— Адстань ты ад маці.
— Эт, нічога благога я пра яе асабіста не сказаў.
— Слухай, дарагі: пасьля бойкі рукамі не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлівым i дадумайся да таго, што ва ўсім гэтым рызыкую я й толькі я! Па ўласнай, непрымушонай волі.
— У мяне, Кірушка, узьнікла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якім пакарыстаесься, калі Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маім характары нагоды для таго, ой, будуць.
— Сьвіньня!!!
— Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылі вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзіць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...
— Сьці-і-хні-ііі!!! — яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпаліся сьлёзы, трохі як у лялькі, якую вырабляюць немцы. — Сьці-іхні!.. Сьціхні...
Цешча ўрачыста прачыніла дзьверы.
— Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, — прамовіла яна.
— Шок, — тлумачыў старой Сьцяпан, — паскудны шок у яе, якіх тысячы штодзень. Аміяку ёй, Кіры, пад нос! Няхай дыхне ім, дык умомант зрэнкі пакруглеюць ёй. Ого, аміяк. Зараза! — гаварыў ён са сьцішнаватай дабрадушнасьцю. — Ну, я пайшоў...
— Дочанька, Кіранька, ты чуеш мяне? Кіра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, ціха, ша-а... Вось так, адпачні... Я пагашу сьвятло...
27.
Сьцяпан беспамылкова трапіў у вагарод старшыні. Ён узламаў сьмешны замок на хісткіх дзьвярох альтанікавага доміку, запаліў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкім ложку са скрыпучымі спружынамі. Губы сьпякліся яму ад смагі; ён устаў, каб напіцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; ім напісаў пад стольлю СТАРШЫНЯ + КІРА, а знадворку — ад вугла да вугла — ІМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы літарам сьцёблы; Сьцяпан некалькімі падоўжанымі мазкамі вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзівацкага квяцістага арнаманту.)
У якімсьці задворку сьпяваў адурэлы певень. I не знайшоўся другі, які— б адказаў яму.
На ўсходзе паясьнела неба, і Сьцяпана змарыў сон.
Адзін з тых сноў, падчас якіх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамі. "I што ты пра ўсё гэта скажаш? — пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якім ужо перастаў быць. — Твая Кіра зусім не дзіва нейкае, — азваўся той Сьцяпан. Мая, напрыклад, Ніна мела сон, у якім я загадаў ёй легчы з начальнікам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылі кватарантамі, з маленькімі дзяцьмі... — А пасьля, дык што яна сказала табе? пацікавіўся Сьцяпан. — Нічога. Начальнік, на шчасьце, вельмі хутка стаміўся, адказаў той за Ніну. — Заснуў? — дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. Але, ды мая Ніна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклінаючы ўрадаўскага слабака, — прызнаваўся далёкі Сьцяпан. — А ты, дык што? — ён не дазваляў яму зьнікнуць. — Я? Плакаў, зачыніўшыся ў туалеце, і вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жніўні", — адказаў той Сьцяпану.
— Далі?
— Гэта быў сон, Сьцяпан, — прыпомніў яму іншы Сьцяпан. — Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем і паклала на маю талерку лішнюю порцыю вэнджанай шынкі. Яна, ведаеш, скупая — дазваляе мне курыць толькі танныя папяросы, а ў нядзелі дае сем злоты на піва, мутнае, бо дайлідзкае...
— Мая справа, дарагі, — гэта ня сон, — ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. — У мяне ўсё сапраўднае!
— Сапраўдным мы прызвычаіліся лічыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, адказаў Сьцяпану іншы Сьцяпан. — Твая Кіра, во, здрадзіла табе ў нашым значэньні, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, ці не сутыкнуліся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьці, э, перавысіла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьці застаюцца пераважна юнакамі, э, ведаеш...
— Хто ты?! — крыкнуў Сьцяпан, ахоплены страшэнным прадчуваньнем.
— Я, э, твой старшыня, падла ты! Хэ-хэ-хэ...
Сьцяпан схапіўся, успацелы да кончыкаў валасоў. На пяць хвілін да пачатку працы.
Ён дапаў да ўмывальніка, але ў ім не было вады — кран псычэў па— зьмяінаму. Пальцамі працёр Сьцяпан закарэлыя вочы; на ўслончыку (вясковага вырабу) стаяў бляшаны кубак з запыленым павуціньнем. Сьцяпан ліхаманкава заглядаў у рознае начыньне, парасстаўлянае па памяшканьні. Яго зараз неспакоіла адно — як пачысьціць зубы?! Падумалася яму, што ў вагародзе расьце радыска...
Быў засеяны ёю загонік пад яблыняй. Калісьці хлопцы: з Садовай, памятаў Сьцяпан, на загуменьні Казырскага пад Васільковам кралі яе й давалі дружнага драпака за сажалкі, пад вадапомпу, дзе ў дзікай траве трымалася раса, якой абмывалі яны сабе рукі й драпежна запэцканыя зямлёю твары, качаліся па зелені ды рагаталі да болю жывата ад дурной радасьці, што ўдалося ім, што ніхто ня гнаўся за імі i што цёпла сьвеціць сонца...
Читать дальше