- Вы Амiля? - проста i звычайна сказала Галена.
- Я.
- Хадзем на хутар.
Сказала яна гэта так проста, што Амiля пайшла. Iшлi яны паволi. Амiля ўглядалася ўсё ў дзiцячы твар.
- Ён мог бы быць падобным да свайго брата...
- Да якога?
- Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог бы быць гэтакiм...
Пасля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзiцца за што, i глянула на яе, а тая iшла, як iшла. Толькi як бы не разумела гаворкi. З-за лесу Амiля пайшла назад:
- Не пайду далей. Нядобра мне iсцi туды.
- А я даўно хацела вас пабачыць.
Амiля iшла назад шпарчэй. Яна ж толькi хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, цi не падобен ён да яе сына! Гэта было б страшна! Тады яна магла б знелюбiць яго. Бо i прыйшоў ён на свет праз гэтакiя пакуты, якiя дарэшты выветрылi ўсе маладыя iмкненнi. Першы ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўнi дзелiць цяпер гэтую ласку мiж абодвума сваiмi сынамi! Сынамi сваiмi!
Яна гнала ад сябе страшныя думкi.
"А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!"
Чамусьцi нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэннi. Наўмысную знявагу да сябе. Нават, можа, кпiны.
Не думаючы, Амiля вярнулася. Галена паволi iшла сцежкаю на ржышчы.
- Я пайду на хутар.
- Добра... Я ж прасiла вас.
Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амiлi.
Вось тое самае месца, дзе яна была калiсьцi нагнулася завязваць чаравiк. Той самы дзядзiнец i сад...
Амiля ўвайшла ў хату следам за Галенаю.
- Не ўдалiся мне маладыя гады, - сказала Галена.
- А вы думаеце мне ўдалiся!
Амiля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.
- ...I мне не ўдалiся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былi на судзе, вы чулi ўсё, як жа вы гэта пайшлi за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..
- Мы з iм жывём добра.
Амiля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.
- Дзякуй Богу, што яны не падобны адзiн на аднаго.
- Хто?
- Дзецi. Я свайго знявiдзела б тады.
- За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы i на мяне нядобра, як на ворага, глядзiце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы i цяпер думаеце. Якi б ён нi быў, вы на яго не забылiся...
- Забылася... Не думаю...
- Мусiць, думаеце, калi гаворыце гэтак, калi адразу што ўцяклi былi тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкi чалавек, iнакшым ён нiколi не будзе.
- А вы ж жывяце з iм, не ўцяклi ад яго.
- Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я i дня нiколi з iм не была б. Бо нашто гэтак жыць...
- А калi лепш няма як?
- Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволi i чалавечае долi шмат...
Амiля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калi жонка пачне скардзiцца на долю.
- Чаму ж ты сам свае добрае долi не знайшоў, а каго дык вучыш? крыўдзiцца жонка на Андрэя тады.
Андрэй тады гаворыць колькi жорсткiх слоў пра дурную чалавечую нецярплiвасць i пра нуду з гэтакiмi людзьмi. I сыходзiць куды-небудзь з хаты.
"Пануры ён чалавек", - думае тады пра Андрэя Амiля, не ўмеючы iначай назваць братавай натуры.
IV
Неба было над лясамi сiняе i цiхае. I цiха было ў самых лясах. Восень зрабiла сваё i адпачывала на палянах - там яшчэ зелянiлася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лiсток трымаўся на дрэве, гатовы i зiмаваць там... Гэтай цiхасцi не парушалi i вятры. Яны густа iшлi ў сваю дарогу, дзiкаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамi выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваiм, любiла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнiя днi. Туман з рэчкi цi лагчыны або дым з пастушковага вогнiшча калi ўзнiмецца, дык невысока стаiць над зямлёю. I гукi людскога голасу звiняць доўга ў гэтай прасторнай цiшынi.
Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.
Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:
- Бушмар iшоў дадому з астрога.
- Спяшаў страшна.
- Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!
Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.
Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.
Я цябе люляла...
Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
Читать дальше