Сумленевіч, бадай, тры разы прагледзеў паказаньні цесьця. Кароткія, амаль агульныя, яны, папраўдзе, уяўляліся яму кулаком, якім пагрозьліва махаюць, але яшчэ ня б'юць.
— Я зараз вам усё растлумачу, — сказаў Сьцяпан: "Мне трэба было наведацца дамоў, а не адразу бегчы ў пракуратуру, як да спачувальнай цёткі!" — Тут, у паказаньнях сьведкаў, другараднае пераўтворанае ў галоўнае, пане пракурор. Падпальваючы халерную машыну старшыні, я меў на ўвазе завалачы злодзея якраз у суд. Не на тое, каб яму даказваць яго злачынствы, бо такіх магчымасьцяў у мяне няма, але публічна акампраметаваць i гэтым перашкодзіць у ганебнай яго кар'еры. Нічога больш. А пра Кірыну здраду я тады й ня чуў, пане пракурор.
— Акампраметаваць, пашкодзіць... О як-жа любім мы рабіць гэтае! А для грунтоўнай дзейнасьці дык нам розуму й не хапае. Толькі крычым, крычым, бо гэтак лягчэй, не? — хваляваўся пракурор. — Хі, адсюль блізка да дзівосных высноваў, якімі вы тут частуеце мяне: суд павінен быць куратарам грамадзка-гаспадарчага жыцьця, узвысіцца над ім i г. д. Я не раблю памылкі, разьвіваючы вашы думкі, грамадзянін Сумленевіч? — Пракурор памаўчаў. — У вас, прабачце мне за вострае параўнаньне, наглядаецца гутарковае разуменьне ролі судаводзтва, якое ня можа й не павінна прэтэндаваць да нечага вышэйшага, чымсьці злачынства й пакараньне. Вы дапусьціліся глупства, па сваёй маладосьці й непісьменнасці ў законах...
— Не, пане пракурор, пра ніякае тут глупства ня можа быць i гаворкі. Усё гэта, што вы сказалі, я ведаю або — дакладней кажучы — ужо ведаю. Скажу большае вам дзіва: я баяўся, што шэф не дапусьціць да судовага разгляду майго выбрыку, добра ведаючы, да чаго я ва ўсім гэтым імкнуся. Я не хуліган, не п'яніца, не валакіта ці дурман, што цягаецца з курвамі. Мне трэба пераканацца, пане пракурор, наколькі структура грамадзскага жыцьця зьяўляецца здольнай самарэгуляваць сябе, самаліквідаваць аварыі або прадпасылкі, што спараджаюць іх, — Сьцяпан, не пытаючы пра дазвол, наліў сабе з графіну паўшклянкі газаванай вады й выпіў з неэстэтычным пожлуктам (бы конь з карыта ля калодзежа). — Мая жонка, Кіра, ня вытрымала ўзьніклай сытуацыі. Яна здалася. Я — не. Скажу асьцярожней — пакуль не. Маёй задуме суд, праўда, не дапаможа, але хоць крыху паслужыць ёй. Настолькі, наколькі дазволіць яму ягоная частковасьць. Мо' я й дзівак? Скажу вам, пане пракурор, што ўчыніў я шмат, каб даказаць сваю рацыю службовымі шляхамі. На жаль, безвынікова. I так, я й мой шэф, бы два жарабцы, гойсаем побач сябе, спрабоўваючы адзін аднаму забегчы дарогу. Каму з нас гэта ўдасца — пабачым. Калі над чымсьці задумоўваюся я зараз, дык над самім сабою: адкуль у мяне такая заўзятасьць? I трывожуся — ці я ня быў-бы такім-жа, як ён, калі-б апынуўся ў яго становішчы? На яго пасадзе. Карацей кажучы: у якой меры чалавек можа стацца незалежным ад умоваў? Быць сабою. Мяне неспакояць, заўважце, памеры зьявы, а не сама зьява, — ён сьціснуў далонямі скроні.
— Так, — пракурор нешта дадумоўваў. — Ваша патрывожанасьць суцяшае мяне.
— Я, мабыць, выказваюся не на тэму, але іначай не магу, пане пракурор.
— Нічога страшнага. Вы, калі ласка, гаварэце...
— Мне моцна баліць тое, што зрабіла Кіра, мая жонка. Не паверыце, але мяне ня вельмі ўразіла яе сэксуальная нявернасьць. Я ня ўпэўнены, ці ў дадзеным выпалку можна гаварыць пра шлюбную здраду мне зь яе боку. Божа, колькі разоў я ў думках здраджваў ёй! Гэта старшыню можна абвінаваціць, мабыць, у згвалчаньні маёй жонкі, у выкарыстаньні яе слабасьці... Ёй здаецца, што магчыма выпрасіць сабе лепшы лёс!
— Ён звабіў яе да сябе? — перапыніў яго пракурор.
— Не, гэта яна прыйшла да яго, каб такім чынам паўплываць на бег афэры...
— I калі гэты дождж перастане падаць, — пракурор адыйшоўся да акна. Сьцяпан няўцямна змоўк; ён потым, апавядаючы пра гэтае ў час адной зь п'янак, сустрэўся з рэплікай: "Бо ён, пракурор, не пажадаў слухаць твайго, булава, даносу на родную жонку!"
— Ведаеце, пане пракурор, у рэагаваньні маёй Кіры — я далей кахаю яе! абурыла мяне нават ня тое, што яна ўсумнілася ў мужа. У яе пачынаньнях, накіраваных на дапамогу мне, наткнуўся я, надта зьнянацку й прыкра, на ўсё тое жахлівае ў нашым грамадзтве — ізаляваньне адзінак, якія намагаюцца супрацьдзейнічаць распаду грамадзянскіх асноваў. Зь іх паўсюдна сьмяюцца й кпяць! Да чаго даходзіць: маральнае здароўе лічыцца ненармальнасьцю! Жыць у супольнасьці абазначае верыць у сапраўднасьць застольных сьцвярджэньняў: "Міліцыя арыштоўвае цябе не за тое, што ты ўкраў, але за тое, што ня ўмеў украсьці!" Вам, пане пракурор, гэта новае?
Читать дальше