Не мела сэнсу расказваць ёй пра тое, колькі чарак кальвадосу, па сваёй ахвоце ці пад прымусам, выпіў ён за гэты дзень.
- Я магу вам цэлую процьму ўсяго нарасказваць. Ёсць людзі, якія пішуць раманы, а не перажылі і чвэрці таго, што перажыла я. Калі б я ўзялася пісаць...
Мэгрэ зайшоў на кухню, пацалаваў жонку ў лоб. Яна весела глянула на яго, і ў яе вачах прамільгнуў гарэзны агеньчык.
- Я, магчыма, вярнуся позна.
- Не спяшайся, Жуль! - з вясёлай падколінкай адказала мадам Мэгрэ.
Гатэль знаходзіўся ўсяго цераз некалькі дамоў, непадалёк ад бульвара Вальтэра. На вуліцы Жэрмена рашуча ўзяла свайго спадарожніка пад руку.
- У мяне высокія абцасы...
Чорт пабяры! Звычайна ж яна хадзіла ў драўляных башмаках!
- У вас вельмі мілая жонка, скажу я вам. І гаспадыня яна цудоўная.
Мэгрэ не адважыўся даць ёй грошы, каб яна сама заплаціла за нумар. Ён сам зайшоў у адміністратарскую і пачырванеў ад пытання адміністратара:
- Пакой на ноч ці часова?
- На ноч. Толькі для мадэмуазель...
Пакуль адміністратар выбіраў на стэндзе ключы, Жэрмена зусім павісла на руцэ Мэгрэ, цяпер ужо і не просячы прабачэння.
- Васемнаццаты нумар, трэці паверх, налева. Хвіліначку, зараз дам бялізну.
Мэгрэ не любіў успамінаць, як ён развітаўся з ёю. Лесвіца была ўслана чырвонай дывановай дарожкай. Жэрмена ў адной руцэ трымала прасціны, у другой ключ, прычэплены да меднай бляшкі. Адміністратар зноў уткнуўся ў газету.
- У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?
Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрываліся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, які пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...
- Не... На сёння ўсё... - прамармытаў ён.
- Ах, праўда ж, я і забылася, што ў вас спатканне. - Яе сакавітыя вусны склаліся ў іранічную ўсмешку. - Тады да заўтра?
- Да заўтра.
Што ж, гэтага і трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кінуўся ў метро. Шчоўкнулі аўтаматычныя дзверы, і ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкі, машынальна назіраючы за познімі пасажырамі, па тварах якіх прабягалі мудрагелістыя цені.
Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вуліцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявійет і не адшукаў нарэшце вялікую стадолу, забітую парожнімі, з узнятымі ўгору, аглоблямі. У глыбіні двара патыхала цеплынёй стайняў.
- Карні? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калі хочаце.
Толькі а палове першай ночы з'явіўся п'янюткі рамізнік. Асавелым позіркам ён утаропіўся ў Мэгрэ:
- Дама з вуліцы Шапталь? Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцінца. А высокі брунет...
- Які высокі брунет?
- Той, што спыніў мяне на вуліцы Бланш, чорт пабяры, і загадаў мне пад'ехаць на вуліцу Шапталь і пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я ніколі не запамінаю лічбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...
- Вы адвезлі яе на вакзал?
- На вакзал? На які вакзал?
Рамізнік пахістваўся. Доўгім цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэліўшы на штаны Мэгрэ.
- Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...
Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.
- Яна ў гатэлі насупраць Цюільры, на невялічкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавіна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавіны... Во «Атэль дзю Луўр»! Но, малота! - таргануў рамізнік свайго каня.
Метро ўжо не працавала, трамваі і аўтобусы не хадзілі, і Мэгрэ мусіў тупаць пешкі па бясконца доўгай вуліцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.
Рэстарацыя «Клішы» была, канешне, даўно зачыненая, і Жустэн Мінар вярнуўся ў сваё жытло на вуліцы Ангіен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.
Раздзел V. ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКІ МЭГРЭ
Мэгрэ галіўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкі аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную раніцу хадзіць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - і для іх абаіх гэта былі самыя светлыя хвіліны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так і ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялі вокны, з асалодай дыхалі свежым паветрам. Да іх даносіўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузні, тарахценне вазоў, іржанне коней і нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайні.
- Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?
- Калі б яна засталася ў сваім сяле, выйшла замуж і нарадзіла дзесяцера дзяцей - ніхто гэтага, магчыма, і не заўважыў бы. Можа, проста дзеці былі б не ад аднаго бацькі, толькі і ўсяго.
Читать дальше