— Каб я мог, я даўно цябе не кахаў бы.
— У такім разе, ты сапраўды хворы, але я, прабач, не доктар.
Я ўстаў. Бедная Віка, відаць, ніколі не чула і не ведала, што пра такое можна гаварыць так, і не падымала вачэй. А ты толькі пасміхалася, і ўсмешка была злосная, адчайная, як у мацнейшага, якога стукнуў слабейшы...
(5 гадзін раніцы, выходзіў пакурыць і цяпер дапісваю).
— Сядай, чаго ты ўсхапіўся? Слухай, ты нагаварыў цяпер, што я сама нічога не разумею. Можа, сапраўды я якая ведзьма? Я ўжо сама сябе не ведаю. Вяргейчык, а калі даб'ешся свайго, хвароба твая пройдзе?
— Я не ведаю. Але буду шчыры: мне здаецца, яна амаль пройдзе.
— Віка, выйдзі, калі ласка, на паўгадзіны. Толькі на паўгадзінн, чуеш?
Віка зачырванелася, як мак, засмяялася і выйшла. Ты трохі пасунулася: «Лажыся». Я пакорна сеў побач, прыўзняў тваю галаву і пацалаваў.
— Вяргейчык, — адварочваючыся, сказала ты, — нашто нам жаніцца? Я сапраўды цябе не кахаю; я не ведаю, як буду весці сябе замужам. Глядзі, каб пасля не было шчэ горш.
— Як жа ты... згаджалася?
— Думала, што зраблю ўсё, каб ты не заўважыў. Я, можа, шчэ і зраблю, можа, прыйдзе час, калі скажу: «Я даўно цябе кахала, даўно хацела выйсці за цябе замуж», але гэта будзе няпраўда. Ну, чаму цяпер не прыгон?! Хай бы за каго бацька аддаў, за таго й пайшла...
— Можа, калі мы пажывём разам, ты пакахаеш мяне?
— Не. Ніколі. Я ўжо бачу.
Колькі секунд ува мне бунтаваў фальшывы інстынкт, якому я падпарадкоўваўся. Інстынкт бунтаваў: трэба ўстаць, усміхнуцца і сказаць: «Ну, бывай!» альбо: «Што ж, ад гэтага ніхто не паміраў. Бывай». Але я ўпаў тварам у падушку і затросся ў плачы. Каму трэба мой гонар, калі прагучала слова «ніколі»!
— Але ж я не каменная... Я шкадую цябе! Ты столькі мяне дабіваўся — вось я твая. Дваццаць хвілін рабі са мною што хочаш.
Мяне трэсла, як у Кушлянах. Я аберуч схапіў тваю далонь, прыціснуўся да яе лбом, пасля глянуў — ты заплюшчыла вочы. Я рвануў уніз маланку твайго швэдара... Усё. Ты ўскочыла на калені і адкінула маю руку.
Тады я апусціўся каля ложка на калені і ціха і сур'ёзна сказаў:
— Танечка, памажы мне...
— Значыць, праўда? Значыць, праўда, ты ідзеш на ўсё толькі з-за некалькіх хвілін? Праўда? Каб ты ведаў, як я цяпер цябе ненавіджу! І раней, калі хацелася сказаць адно, а трэба было іграць, казаць другое...
Я падняўся і сеў на крэсла. Ты адышлася да шафы і стала там — відаць, я добра быў страшны.
— Ты проста баба... Жорсткая і злая баба...
Ты ўсміхалася. Я бачыў, што ты чакала гэтых слоў ужо даўно, яны табе трэба, каб апраўдацца за нешта перад сабой. Хай.
— А цяпер выйдзі. І ніколі больш не смей прыходзіць.
24 чэрвеня, 10 гадзін раніцы
Здаў іспыт на «чатыры». Моўчкі пасядзеў, пакруціў у пальцах білет. «Не ведаеце?» — «Я захварэў». — «Ідзіце, чатыры». На калідоры сустрэў Рамановіча, ён падбег:
— Дзе Міцура?
— Адкуль я ведаю!
— Ён жа ходзіць да Мяцельскай, мо ты дзе бачыў у інтэрнаце?
— Хіба ён з ёю?..
— Мо разы тры ці чатыры. Дзіўна, што ты не ведаеш, але ты ж не заходзіў у апошні час да Мяцельскай.
— Я хварэў. А дзе ж... Віка была?
— Ну, пэўна ж, выходзіла. Я адзін раз толькі быў у яе з Міцурам, пасядзелі гадзін да дванаццаці, і Мяцельская сказала: «А цяпер — спаць». Віка пайшла наверх, я дадому, а Міцура застаўся.
— А-а.
25.6.87
Таптаўся перад дзвярыма псіхіятра і ўспамінаў Талстога: «Было дело до жида, и я дожидался». Чортавая памяць — нават звар'яцелы, я помню слова ў слова цэлыя абзацы і старонкі чытанай даўным-даўно класікі.
«Што ў вас?» — спытала жанчына-псіхіятр.
«Не ведаю. Я пакахаў дзяўчыну, а яна мяне — не. І я ўжо паўгода не магу зразумець чаму».
«Вы ведаеце, колькі такіх выпадкаў па свеце?»
«Ведаю, чаму я да вас і прыйшоў. Па ідэі, у кожным такім выпадку павінен быць вар'ят. Хіба можна зразумець, калі цябе ненавідзяць за тое, што ты кахаеш? »
«У чым канкрэтна выяўляецца ваша хвароба?»
«Мне ўвесь час, і днём і ноччу, страшна, амаль жахліва. Ні адну з'яву не магу ацаніць так, як раней».
«Напрыклад?»
«Напрыклад, я сядаю есці. А нашто? Каб жыць. А нашто? Каб не памерці. А каму трэба, каб ты не паміраў? Вось усе пытанні і адказы, і мне робіцца гідка нават пазіраць на яду. Тое ж са сном, тое ж з вучобай...»
«Як вы вучыцеся?»
«На чатыры і пяць».
«Вось што: ваша хвароба завецца «функцыянальнае расстройства нервовай сістэмы». Яна ў тых ці іншых памерах бывае ў кожнага чалавека. Раней дваране лячыліся тым, што мянялі формы жыцця, ездзілі за мяжу, на воды... Я магу выпісаць вам снатворнае, а ва ўсім іншым вы самі павінны разабрацца лепш, чым хто. Чалавек вы разумны, але, прабачце, адкуль у вас такі акцэнт? »
Читать дальше