Бываюць людзi, якiя шукаюць адзiноты: пакайныя грэшнiкi, няўдахi, святыя або прарокi. Яны любяць сыходзiць у пустэльню, дзе кормяцца акрыдамi i дзiкiм мёдам. Некаторыя нават жывуць у пячорах i цяснiнах на пустэльных выспах або сядзяць -- крыху з какецтвам -- у клетках, падвешаных на галлi або ўмацаваных на слупах. Яны робяць гэта дзеля таго, каб наблiзiцца да Бога. Адзiнота патрэбна iм для знемажэння плоцi i пакаяння. Яны так робяць, бо перакананыя, што такое жыццё -- богаспадобнае. Або ж яны месяцамi i гадамi чакаюць, што ў адзiноце iм будзе паслана божае адкрыццё, каб яны без адкладу прадалi яго людзям.
Нiчога такога не было ў Грануя. Пра Бога ён не меў нiякага ўяўлення. Ён не каяўся i не чакаў нiякага адкрыцця згары. Ён пакiнуў людзей толькi дзеля сваёй асалоды, толькi на тое, каб быць блiзка да самога сябе. Ён купаўся ў сваiм, нi на што не скiрваным iснаваннi i лiчыў, што гэта цудоўна. Як труп, ляжаў ён у каменным склепе, амаль не дыхаў, амаль не чуў стуку свайго сэрца -- i ўсё-такi жыў такiм iнтэнсiўным i пепракручаным жыццём, як нiхто iншы ў свеце.
26
Арэнай гэтых перакрутак была -- а як жа ж бо iнакш -- ягоная ўнутраная iмперыя, куды ён з самага нараджэння закопваў абрысы ўсiх пахаў, чутых iм хоць раз. Каб наладзiцца, ён спярша выклiкаў з памяцi самыя раннiя, самыя далёкiя з iх: варожыя душныя выпарэннi спальнi мадам Гаяр; смурод высахлай скуры яе рук; воцатна-кiслае дыханне патэра Тэр'е, iстэрычны, гарачы мацярынскi пот кармiцелькi Бюсi, трупны потых Могiлак нявiнных, забойчы пах сваёй мацi. I ўпiваўся агiдаю i нянавiсцю, i ў яго валасы ўставалi ад салодкай вусцiшнасцi.
Часам гэты аперытыў мярзоты быў недастатковы, i каб разагнацца, ён дазваляў сабе невялiкi нюхальны экскурс да Грымаля i частаваўся смуродам гнiлых, яшчэ з мяздрою скур i дубiльных сумесяў альбо ўяўляў сабе чадныя выпарэннi шасцiсот тысяч парыжанаў у душным, смертапахiбным сквары ў разгар лета.
I тады раптам -- у тым i быў сэнс практыкавання -- назапашаная нянавiсць аргiястычна вырывалася вонкi. Як навальнiца ён згушчаўся пад гэтымi пахамi, якiя нахабна зняважылi яго светлы нос. Як град пшанiчны палетак, ён сек гэтую мярзоту, як ураган, ён расцiраў яе на пыл i тапiў у велiзарным ачышчальным моры дыстыляванай вады. Такi справядлiвы быў у яго гнеў. Такая велiчная была ў яго помста. Га! Якая высокая хвiлiна! Грануй, гэты маленькi чалавек, дрыжаў ад узбуджэння, яго цела сутаргава сцiскалася ў вострай асалодзе i звiналася так, што часам стукаўся аб столь штольнi, потым павольна расслабляўся i ляжаў, спустошаны i глыбока задаволены. Гэты акт вывяржэння ўсiх гiдотных пахаў быў сапраўды занадта прыемны, занадта... У сцэнарыi яго ўяўнага сусветнага тэатра гэты нумар быў, здаецца, самы любiмы, бо даваў пачуццё заслужанай знямогi, якою аплачваюцца толькi сапраўды вялiкiя, гераiчныя дзеi.
Цяпер ён меў права крыху адпачыць. Ён выцягваўся на сваiм лежаку: фiзiчна на столькi, на колькi хапала месца ў цёмнай штольнi. Аднак унутрана, на чыста падмеценай тэрыторыi сваёй душы, ён камфортна выцягваўся на поўны рост i аддаваўся салодкiм марам пра вытанчаныя духмянасцi. Напрыклад, ён выклiкаў пахучы подых веснавых лугоў; цеплаваты травеньскi вецер у зялёнай лiстоце букаў; марскi брыз, церпкi, як падсолены мiндаль.
Ён падымаўся пад вечар -- так сказаць, пад вечар, бо, вядома, не было нiякага вечара, нiякай ранiцы, нiякага полудня, не было нi цемры, нi святла, i не было нi веснавых лугоў, *нi зялёнай букавай лiстоты, а быў толькi пах рэчаў. (Вось таму адзiна адэкватная, але i адзiна магчымая facon de parle* пра гэты унiверсум -- гаварыць пра яго як пра ландшафт, бо наша мова непрыдатная на апiсанне свету, якi ўспрымаецца нюхам.) Ну, дык вось, пад вечар у душы ў Грануя ўзнiкаў стан i наставаў момант, падобны на канец сiесты на поўднi, калi паўдзённая амярцвеласць павольна ападае з ландшафту i спыненае жыццё зноў гатова пачацца. Успалымнёная шалам гарачыня -- вораг тонкiх пахаў --адступалася, гурт мярзотных дэманаў быў знiшчаны. Палi ўнутраных бiтваў, гладкiя i мяккiя, былi ў лянiвым спакоi абуджэння i чакалi, што на iх апусцiцца воля гаспадара. I Грануй падымаўся -- як было сказана i атрасаў з сябе сон. Ён уставаў, вялiкi ўнутраны Грануй, ён узвышаўся волатам, у поўным бляску, мiлдата была дзiвiцца на яго -- амаль мiлажаль, што нiхто яго не бачыў!-- i азiраў свае валоданнi, пыхлiва i ганарлiва.
Так! Гэта было ягонае каралеўства! Непаўторная iмперыя Грануя! Створаная i ўпакораная iм, Грануем, спустошаная, разбураная i зноў пастаўленая ягонай прыхамаццю, пашыраная iм да невымернасцi i абароненая агнявым мячом ад любога замаху. Тут не мела значэння нiчога, акрамя ягонай волi, волi вялiкага, цудоўнага, непаўторнага Грануя. I пасля таго, як былi знiшчаны, дпашчэнту спалены паганыя мiязмы мiнулага, ён хацеў, каб ягоная iмперыя пахла раскошна. I ён уладарна iшоў па разараным цалiку i сеяў самыя розныя духмянасцi, дзе -- залiшне шмат, дзе -- скупа; на бясконца шырокiх плантацыях i на маленькiх iнтымных кветнiках, расiдаючы жменямi насенне або кладучы па адным у зацiшных мясцiнах. У самыя далёкiя правiнцыi сваёй iмперыi пранiкаў Вялiкi Грануй, апантаны садоўнiк, i неўзабаве не засталося куточка, куды ён не кiнуў бы зярнятка паху.
Читать дальше