Ёсць пахi, якiя трымаюцца дзесяцiгоддзi. Сундук, нашараваны мускусам, кавалак скуры, прапiтаны карынкавым алеем, камячок амбры, шкатулка з кедровага дрэва у нюхальным сэнсе жывуць амаль вечна. А iншыя -- лiмерынавы алей, бергамот, экстракты нарцыса i туберозы i многiя кветкавыя пахi -- выдыхаюцца ўжо праз некалькi гадзiн, калi выставiць iх на паветра у чыстым выглядзе. Парфумнiк змагаецца з гэтай фатальнасцю, звязваючы лiшнiя лятучыя пахi --устойлiвымi, як бы накладваючы на iх кайданы не шчыльна, а як бы даючы пэўную свабоду звязанаму паху, але ўсё-такi трымаючы яго дастаткова блiзка, каб ён не мог уцячы. Гэты выкрунтас двойчы выдатна ўдаваўся Граную з туберозавм алеем, эфемерны пах якога ён скаваў малюсенькай долькаю цыбетыну, ванiлi, лабдануму i кiпарысу i менавiта тым выявiў яго чароўнасць. Цi нельга зрабiць нешта падобнае i з пахам дзяўчыны? Хiба абавязкова трэба марнаваць каштоўны пах, самы крохкi пах, ужываючы яго ў чыстым выглядзе? Недарэчна! Жахлiва бяздарна! Хiба алмазы пакiдаюць без агранкi? Хiба золата носяць на шыi сммародкамi? Няўжо ён, Грануй,-- усяго толькi прымiтыўны рабаўнiк пахаў накшталт Друо i iншых мацаратараў, дыстылятараў i выцiскальнiкаў кветак? Цi не ён -- самы вялiкi парфумнiк у свеце?
Ён стукнуў сябе па лобе ад прыкрасцi, што не даўмеўся да гэтага раней. Канечне, гэты адзiны ў сваiм родзе пах нельга ўжываць у натуральным выглядўзе. Яму, як каштоўнаму каменю, патрэбна аправа. Ён вычаканiць араматычную дыядэму,i ягоны водар будзе ззяць у iм на самым версе, адначасова i ўплецены ў iншыя пахi, i ўзнесены над iмi. Ён зробiць парфуму паводле ўсiх правiлаў мастацтва, i пах дзяўчыны з па-за мура будзе яе сэрцам. Зразумела, дзеля аранжыроўкi, дзеля апорнай сярэдняй ноты, дзеля завастрэння i фiксацыi гучання не падыходзiць нi мускус, нi цыбетын, нi ружовы алей, нi амбра, гэта ясна. На такую парфуму, на такую чалавечую духмянасць яму патрэбныя iншыя iнгрэдыенты.
40
У маi таго ж самага года на ружавым палетку, на паўдарозе ад мястэчка Апiё, што на ўсход ад Граса, быў знойдзены голы труп пятнаццацiгадовай дзяўчыны. Яна была забiтая ўдарам дубiнкi па патылiцы. Селянiн, якi напароўся на труп, быў так уражаны жахлiвай знаходкай, што ледзь не навёў падазрэнняў на самога сябе, калi дрыготкiм голасам расказаў лейтэнанту палiцыi, што нiколi яшчэ не бачыў такой прыгажосцi -- хоць, у сутнасцi, ён хацеў сказаць, што нiколi яшчэ не бачыў нiчога страшнейшага.
Дзяўчына й праўда была чароўна прыгожая. Яна была з таго раскошнага тыпу жанчын, якiя нагадваюць цёмны мёд, густы i салодкi i незвычайна цягучы; якiя адным плаўным рухам, адным паваротам галавы, адным павольным, як узмах бiча, позiркам завалодваюць прастораю i пры гэтым спакойна стаяць у цэнтры вiра, быццам не ўсведамляючы сiлы прыцягнення, з якою яны вабяць пачуццi i душы як мужчын, так i жанчын. А яна была маладая, у пары сталення, чароўнасць яе тыпу яшчэ не дасягнула дасканаласцi. Яе раскошныя формы былi яшчэ тугiя i гладкiя, грудзi пругкiя, а пласкаваты твар, акаймаваны чорнымi валасамi, яшчэ захоўваў далiкатныя абрысы i таямнiчую няпэўнасць рысаў. Зрэшты, самых валасоў не было. Забойца абстрыг iх i забраў, гэтак сама i вопратку.
Падазрэнне ўпала на цыганоў. Ад цыганоў можна было чакаць чаго хоч. Цыганы, як вядома, ткалi кiлiмы са старое вопраткi i набiвалi падушкi чалавечым воласам, i рабiлi маленькiя лялькi са скуры i зубоў шыбенiкаў. Такое вычварнае злачынства магло быць толькi цыганскiм, бо чыё ж яшчэ. Але, як нi дзiўна, нiякiх цыганоў паблiзу не было i ў заводзе, не вадзiлася нiдзе ў наваколлi, апошнi раз яны качавалi тут у снежнi.
Як што нiякiх цыганоў не было, пачалi думаць на iтальянскiх парабкоў-сезоннiкаў. Iтальянцаў, праўда, не было таксама, так рана яны не наязджалi, яны будуць наймацца на збор язмену толькi ў чэрвенi, значыцца, якiя ж гэта вам iтальянцы. Нарэшце пад падазрэнне трапiлi цырульнiкi, якiх абшукалi, каб знайсцi валасы забiтай дзяўчыны. Пустое. Потым западозрылi яўрэяў, потым нiбыта пажадлiвых братоў бенедыктынскага кляштара -- хоць усiм манахам было ўжо далёка за семдзесят, потым цыстарыянцаў, потым франкмасонаў, потым вар'ятаў з лякарнi, потым вугальшчыкаў, потым жабракоў i нават амаральных арыстакратаў, асаблiва маркiза дэ Кабры, бо той ужо трэцi раз ажанiўся, ладзiў, як казалi, у сваiх сутарэннях аргiястычныя дзействы i пры гэтым жлукцiў кроў нявiннiц, каб падвысiць сваю мужчынскую дастойнасць. Праўда, нiчога канкрэтнага давесцi не ўдалося. Нiхто не быў сведкам забойства, нi вопраткi, нi валасоў мёртвай не знайшлi. Праз некалькi тыдняў лейтэнант палiцыi спынiў следства.
Читать дальше