Сьцяпан, скінуўшы кашулю, ухапіўся за пакірачаныя галіны яблыні й з усяе сілы закалаціў дрэвам. Яму пасыпаўся на плечы й сьпіну гусьценькі дождж, крапаючы й на лісьце гародніны, быццам гэтак зьнянацку выпаўшы з хмурынкі ў пагодны дзень. Ён задрыжэў ад холаду, заварушыў лапаткамі й, выгнуўшыся, пачаў абцірацца хустачкай, мяркуючы пры тым, што было-б лепш зрабіць тое сподняй часткай кашулі. Казытала яму ў карак трэска сухападзіны; калі Сьцяпан угледзеў, што гэта вусеніца, ахапіла яго гідасьць.
Ён выплюнуў недажаваную галоўку радыскі й, ледзь трапляючы кулакамі ў рукавы, апрануўся. Доўга ня думаючы, Сьцяпан пералез цераз плот i наўздагад, сьцежкамі, бягом пайшоў да далёкага прыпынку ў канцы Зялёнай, разы два аглянуўшыся ў бок доміку; там іскрыўся ранак.
Яму пашанцавала пасьпець на "шасьцёрку".
Перад скрыжаваньнем з Васількоўскай мільганула ў шыбе бяздарная шыльдачка цырульніка, й Сьцяпан схамянуўся, што едзе ён на працу непаголены. Гэта зьнясьмеліла яго, а нават — засаромела. "Усё-такі, нядобра, ой, нядобра!.. Скажу, што запускаю бараду, дык пачнуць яны сьмяяцца зь мяне паміж сабою: у знак пратэсту перад судом Сумленевіч перастаў галіцца?! Чулі — ён зноў дэманструе! Глядзеце вы на гэтага дзівака!" Сьцяпан гладзіў шчокі, як бы спадзеючыся, што такім чынам, магчыма, пазбавіцца шчаціньня; пад далоняй адчуваў прыкрую колкасьць.
Калі, з падробленай упэўненасьцю, ішоў ён у свой габінэт, калідор пуставаў: быў гэта час ранішняга чытаньня "Сучаснай газэты". Сакратарка знаходзілася ў надзвычайным водпуску — нехта зь яе радні жаніўся? — i Сумленевіч, прыпазьніўшыся звыш паўгадзіны, зьявіўся на працы, можна сказаць, незаўважаным. Як зазвычай, сеў ён за пісьмовы стол і, апёршыся локцямі, цяжка задумаўся. Усё, навокал бачанае ім, раптам выдалася яму ня тое, што не сваім, да якога маюцца абыякавыя адносіны, але наогул непрысутным. Нерэальным! Хаця-б той канфэрэнцыйны столік, пра які любіў ён пажартаваць, што прадасьць яго ў музэй неадухаўлёных сьведкаў важных зьдзяйсьненняў, зараз уяўляўся Сьцяпану чымсьці выпадковым у полі яго зроку. Шышкай на ўсё роўна якой яліне.
Брала яго ахвота аберуч згарнуць у вадно горбачкі службовых паперынаў, ненавісных яму, ды, расчыніўшы акно, вышпурнуць іх на вуліцу, на галовы адзінокага натоўпу... Пагамоўваючы ў сабе мацнеючае шаленства пасьля неверагоднай ночы, Сьцяпан з натужлівай замаруджанасьцю аднаўляў здарэньне з пажарам кватэры на сёмым паверсе вышыннага будынку, ля якога, аднойчы, праходзіў ён (купляў тады лімоны ў краме ля Складоўскай). У павевах ветру было відаць, як на тым бальконе, ахутаным густым дымам, панікуе чалавек, кідаецца ён у бакі, быццам дрэнны актор у вадэвільнай сэне. Тратуарная публіка бавілася нечаканым відовішчам і спрачалася наконт колькасьці паверхаў; прыімчалі пажарнікі. Бухнула полымя — і блізка зазьвінелі асколкі шкла. Нешчасьлівец пра яго ўжо ведалі, што ён раганосец, алькаголік і псіхічна хворы — даволі спрытна апусьціўся на ніжэйшы балькон, на якім ён пахіснуўся й ня здолеў утрымацца, пакаўзнуўшыся там, напэўна, на якімсьці ламаччы; яшчэ зачапіўся аб тэлевізыйную антэну на ўзроўні трэцяга паверху й павалок яе за сабою, нагадваючы зьбітага лётчыка зь нерасчыненым парашутам. "Ляснуўся ён аб асфальт, бы жаба жыватом", — са смакам перадаў зьвестку Сьцяпану хлопец у акулярах, доўгавалосы й з кніжкамі пад пахаю, губасты. За ягонымі плячыма, калі ён адварочваўся ад Сьцяпана, праскавытала карэтка "хуткай дапамогі"...
Тэлефон зьвінеў доўга, пакуль Сьцяпан працягнуў руку па трубку. (Ён, мабыць, не прыняў-бы яго, калі-б згледзеў, што гэта ўнутраны апарат.)
— Тося? — пачуў Сьцяпан у трубцы й адразу здагадаўся, што гэта звоняць яго сакратарцы; у яе, праўда, іншае ймя, але жанчыны любяць перахрышчвацца.
— Пані Тося сёньня не працуе, — адказаў ён камусьці.
— Прабачце мне, пане загадчык, што вас патурбавала: тэлефаністка так спалучыла...
— Нічога ня здарылася, — перабіў ён галасок з галоўнага сакратарыяту; адтуль званілі. Сьцяпану разанула ў грудзях, і ён, невядома чаму, забаяўся, што ў яго зараз пачнецца крывацёк. — Нічога... Бывайце шчасьлівыя, — ён у такіх выпадках расказваў анэкдот. Бывала, дзеля гэтага дурылі яго прадпрыемлівыя беларучкі.
— Я, пане загадчык, павінна перадаць вам ліст. Дазвольце зайсьці.
— Калі ласка.
I толькі пасьля падумаў Сьцяпан, што яму трэба было адцягнуць яе прыход настолькі, каб мець час выйсьці ў горад пагаліцца (цырульні ля Варшаўскай адчыняюцца ад дзесяці), набыць туалетны камплект; прыпарадкавацца.
Читать дальше