— А самога Костуся ты бачыла?
— Я была з ім разам.
— А сам ён прыйдзе дадому?
— Не, я да яго пайду.
— Ну то не чакайце мяне хутка. Я пайду ў дарогу. Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалі з нямецкага палону варочаўся, не нагамі я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелі, і ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)
— А куды ж ты гэта пойдзеш?
— Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты і сама была малая і звалася Волечка. Я толькі пра цябе такую і думаю. Ці ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым.
— Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калі не галодны, — тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнімку няма.
— Каб адно пайшлося добра, я выратую Лізу і ўхаваю яе да лепшай часіны. Бывай, Волечка.
Твар яго ўздрыгваў. Ён узяў тонкі кіёк і выйшаў з хаты. Волька таксама выйшла з хаты, замкнула дзверы, вальней распусціла на галаве хустку і праз некалькі хвілін ішла ўжо сцежкаю ў полі.
Часамі днём позняга лета пачынае хмурнець дзень, і гэта не збіраецца на дождж, а незаўважна падплылі павевы восені. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам, але ўжо астаецца пячаць летняга адцвітання. У поўнай сіле сваёй цвітуць летнія кветкі, і трава адростае пасля касы, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала над жоўтым малачайнікам, і вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе, і так ён сярод пышнай зеляніны трымаецца доўга. А ў гэты дзень ён адарвецца і кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву. К вечару пакідае звінець неабдымная шырыня летняга дня, і кладзецца цішыня на зямлю. Жоўты лісток з бярозы ляжыць у траве і відзён здалёку, і без яго, здаецца, не пахнуў бы так чабор, не такі прывабны здаваўся б верас і не было б такога вялікага шчасця ў душы бачыць траву і дрэвы, сіратлівы куст шыпшыны і вяршаліну высокай хвоі, на якой ціха ляжыць праменне блізкага да заходу сонца.
К вечару вецер сціх. І бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. У нізкіх месцах на ёй стаяла вада. Велічэзная бяроза ўзнімалася і над дарогай і, здавалася, над усім лесам. Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Многа было верасу, выносістыя хвоі ішлі ўгару, сонца ляжала на іх вяршалінах. Блізка быў вечар. Пры самай дарозе, у густым зарасніку ядлоўцу і крушыны, на паваленым навальніцаю і ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб і глядзеў на жоўты бярозавы лісток у траве. Ён быў нейкі нерухомы. Твар задумёны, маўклівы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Ці можа жоўты ліст абудзіў у ім журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднімаўся, вытыкаўся на дарогу, акідаў яе позіркам у два бакі і зноў адыходзіўся ў гушчар сядзець, жаваць хлеб і глядзець на жоўты лісток. Калі пачало змяркацца, ён узнепакоіўся: стаў часцей выглядаць на дарогу, схаваў у торбу недаедзены хлеб, скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Твар яго меў нахіл быць даўгаватым. Тыдняў два няголеная барада ўжо густа адростала. Ужо добра ўмеркла, ужо і лісток ледзь відзён стаў, а чалавек трымаў сябе на гэтым месцы ўсё так жа. Ён быў як прывязан тут. Некалькі разоў засаб ён уздыхнуў. «Божа мой, Божа мой». Здавалася, што яму цяжка тут чакаць таго, чаго ён чакае. Нарэшце, калі ўжо зусім сцямнела, ён выйшаў на дарогу і стаў у нерухомасці, прыпершыся плечуком да вялікай бярозы. Ён не ўглядаўся, а толькі прыслухоўваўся. Над лесам засвяціліся зоры, а ён усё стаяў. І так, можа, некалькі гадзін. Ужо і зоры ночы позняга лета папялець сталі. Ён апошні раз уздыхнуў, успамянуўшы Бога, знайшоў папацёмку сваё ранейшае месца пры паваленым дрэве, лёг на зямлю галавой на трухлявы ствол і адразу заснуў, як самы стомлены чалавек. Ні разу ён не паварушыўся, аж пакуль высокае сонца новага дня не засвяціла яму проста ў твар. Тады ён шпарка прахапіўся, затрапятаўся, плюнуў і ўздыхнуў і зноў вызірнуў на дарогу. Непамыты пасля сну і змяты твар яго быў шэры, і смутак ляжаў на ім. Ён дастаў з торбы абкусаны ўчора хлеб і зноў стаў есці яго. Цягавіта, як добры гаспадар ходзіць за плугам, ён зноў стаў акідаць у два бакі вачыма дарогу і зноў час ад часу садзіўся на паваленае дрэва. Прыйшла хвіліна яму, нарэшце, пачуць штосьці такое, чаго ён можа так доўга і чакаў тут. Гэта ішоў хтосьці поблізу. Тут выразна чулася чалавечая хада: ціхая ў самой сабе і лёгкая, але яна чутна была здалёку, вядома ў лесе, дзе пад нагамі ўсяго многа. Твар у Ракуцькі адразу ажыў, як толькі ён пачуў нечую хаду. Здаецца, рукі яго задрыжэлі. Позірк пацвярдзеў, і пастава выпрасталася. Ён прыліп да вялікай бярозы над дарогаю, сярод такіх жа вялікіх хвояў і пачаў углядацца туды, адкуль чуўся чалавек. Дзень быў ужо ў самай сіле. А ўдзень, калі ціха, у лесе здалёку чуваць. Так што гэтаму чалавеку прыйшлося доўга чакаць, пакуль наблізіўся той, хто недзе тут ішоў. З-за свайго дрэва Ракуцька ўбачыў незнаёмую яму постаць дзіўнага выгляду. Гэта быў малады чалавек з парыжэлымі ад сонца валасамі на галаве і палупленай ад ветру скурай на твары. Ён быў такі бледны, што яго не брала загара, і такі худы, што адзежына на ім матлялася як на калу. А ішоў ён так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў або яго месяц мучылі і спаць не давалі. Ён вяла, як не свае, перастаўляў ногі і прысутульваўся ідучы. На твары яго было напісана гэтулькі абыякавасці да ўсяго навакольнага і да ўсіх мэт, калі яны былі ў яго, што было падобна, што ў яго навек патухлі ўсе жаданні і імкненні. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Ён хутчэй дзівіўся, чым трывожыўся, або ўзбуджваўся. Ён стаяў і чакаў, пакуль невядомы падыдзе блізка, каб ціха гаварыць з ім, а не крычаць яму здалёку. А той, пакуль прыклыбаў да вялікай бярозы, Ракуцька паспеў даесці хлеб і скруціць у жмут пустую торбу.
Читать дальше