- Так, так, пойдзем разам, - і яна кранула Кастусёву руку, каб скіраваць яго ў іхны бок.
- Ну вось я й даведаўся пра ваша імя, Гэля. А некалі, здаецца вы называлі іншае імя... Няпраўда?
- Дык хіба першаму сустрэчнаму кажуць сапраўднае імя?
- А я-ж, вам, як бачыце, сказаў сваё...
Пакрочылі далей. Кастусь азірнуўся на захад. Пабачыў тое самае. Слуп дыму не разплываўся. Кастусь коратка выказаў Гэлі адчуваньне вялікага суму па родным месьце. Далей яны ішлі моўчкі. Сонца сьвяціла проста ў вочы, ад яго жмурыліся, але патроху й весялелі. Гэля дала Кастусю ладны кавалак хлеба з маслам. Пасьля кароткага адпачынку ў лесе, Кастусь пачуў сябе больш бадзёрым. Ісьці было лягчэй. Гаворкі з Гэляй пра ўнівэрсытэт, аб нядаўных спадзяваньнях дзяўчыны на заканчэньне асьветы, скрашвала падарожжа й адрывала Кастуся ад трывожных думак пра невядомасьць. Употай ён быў вельмі рады гэтаю сустрэчаю.
Раптам над бальшаком пачулася моцнае гудзеньне матору. Аднекуль зьнячэўку вынырнуў самалёт і пранёсься ўздоўж дарогі. Ён хутка зьнік на даляглядзе. Людзі прынялі яго за свайго. Але неўзабаве паказаліся вялікія летакі з даўгімі, як літара П, хвастамі. Яны ляцелі на ўсход. Праз колькі часінаў удалі загрымела выбухамі. Зямля пад нагамі падарожных лёгка хістанулася. Недзе недалёка былі скінутыя чарговыя грузы бомбаў. Незадоўга тая самая чарада самалётаў вярталася назад. На гэты раз яны ляцелі ня так высака й нарабілі вялікага перапалоху. Усе стрымгалоў пачалі разьбягацца з дарогі. Людзі беглі ў поле, пакідаючы на дарозе свае манаткі. Нечакана з чарады самалётаў адарваўся адзін лятак з выразнымі крыжамі на крылах і пачаў страчыць па дарозе кулямётнаю чаргою. Недалёка ад Кастуся павалілася жанчына. Кулямётная строчка ўздымала на дарозе роўны шнурок прыўзьнятага пылу. Кастусь з Гэляю, а за імі бацька з малым Юркам кінуліся подбегам у лясок, што вытыркаўся купкаю ялінак і стракатых сасонак на зялёным абапал полі. Малы калаціўся ад пярэпалоху. Гэля ўхапілася за Кастусёву руку, нібы шукаючы ў ёй паратунку. Яны прытуліліся да смалістага дрэва й гэтак прастоялі нейкі час. Ужо ня чутна было прарэзьлівых гукаў летака, а людзі ўсё яшчэ не вярталіся на дарогу. Калі Кастусь з сваімі знаёмымі выйшаў з прылесься, перад ім было нязвычнае відовішча. На дарозе далей валяліся чамаданы й клумкі. А людзі ўсё яшчэ туляліся полем. На дарозе-ж колькі асобаў стагнала й нема прасіла дапамогі. Прабітая куляю жанчына ўжо аддавала Богу душу. Густая кроў сачылася зь ейнае шыі й цурком зьбягала з грудзей зьнікаючы ў дарожным пыле. Незаплюшчаныя вочы страшнымі зрэнкамі бяздумна ўзіраліся ў даль, а над усім гэтым трызвоніла няспынная капэля птушак і ціха траскучых палявых конікаў.
Невясёлым ішоў Кастусь далей на ўсход. Ён бачыў, як ненажэрны молах вайны нідзе не пакідае бедных людзей. Нават тут, далёка ад якога-небудзь вайсковага аб'екту, ён нагнаў гэтых нявінных уцекачоў. Забітая жанчына ўсё яшчэ стаяла ў ваччу. Хто яна такая, чаму яна адна ішла ў невядомасьць? Магчыма яна вось таксама, як Кастусь, была выгнаная з роднага Менску якімі-небудзь асаблівымі абставінамі і ў дарозе толькі й думала пра сваіх, аб хуткай сустрэчы. Бязьлітасны-ж лёс раптоўна адабраў у яе жыцьцё, і цяпер ніхто з родных ніколі гэтак і не даведаецца, што зь ёю сталася. Пасьцягваюць вакольныя сяляне зь яе вопратку й закапаюць недзе ў невядомай агульнай магіле.
І што чакае кожнага выгнанца ў гэтай дарозе? Сёньня быў толькі першы налёт самалётаў, а хто ведае, колькі іх яшчэ будзе заўтра, пасьлязаўтра? Якім марным выдаваўся цяпер людзкі лёс у гэтым ходаньні вялікім народаў і кантынэнтаў. Эгаістычныя інтарэсы кіруюць правадырамі, а бедныя людзі мусяць цярпець. Было яно гэтак заўсёды й гэтак будзе далей. На гэтым уся гісторыя чалавецтва пабудаваная.
Гэля, заўважыўшы задуманасьць Кастуся, далікатна кранула яго сваёю рукою й чульліва сказала:
- Жывы аб жывым думае. Годзе смуткаваць. Выберамся зь бяды, іншае пабачым.
Кастусь зірнуў у ейныя поўныя ласкі й страху сьветлыя вочы. Прыўзьнятай да сонца галавою ён улавіў на сабе подых цяплыні. Словы дзяўчыны запалі ў душу, як мудрая парада. Ён павесялеў. Тады Гэля нячутна для іншых запытала:
- Я не хацела адразу пытацца, але мне карціць ведаць, чаму вы пастрыжаныя. Вы-ж мелі такую чупрыну, што за яе адну можна было ў вас закахацца.
- Цяпер жа лета, гарачыня, для ўмацаваньня валасоў згаліў іх, - адказаў унікліва Кастусь і хуценька зьвёў гутарку на іншую тэму. А сам у гэты момант падумаў, што гэта няйначай бацька ейны навёў яе на гэтую думку.
Читать дальше