Замена Бальшавіку знайшлася там жа, у Ганцавічах. Старшынёй калгаса ў Малое Сяло прыджгаў інструктар райкома партыі Глеб, фігура каларытная і адметная ўжо толькі сваім сталінскім адзеннем. Чалавек сярэдняга веку, ён хадзіў у моцных ялавых ботах, дыяганалевых брыджах і зялёным фрэнчы з накладнымі кішэнямі, напнуўшы на лысую галаву белы палатняны картуз. З усёй небагатай спадчыны, што засталася ад ранейшых кіроўцаў, Глеб найбольш упадабаў рысорны драпчак, але, паездзіўшы на ім дзень ці два, распарадзіўся Ёсалю зняць з дугі медны званок, бо, на здзіўленне, і сам валодаў зычным і басавітым, быццам у дварняка, голасам.
- Чуеш, Луцэя, як лысы Глеб забрахаў? Яха на ўсю вёску разлягаецца.
- І чаго ты, Тадорка, хвалюешся? Хай сабе брэша, абы не кусаўся.
Ужо даўно Малое Сяло абыякава, без імпэту і без лішніх абгавораў успрымае ўсе, нават самыя прыемныя і ўсцешныя, перамены ў сваім невясёлым жыцці. Перастаў мазоліць вочы даўжэзны Бальшавік, дык і добра. Паехаў з вёскі Аляксей Хамутовіч - туды яму і дарога. Прыслаў Бог гэтую лысую і крыклівую назолу - неяк жа перажывецца. Але часам і тут, у палескай глыбінцы, здараюцца падзеі, якія засцяць і засланяюць сабой іншыя падзеі, таксама не менш важныя і надзённыя, ды ўсё ж без яркіх адзнак і прыкмет міжнароднага характару. За тыдзень перад Пакровамі нечакана-негадана да Сцяпана Аліфера прыехала з Польшчы дачка Стэфа, праўда, адна - без свайго Язэпа і без дзяцей. Уга! Малое Сяло колькі дзён толькі і гаманіла аб тым, якія багатыя прэзенты вольная палячка прывезла сваім родным і блізкім.
Трошкі ганарлівая ад жыцця ў замежжы Стэфа падаравала бацьку добрую кроплю польскага спірытусу, і Сцяпан Аліфер падзівіўся не так моцнаму, хоць блох труці, напою, як самой дужа мудрагелістай пляшцы з гумовым эластычным коркам, прымацаваным да рыльца драцяным спружыністым клямарам. Стары дзівак раз-пораз пстрыкаў коркам, паказваў дзівосную рэч суседзям, а пасля зусім па-гаспадарску спатрэбіў нябачаную пасудзіну пад звычайную самагонку. Стэфчына маці ў той жа вечар, як частавала жаданую і далёкую госцю, ускінула на плечы новую сукню, абапнулася квяцістай кашміроўкай, на ногі ўздзела нейкія замежныя фасоністыя шкрэбалы, і ўсё, і не пазнаць ужо лядачую Марку - нявеста, дый годзе! Толькі адна Папіха, кажуць, не задаволілася сестрынымі дарункамі: па-першае, мала іх, па-другое, саржавая кофта, як высветлілася раніцай, паношаная, мытая-перамытая. Разумная Альжбета, аднак, губы не надзьмула, бо, далібог жа, дараванаму каню ў зубы не глядзяць, тым болей і аддзячыць Стэфе няма чым - у хаце пуста і гола, як летам у новым калгасным свірне.
Вочы ў Папіхі, калі сказаць па праўдзе, загарэліся хіба толькі на вялізную загранічную валізку з бліскучым замочкам, якую сястра прадбачліва запхнула пад драўляны ложак. Аказваецца, нават паездку да бацькоў Стэфа павярнула на сваю ж карысць. Хаця і яе, бедачыну, трэба было б пашкадаваць: то ж, пэўна, рукі паўрывала, ад самай Зялёнай Гуры, дзе жыве, цягнучы на сабе столькі нялёгкага грузу. Але ўжо назаўтра, калі замежная госця выспалася і добра адпачыла, у хаце Сцяпана Аліфера пачаўся бойкі гандаль. Першымі, зразумела, прыбеглі блізкія суседкі, з не абы-якім гонарам Стэфа шморгнула перад імі бліскучым замочкам-маланкай, і суседкі ажно ахнулі ад здзіўлення. Ах, Божа ты мой! Якой адно квяцістай матэрыі няма ў гэтай пакоўнай валізцы: паркаль, сацін, штапель, шоўк, саржа, крэпдэшын! Усё не наша, адразу ж бачна: тэкстыль у пальцах нібы льецца, а фарбы, а калёры, а ўзоры! Тыя ж ружы, тыя ж валошкі, ну, проста жывыя - быццам толькі што з поля, з сонца, з расы. Тут ужо, кабетка, не стой крукам, вымай свае кроўныя рублі, а ты, Стэфка, калі ласка, рэж тры метры саржы, ды не спяшайся - роўненька, роўненька рэж!
Хто першы, той і лепшы: ім і ружы, і валошкі, і іншыя прыгожыя пустацветы. Але і познім пташачкам - з Горскай, з хутароў - таксама сёе-тое перапала: каму штапелю, каму паркалю. Толькі глыбокім надвячоркам пацішэла ў Аліферавай хаце, перасталі ляпаць дзверы. Стэфа, расчырванелая пасля ўдалага торгу, наліла ў цэбар цёплай вады, зрабіла лугу, каб узяцца за мыццё, сама ж прысела каля акна, на віднае, і пачала адпорваць гузікі з брудных кофтаў і сукенак. Сцяпан Аліфер глядзеў, глядзеў на дачку, чмыхаў у ноздры, раз'юшана пахкаў люлькай, і, кажуць, у той вечар паміж імі, як паміж чужаземнымі, адбылася амаль што дыпламатычная размова.
Бацька дачцэ. Стэфка, а на халеру ты гузікі зразаеш? Нітак кожны раз не набярэшся, каб зноў ушыць.
Читать дальше