- Што, сьвярбіць? - зароў ён немым голасам на старога. - Ну, дык я табе зараз пачашу!
Ён вокамгненна выхапіў з кабуры наган і прыставіў халоднае, бліскучае дула да самага носу старога. Пачуўся стрэл, і на вачох этапнікаў, побач Кастуся, той павольна асунуўся на зямлю. Па твары й шыі пабег чырвоны цурок. Сьмерць прыйшла раптоўна.
Не пасьпеў Кастусь выказаць слоў абурэньня: - Зьвяры, што вы робіце? - як канваер аперадзіў яго крыкам на ўсіх не запыняцца.
- Уперад марш, бяз спынку, бо кожнаму будзе гэтак! - заскуголіў ён ні сваім, дрыжачым дыскантам на спужаных людзей. Калёна паслухмяна падалася ўперад. У кожнага з тых, хто гэта бачыў, усю дарогу стаяў у ваччу твар з цурком крыві. Жахлівы абраз бачанага прыгінаў галовы вязьняў дадолу, рабіў іх паніклымі й бездапаможнымі. Кожны мог чакаць сабе такога-ж канца. Куды вядзе іх доля й дзе іх чакае наканаваны канец? Зусім магчыма, што якраз недзе на ўзбочыне дарогі ляжа й іхнае прабітае куляю цела. Ад гэтых ашалелых няўдачаю гадаў нічога добрага чакаць нельга. Але й выратавацца наразе з гэтага становішча няма як. Усе пакорліва й бяздумна сунуліся ўперад, ледзьве перастаўляючы ногі. Слабейшыя цягнуліся ззаду. Тых, каго пакідалі сілы, чуваць было, як аднаго па адным расстрэльвалі тут-жа пры канцы калёны, вычакаўшы, калі этап адыйдзе крыху ўперад.
Кастусь пасьля бачанага выпадку ня сунуўся да краю. Наадварот, ён стараўся ізноў быць у сярэдзіне калёны. Ён бачыў, як былога аднакамэрніка, старога краўца, іншыя падтрымваюць пад рукі. Часамі ён зусім ня ішоў, а валачыўся, падвешаны на чужых руках пад пахі. Адмаўляліся слухацца старыя, ужо зусім аслабелыя ногі. Сябры як маглі, ратавалі яго ад немінучай загубы. Варта было пакінуць на волю лёсу, як ён адразу ляжаў-бы на дарозе з прастрэленай галавой. «Сьвет ні бяз добрых людзей», - падумаў Кастусь і сам наблізіўся, каб пры нагодзе зьмяніць тых добрых людзей, што ў гэткі цяжкі час ня страцілі спачуваньня да няшчасьця другога і, выбіваючыся з сілаў самі, ратуюць ад сьмерці іншага. Якраз у гэты момант былы Кастусёў сукамэрнік, аграном у белым летнім гарнітуры, які падтрымваў чалавека зьлева, сам нешта пачаў угінацца й нібыта цяжка валачыць ногі. Кастусь адразу выхапіў з ягоных рук старога й моцна пачаў прытрымваць праваю рукою ягоную левую паху. У вачох агранома засьвяцілася ўдзячнасьць.
- Няхай Бог дапаможа ў тваім жыцьці, навядзе на дарогу збаўленьня ад гэтае напасьці, - прагаварыў стары, заліваючыся сьлязьмі, што размывалі раўчукі пылу, які густа пакрываў змарнаваны твар.
Кастусь адчуваў, як гэтыя словы акрылялі яго надзеяй на лепшы канец. Цяпер, у гэтым агульным горы, зварот да Бога быў збаўчым прыцягальнікам і надзеяю ў нешта лепшае. Кастусь прыняў адкрытаю душою гэтыя словы з глыбіні ўдзячнага сэрца пакутніка. Ён прыняў іх на веру, тая ізноў сьветлаю іскрынаю залунала ў абнадзеянай душы, што шукала збавеньня. Кастусь крочыў цяпер больш упэўнена. Нябачная сіла акрыяла ў ім і надавала нейкае ўзьнятасьці. Ён нёс на сваёй правай руцэ палову цяжару чалавека й нібыта не адчуваў ніякае стомы. Калі праз нейкі час аграном хацеў яго замяніць, ён адмовіў яму яшчэ на гадзіну. Да раніцы яму прышлося некалькі раз брацца памагаць чалавеку, і кожны раз ён адчуваў вялікае задавальненьне з сьведамасьці, што ён выратоўвае чалавека ад лютае сьмерці, што крок у крок ішла неадступна па сьлядох і толькі чакала зручнага моманту праглынуць у сваёй ненажэрнай пашчы чарговую ахвяру.
Перад сьвітаньнем, пасьля няспыннага начнога маршу па пыльным бальшаку, этап дайшоў да шырокае пасекі па абодвых бакох дарогі. Тут канваеры загадалі ўсім сыйсьці з дарогі й разьмясьціцца на адпачынак на макраватым полі паміж кароткіх пнёў, рэштак нядаўна высечанага лесу. Нявольнікі мусілі сядзець на кукішках, або ляжаць, але не ўставаць. Уставаць пад пагрозаю сьмерці забаранялася. Хоць і нязручна было сядзець на сырым імху, але ўсё-ж лепш, чымся ісьці, выбіваючыся з апошніх сілаў. Людзі былі рады выцягнуцца на ўвесь рост ды старацца як мага больш адпачыць. Некаторыя паселі каля пнёў, паклаўшы ногі ўгору, каб ацякалі. А дзе-хто смактаў мох, стараючыся такім чынам перабіць сваю смагу. Нехта знайшоў у зямлі невялічкую ямінку й высмактаў зь яе рэшту затрыманае там вільгаці.
Праз колькі часу далучылі этап прыгнаных зь Летувы жанчынаў. Іх таксама, як небясьпечных, гналі тымі-ж дарогамі на ўсход, далей ад фронту. Бальшыня гэтых жанчынаў мела пры сабе курыва. Яны расьселіся сярод нашых і пачалі гаворку й роспыты. Але як адным, гэтак і другім у думках карцела толькі аб вадзе.
Читать дальше