Ён быў упэўнен, што ў адчыненым куфры і прыскрынак пусты, але, пакідаючы, і (хто ведае), можа, назаўсёды, свой дом, ён адкінуў у прыскрынку вечка ўгару. Цэлы жмут панчох, як і заўсёды. Зялёныя рукавічкі. Ён адгроб з месца гэтую драбязу і бадай што не крыкнуў: «Дык яны ж у неспакоі пакідалі дом! Бо не пакінулі б яны тут усяго гэтага». Вялікае ўтрапенне ахапіла яго. Ён выграб з прыскрынка гадзіннікі, пярсцёнкі і крыж, з бразгатам спусціў усё гэта ў кішэні свайго пінжака пад плашчом і пакінуў дом. Як бы яго хто гнаў адгэтуль. «Божа мой, іх можа ўжо і жывых не быць». Зноў ён прайшоў паўз нежывога чалавека і выйшаў з сялібы праз дзірку. Нідзе не было ні душы. Сонца стаяла над захадам. Нявада абстукаў хат дзесяць, і ўсюды панавала ціхая пустэча. «Няма і дазнацца ў каго, дзе яны». Ён ішоў пустымі вуліцамі і нідзе не спаткаў ні душы. Рой мошак віўся перад яго тварам. Вялікая жудасць ад гэтай пустэчы ўладала ім. Няўжо ён дажыўся да поўнай адзіноты на сваю старасць? Пустое паселішча страшней за ноч над пустыняй. Ён пачаў выходзіць з мястэчка і на самым выхадзе ўбачыў выклееныя аб’явы. Адна была на вялікім лісце паперы, астатнія — на меншых. Усе яны ліпелі на сцяне самай крайняй хаты, малой і старой. Было падобна, што той, хто выклейваў аб’явы, баяўся ўвайсці глыбей у мястэчка і, абы-як прыткнуўшы да першай сцяны паперу, даў ходу з вулічнай пустэльні. Нявада пачаў чытаць аб’явы. Самая большая была аб тым, як павінна трымаць сябе насельніцтва ў занятых нямецкім войскам вобласцях, а значыцца, і ў тутэйшай акрузе, і дзе па акрузе ўстанаўляюцца камендатуры, воласці і паліцэйскім цэнтры. Пасля там гаварылася аб абавязку кожнага, хто не хоча быць расстраляным або павешаным, вывіжоўваць армейскіх камандзіраў, камісараў і камуністаў. Аб’ява, ці, праўдзівей сказаць, загад быў выдрукаваны густымі літарамі, а ўнізе чорнымі літарамі стаяла: «Акруговы камісар цывільнай нямецкай улады Густаў Шрэдэр». А ўпоперак цераз увесь загад сінім алавіком размахнулася рэзалюцыя: «Пацалуй сабаку ў сківіцу». Побач гэтай была другая, меншая аб’ява. Валасны бургомістр загадваў усім сумлічанам вярнуцца ў мястэчка і ўзяцца кожнаму за сваю работу, а калі гэтага не будзе, то…
Нявада не паспеў дачытаць да канца. Страшны смутак здушыў яму душу. Тады страшны злодзей украў у яго Волеччына маленства. І вось цяпер прыйшоў час развітацца з усім тым, што, як трава на руінах, вырасла на ўтаймаваным болю. Нічога ўжо няма больш у яго. Ён адзін. Адарваўшыся ад нямецкай паперыны, ён паклыбаў назад у вуліцу і завярнуў у двор чацвёртай хаты. Гэта была яго старая хата. Ужо многа год яна пуставала з забітымі дошкамі вокнамі, але не дзвярыма: тут стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Ключа ад дзвярэй у яго не было. Гэта быў вялікі ключ. Праз дзірку, пракручаную ў вушаку, ён пасоўваў засаўку з сярэдзіны. Ён ададраў дошкі ад куткавога акна ў двары, улез праз акно ў хату і адчыніў сенцы. Паліцы на сценах, жорны ў кутку, старасвецкая засаўка пры вушаку, лескі на гару, вешала ўздоўж сцяны, шчылістыя дзверы ў клець і акенца без шкла, прапілованае ў адным бервяне, — усё захавалася ў гэтых сенцах, як было дваццаць год таму, і нават больш, тады, калі яго Волечка была малая і адна жыла тут, калі ён быў на вайне. Больш таго. Усё гэта было тут і тады, калі ён сам быў зусім малады. Ён і сваё вяселле гуляў у гэтай хаце. Божа мой, як пражылося гэтулькі часу! І заўважыць цяжка. Успаміны апанавалі яго. Ён зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок. Зусім вечарэла. Ён усё ляжаў і думаў. І ўяўлялася яму, што гэта ён павінен зноў пачаць сваё жыццё спачатку. Але ж не! Тады гэтая хата была новая, а цяпер унь жа трухліна сыплецца са сцяны! І Волечка ўжо старэць пачала, і малая Лізавета, Ліза, стаіць перад сваім юнацтвам, усё ж гэта ўжо заняло навекі сваё месца, і ёсць, і існуе, і знікнуць не можа. І калі ўсяго гэтага няма, дык, значыцца, страшны злодзей зноў з’явіўся і адрывае ад душы жывасілам усё, чым жыве яна. Зноў пустошаць душу! Забіваюць дых! Абкрадаюць! Жывяцца чужой душой і жыццём яе! Нявада прахапіўся і прайшоўся па хаце. Стаяла ранняя ноч. Месяц свяціў праз адбітае акно. І ў палавіне хаты даволі відно было. Цішыню, якая стаяла на мястэчку, цяжка было вытрымаць чалавеку. Але горш за цішыню была адзінота. Гэта была магільная адзінота, але чалавек аставаўся жывы. Нявада рашуча пайшоў да парога, каб зусім пакінуць не толькі хату, але і Сумлічы. Як толькі ён спусціўся з трох каменняў, якія на месцы ганка ляжалі пад парогам, ён убачыў, што Волька ўвайшла з вуліцы ў двор і ўбачыла і пазнала яго. Яна пайшла проста да яго. І ў гэты момант скончылася яго адзінота. З якой радасцю ён цяпер падначаліўся Вольцы, такой, якую ён бадай што і не ведаў. Бачачы гэтую жанчыну, ён адчуваў, як знікае з яго душы смутак па Волечцы і па яе двайніку — цяперашняй Лізе.
Читать дальше