Летась, у часы забойстваў, ён яшчэ не адчуваў у сабе такога фатальнага змагання. Чарадзейская ўлада, якую тады мела над iм ягоная дачка,-- так яму, прынамсi, здавалася -- была яшчэ чароўнай уладаю дзяцiнства. I таму ён нiколi сур'ёзна не апасаўся, што Лаўра стане ахвярай забойцы, якi, як было вядома, не нападаў нi на дзяцей, нi на жанчын, а выключна на дарослых дзяўчат, якiя яшчэ не страцiлi нявiннасцi. Усе ж ён павялiчыў ахову свайго дома, загадаў паставiць новыя рашоткi на вокнах верхняга паверха i загадаў пакаёўцы начаваць у спальнi Лаўры. Але думка пра тое, каб выслаць яе з горада, як гэта зрабiлi з сваiмi дочкаммi, i нават з цэлымi сем'ямi, яго таварышы па саслоўi, была яму нязносная. Ён лiчыў такiя паводзiны ганебнымi i нягоднымi члена Рады i Другога консула, якi, на яго думку, абавязаны даваць грамадзянам прыклад стрыманасцi, мужнасцi i непахiснасцi. Апрача таго ён быў чалавек, якому нiхто не мае права навязваць свае рашэннi -- нi ахоплены панiкай натоўп, нi тым болей адзiн-адзiны ананiмны падонак-злачынец. I ўвесь гэты жудасны час ён быў адзiн з нямногiх у горадзе, хто не паддаўся лiхаманцы страху i меў ясную галаву. Але на дзiва ўсё гэта цяпер перамянiлася. У той час, як людзi на вулiцах, быццам яны ўжо павесiлi забойцу, святкавалi канец ягоных зладзействаў i амаль забылi той нядобры час, у сэрца Антуана Рышы, як нейкi гiдотны яд, пранiк страх. Спачатку ён не хацеў дапускаць, што менавiта страх прымушаў яго адкладваць даўно наспелыя паездкi, радзей выходзiць у горад, скарачаць вiзiты i нарады, толькi каб хутчэй вярнуцца. Ён доўга апраўдваўся перад самiм сабой спасылкамi на занятасць i стомленасць, але нарэшце рашыў, што крыху заклапочаны, як быў бы заклапочаны на ягоным месцы кожны бацька, якi мае дачку-нявесту, бо такая заклапочанасць -- справа жыцейская... Хiба не разнеслася ўжо па свеце слава пра яе прыгажосць? Хiба не выцягваюцца ўсе шыi, калi ў нядзелю ўваходзiш з ёю ў царкву? Хiба некаторыя паны ў Радзе ўжо не намякалi на магчымае сватанне ад свайго iмя або ад iмя сваiх сыноў?..
42
Але аднаго разу ў сакавiку Рышы сядзеў у гасцёўнi i бачыў, як Лаўра выйшла ў сад. На ёй была сiняя сукенка, па якой рассыпалiся яе рыжыя валасы; яны iскрылiся на сонцы, нiколi ён не бачыў яе такою прыгожаю. Яна знiкла за жывой агароджаю i паявiлася з-за яе, можа, на два стукi сэрца пазней, чым ён чакаў,-- i ён смяротна спалохаўся, бо падчас гэтых двух стукаў сэрца думаў, што страцiў яе назаўсёды.
Тае ж самае ночы ён прачнуўся ад страшнага сну, якога ўжо не памятаў, але сон быў звязаны з Лаўрай, i ён кiнуўся ў яе пакой, пэўны, што знойдзе яе ў ложку мёртвай, забiтай, апаганенай i астрыжанай,-- але знайшоў яе цэлую i жывенькую.
Ён вярнуўся ў сваю спальню, увесь мокры ад поту, дрыжаў ад узбуджэння, не, не ад узбуджэння, а ад страху, цяпер ён нарэшце прызнаўся сабе ў гэтым, ён супакоiўся,i ў галаве ў яго прасвятлiлася. Калi гаварыць шчыра, дык ён з самага пачатку не верыў у дзейснасць бiскупскпй анафемы; не верыў i ў тое, што цяпер забойца закручвае ў Граноблi; i ў тое, што ён наогул пакiнуў горад. Не, ён яшчэ жыў тут, сярод жыхароў Граса, i калi-небудзь зноў ударыць. У жнiўнi i вераснi Рышы агледзеў некаторых забiтых дзяўчат. Вiдовiшча гэтае жахнула яго i, трэба прызнацца, разам з тым i захапiла, бо ўсе яны, i кожная на свой лад, былi неверагодна прыгожыя. Нiколi б ён не падумаў, што ў Грасе столькi неацэненай красы. Забойца адкрыў яму вочы. У забойцы быў вытанчаны густ. I дзейнiчаў ён па сiстэме. Мала таго, што ўсе забойствы былi ўчынены аднолькава акуратна, сам выбар ахвяр выдаваў амаль матэматычны разлiк. Праўда, Рышы не ведаў, чаго, уласна кажучы, забойца хацеў ад сваiх ахвяр, бо галоўнае iх багацце -- прыгажосць i чары маладосцi -- ён не крануў... цi, то-бок, усё-такi?.. У кожным разе, як нi абсурдна гэта гучыць, здавалася, што мэта забойства не разбурэнне, а ашчадлiвае калекцыянаванне. Калi, напрыклад, разважаў Рышы, уявiць сабе ўсе ахвяры не як асобныя iндывiды, а як частку нейкага вышэйшага прынцыпу i iдэалiстычна змыслiць iх такiя розныя ўласцiвасцi злiтымi ў адно цэлае, дык малюнак, складзены з такой мазаiкi, быў бы ўвогуле малюнкам прыгажосцi, i чарадзейства яго мела б не чалавечую, а боскую ўладу. (Як мы бачым, Рышы быў адукаваны i мазгавiты чалавек, якi ў страху не цураўся нават блюзнерчых высноваў, хоць ён мыслiў не ў нюхальных, а ў аптычных катэгорыях, ён усё-такi быў даволi блiзкi да праўды./
Дапусцiм, разважаў далей Рышы, забойца такi калекцыянер прыгажосцi i працуе над партрэтам Дасканальства, хай нават гэта толькi фантазiя яго хворага мозгу; дапусцiм далей, што ён чалавек найвышэйшага густу i скрупулёзна метадычны, што на самай справе даволi верагодна, тады нельга думаць, што ён адмовiцца ад найкаштоўнейшага будаўнiчага каменя для гэтага патрэта, якi толькi можна знайсцi на зямлi,-- ад прыгажосцi Лаўры. Уся пiрамiда забойстваў нiчога не вартая без яе. Яна была каменем, якi ўвенчвае ўвесь будынак.
Читать дальше