— Дзе ж ты так доўга быў? — шпарка шаптала яна.
— Пакуль я знайшоў, хто б гэтых дзяцей адправіў куды лячыць, — як апраўдваўся ён.
— А чаму ты кульгаеш?
— Падбіўся, назад ідучы.
— А чаго ты сядзіш адзін тут?
— А дзе ж я мог каго знайсці? Што гэта з нашым домам адбылося? Хто гэта ляжыць там мёртвы пад вішняком?
— У нашым доме было тое, што і ў іншых дамах. Мы ўжо ведалі, што немцы ўжо мінулі нас. А ўсе датуль спадзяваліся, што іх адгоняць. Усе і Костусь пайшлі мабілізавацца і не знайшлі нікога нідзе і вялікім натоўпам варочаліся назад. На шашы яны адабралі кулямёт у нейкага лейтэнанта, які імчаўся з фронта на грузавіку. Нашто ім быў той кулямёт? «Каб было смялей», — казалі ўсе. Тым часам ён і спатрэбіўся. Іх было чалавек сорак. Немцы зайшлі абходам і сядзелі паўз дарогу. І пачалі іх абстрэльваць. Мужчыны навялі на немцаў кулямёт. Немцы прыціхлі, і мужчыны з кулямётам вярнуліся ў мястэчка. Наш дом, прызналі, стаіць у глушэйшым месцы, і кулямёт паставілі да нас, а самі разышліся па хатах. Прыціхлі ўсе і заняліся кожны сваім. А было сярод мужчын чалавек пяць невядомых, што таксама не знайшлі дзе мабілізавацца і варочаліся назад. Адзін з іх пабег да немцаў і навёў іх на мястэчка і на наш дом. Немцы забралі кулямёт і палічылі, што Костусь, раз у яго кулямёт, камандзір нейкага атрада супроць немцаў, і ўжо былі забралі яго, але яму ўдалося выскачыць і ўцячы. Невядома, дзе ён цяпер. Немцы запісалі сабе яго і нас усіх. Яны абчысцілі наш дом як ёсць — і тое, у што адзявацца, і тое, што есці. На адыходзе яны ў нас на двары застрэлілі таго, што навёў іх на мястэчка і паказаў, што ў нас кулямёт, і згінулі некуды, пакінуўшы выклееную на нашай браме паперку, пісаную рукою, што калі наш Костусь сам не явіцца да немцаў, то ўсё мястэчка будзе спалена, а местачкоўцы, кожны дзесяты, будуць расстраляны. Прайшло два дні. Як на тое ішлося, што Костусь увечары прыйшоў дадому. Аж якраз за нашым домам падглядалі і ўбачылі Костуся дома. Ноч прайшла спакойна. А ў познюю раніцу назаўтра наехала поўнае мястэчка немцаў, але і не толькі немцаў. Былі ўжо і тутэйшыя, каторыя да немцаў у паліцыю паспелі падацца. Сагналі ўсіх, каго запарвалі, бургомістр загад прачытаў, што каб выказалі ўсіх сумліцкіх камуністаў, а некаторых, каторых ведалі, тут жа прозвішчы і прачыталі з спісаў. А пасля Костуся ўспомнілі: ён нават кулямёт меў і арганізоўваў атрад. Дзе ён? Хто ведае? Мы ўсе стаялі ў натоўпе — я, Костусь і Ліза. Нас як захапілі дома, так і прыгналі разам з усімі. «А унь ён!» — паказаў на Костуся пальцам цераз галовы ўсіх адзін тутэйшы баязлівы дурань. А кругом натоўпу немцы стаяць з аўтаматамі, густа, як плот. Костусь як стаяў, так і пайшоў праз натоўп скрыцца. Усе расступіліся, каб яму вальней было. Але за ім ужо беглі два паліцэйскія і чатыры немцы. Ён бег, па ім стралялі, ён кінуўся ў разору паміж буракамі, Ліза гэта бачыла. Па ўсіх агародах пачалі страляць. Тым часам усе людзі пачалі разбягацца. Мы з Лізай яшчэ забеглі дадому, замкнулі сенцы і забілі цвікамі браму. Каля таго мерцвяка пралезлі ў дзірку і з таго часу туляемся па полі і лесе. Некаторыя пачалі варочацца назад у мястэчка. А дзе Костусь — мы не ведаем. Можа і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам.
— А дзе Ліза?
— На вуліцы сочыць, каб не ішоў хто. Мы з ёю пасля заходу сонца прыйшлі дадому — можа, Костусь, а можа, і ты дома. Як аполак да дзіркі прыстаўлен — быў ты, бачым, гэта твой спосаб аполак так прыстаўляць. А той нежывы ляжыць, смярдзіць ужо. Божа, увесь двор запаганіць! Мы з Лізай выкапалі яму пасярод завулка, каб не ў сваім двары, выцяглі гэтую падлу паскам за ногі і засыпалі ў яму. Як бачыш управіліся.
— Ці глыбока хаця яму выкапалі? — гаспадарскім тонам абазваўся Нявада.
— Глыбока. Будзе з яго… Мы падумалі, што ты тут. Дзе ж ты інакш будзеш.
— Гэта мая родная хата!
— Божачка! Чаго ты! І мне гэтыя сцены многа даюць сціску ў грудзях… Але цяпер я пайду падмяню Лізу, няхай прыйдзе паспіць хоць на голым тапчане, а ты таксама паспі, калі аж закульгавеў бродзячы.
Яна адразу знікла дзесьці на вуліцы, высокая ў цемені, тонкая, у гаматной мужчынскай вопратцы. «Божа, хіба я спаць буду», — падумаў ён і шпарка рушыў услед за ёю на вуліцу. Ён ужо ледзь бачыў у змроку яе постаць, але да яго ішла Ліза, яна здалася яму высокай. Было падобна, што ён у момант вылечыўся ад свае балячкі, што так мучыла яго яшчэ здаўных: дарэмна балела яго душа аб ёй, як аб бездапаможнай і беспараднай пакутніцы, калі яна цягла паскам у яму мерцвяка і нібыта што. Божа, як ён глядзеў цяпер на яе — яна ішла паволі і як бы не ведаючы, што ён тут. Здаецца, яна зараз пройдзе далей. «У каго ж яна ўдалася такая сталая?» Але ж ён не бачыў і не ведаў, якая была Волечка, калі жыла калісьці адна і арала зямлю.
Читать дальше