кат, мсье Папон, якому ўжо шмат гадоў не даводзiлася адпраўляць абрад рытуалу раздраблення суглобаў, заказаў у каваля цяжкi жалезны прэнт i хадзiў з iсм на бойню папрактыкавацца на ўдарах па трупах жывёлы. Ён меў права даць толькi дванаццаць удараў, i гэтымi дванаццаццю ўдарамi павiнны былi быць напэўна раздробленыя дванаццаць суглобаў, але пры гэтым не пашкоджаны каштоўныя часткi цела, напрыклад, грудзi альбо галава -- складаная задача, якая патрабавала вялiкай чуйнасцi ў пальцах.
Жыхары горада рыхтавалiся да гэтай падзеi як да ўрачыстага свята. Тое, што дзень будзе выхадны, разумелася само сабою. Жанчыны нагладжвалi свае нядзельныя строi, мужчыны выпыльвалi сурдуты i курткi i да бляску ваксавалi боты. Хто меў ваенны чын альбо займаў пасаду, быў цэхавым майстрам, адвакатам, натарыусам, галавой брацтва цi яшчэ чымсьцi значным, надзяваў мундзiр альбо мантыю, ордэны, шалiкi, ланцугi i белы як вапна пудраны парык. Вернiкi спадзявалiяся* post festum* сабрацца ў царкве на набажэнства, паклоннiкi сатаны -- наладзiць пышную падзякавальную мшу Люцыпару, адукаванае магнацтва -- выправiцца на магнетычныя сеансы ў гатэлi Кабры, Вiльнева i Фонтмiшэля. А на кухнях напропадзь пяклi, смажылi i пражылi, са скляпоў зносiлi вiно, з рынкаў -- кветкi на акрасу сталоў, у саборы праходзiлi папярэднiя экзерсiсы арганiст i царкоўны хор.
Читать дальше