- Піць! Піць! Піць! - неслася з усіх бакоў бадай ад кожнага зьняволенага. Усе прышвартаваныя да зямлі, дарма што дзень ня елі, цяпер толькі й прасілі, каб напіцца вады. Канваеры бездапаможна й ніякавата разводзілі рукамі. Больш сумленыя зь іх выяўлялі сваімі тварамі спачуваньне. Яны больш маўчалі на бясконцыя ляманты аб вадзе. Іншыя адбрэхваліся мацяршчынай. Некаторыя крычалі немым голасам на кожнае вымаганьне вады. Нарэшце ўсе змоўклі, пабачыўшы, што няўмольных не ўламаць і вады ад іх не дапрасіцца. Але тут, якраз побач Кастуся, раптам спыняецца адзін канваер у скураной куртцы, малады, рухавы й абвяшчае:
- Хто хоча напіцца, няхай падыходзіць да мяне.
Усе, хто пачуў гэты заклік, кінуліся да канваера. Каля яго ўраз утварыўся натоўп. Ён-жа адабраў дзесяць чалавек і загадаў ім ісьці за ім.
Сярод шчасьлівае дзесяткі быў і Кастусь. Яму пашчасьціла падбегчы першым і трапіць у лік абраных. Ён ішоў усьлед за правадніком па дарозе ў адваротным кірунку да руху й думаў толькі аб тым, як ён зараз нап'ецца тае жыватворнае вільгаці, што цяпер кожнаму становіць найпершы ідэал і мяжу першапачатных жаданьняў. Канваер ішоў ўперадзе й нават, здавалася, зусім не аглядаўся на людзей. Аднак ніхто не адважыўся загубіцца ў натоўпе падарожных людзей. Думка аб вадзе не дапускала мрояў аб уцёках. Сама думка аб волі ў гэты момант магла здацца нязбытнай.
Калі дайшлі да невялікага каменнага мосьціка праз зьвілістую й балоцістую рачулку ўнізе, пачалі спускацца з насыпу да вады. У Кастусёвага суседа знайшлася конаўка. Ён напіўся сам і даў яе Кастусю. Кастусь зачарпнуў ёю вады й прыпаў да яе губамі. Вада аж булькала, льлючыся ў горла. Кастусь азірнуўся на іншых. Усе бяз вынятку яшчэ пілі. Бальшыня проста ляжала на беразе тварам да рэчышча й нагбом сёрбала з паверхні плыні. Канваер адвярнуўся тварам да кустоў і задумна ўглядаўся ў даль па той бок ракі, дзе разьцягнуліся, як вокам сягнуць, шырокія прасторы зялёных, роўных паплавоў. На даляглядзе чарнеліся паміж зяленіва саламяныя стрэхі сялянскіх сялібаў. Кастусь павярнуўся тварам да дарогі. Там паранейшаму рухаўся ўсё той-жа бясконцы людзкі натоўп. Людзі запаўнялі дарогу на ўсход на зьмену тым, якія мінулі гэтыя мясьціны раней. Рух ані ня зьменшыўся ўначы. Падобна было, што якраз тады ён набыў найбольшага размаху. Відаць, начны перапынак у бамбардаваньні быў скарыстаны мянчанамі для масавага выхаду зь небясьпечнага места. Кожны стараўся быць далей ад ізноў чаканай калатні, каб не апынуцца пад бомбамі ўдзень. Усё новыя й новыя грамады людзей тварылі суцэльны людзкі затор на дарогах. Кожны пакідаў за сабою жудасны абраз дымнага слупа, што стаяў над вогнішчам Менску. З гэтым дымам у агні зьнікалі ня толькі скарбы й набытак шматгадовай працы, але й падзеі пражытага. Як жывы напамін аб толькі-што ўчыненым непапраўным няшчасьці, гэты слуп дыму гнаў людзей у сьвет з родных хатаў на нязнаныя выпрабаваньні. Ён стаяў страшным відовішчам у зьбянтэжаных вачох кожнага выгнанца зь беларускае сталіцы.
Усё гэта раптоўна пранеслася ў галаве Кастуся й на момант прыцягнула й ягоную ўвагу да гэтага злашчаснага слупа дыму над родным местам. Але таксама ліхаманкава хутка думка адразу-ж падказала, што цяпер, як ніколі, ёсьць добрая нагода зьнікнуць з вачэй аховы ў натоўпе падарожных. Кастусь яшчэ раз зірнуў на канваера. Той паранейшаму стаяў адвярнуўшыся, нібы сьведама даваў нагоду зьняволеным шукаць ратунку. Усе яшчэ ўсё пілі, або стараліся перадыхнуць, каб ізноў прыпасьці да гэтае, гэтак жыцьцядайнае цяпер, вады.
І хоць Кастусь марудзіў з пастановай уцякаць ці не, нейкая невядомая, інстыктыўная сіла штурхнула яго хутка ўзьняцца на насып. Тут ён заўважыў на сабе сьвідруючы, зьдзіўлены пагляд аднае маладое жанчыны з падарожных. Каб неяк разважыць ейную спасьцярогу, Кастусь запыніўся й ціха запытаўся ў яе, куды вядзе гэтая дарога. Гэта было неасьцярожнае запытаньне, бо яно толькі больш спужала яе. Ейныя вочы бліснулі спалохана, і яна ад перапуду анямела й не ўстане была што-колечы сказаць. Кастусь ня стаў чакаць адказу. Пачуцьцё самааховы падказала яму хуценька загубіцца сярод падарожных. Ён зрабіў колькі крокаў падбегам і хутка выбраўся наперад сярод выгнанцаў. Далей ён ішоў ужо вольным чалавекам у тым-жа кірунку, куды ішлі іншыя. Дарма, што калацілася, ледзь ня выскакваючы з грудзей, сэрца, аднак твар ня выдаваў адзнакі гэтага ўзрушаньня.
Праз колькі часу пачуў стрэлы. Абярнуўшыся, ён пабачыў, як далёка ўжо ад яго канваер штосьці крычыць і час ад часу страляе ўверх з нагана ды размахвае ім над галовамі людзей. «Відаць, не далічваецца чалавека, - ураз прабегла думка ў Кастусёвай сьведамасьці. - Ліха тваёй галаве. Лічы, ня лічы, нічога цяпер табе не дапаможа. Стрэлам зьбеглага ня вернеш, пішы - прапала».
Читать дальше