«Папаў! — падумаў Вяргейчык. Ён зусім не чакаў убачыць тут Клару Іванаўну. — Але нават лепш — хай упэўніцца...»
За сталом сядзела класная — круглатварая, прыемная на выгляд жанчына, хоць і залішне поўная. Яна ўсміхалася і нібы з ухвалай глядзела на Вяргейчыка.
— Клара! — сказала яна, па інерцыі працягваючы ўсміхацца.
Клара Іванаўна хутка азірнулася і, здалося, ніколькі не здзівілася, убачыўшы Вяргейчыка.
— Ха, з’явіўся! — сказала яна звычайным, строгім голасам. — Уяўляеце, Тамара Міхайлаўна, сарваў мне ўрок. Прыйшоў вось, стаіць — палюбуйцеся на яго!
— Хто, Вяргейчык? — спытала класная. — Ён харошы хлопец.
— Я не зрываў урок, — узбадзёрыўся падтрымкай Вяргейчык. — Я — вось... — ён працягнуў класнай скручаны ў трубачку сшытак.
— Ну-ну, дайце мне, — падышла Клара Іванаўна. Яна ўзяла сшытак і разгарнула. Тыцнула пальцам і іранічна-ўрачыста, адхінуўшы крыху назад галаву, прачытала: /.../
Загарнула сшытак і паклала на стол.
– Добра? Добра. Але за свой дзесяцігадовы выкладчыцкі стаж я магу, мне здаецца, адрозніць чужыя думкі ад думак свайго вучня. Вы скажаце, — яна махнула рукой, заўважыўшы, што Вяргейчык збіраецца перабіць, — скажаце, я магу пісаць пры вас, на вашых вачах. Калі ласка. За свой, як вы ўжо ўпэўніліся, немалы стаж я сустракала вучняў з добрай памяццю, не больш, якія лёгка маглі ўзнаўляць на паперы нават адзін раз прачытаны тэкст.
Вяргейчык пахаладзеў. Яму ўжо не хацелася ні спрачацца, ні даказваць, ды ён бы ўжо і не змог, таму што ўсе думкі блыталіся, акрамя хіба адной — нашто ён сюды ішоў?
— Можа, ён сам напісаў? — спытала класная і паглядзела на Вяргейчыка.
Клара Іванаўна ўсміхнулася.
— Мяккае сэрца ў цябе, Тамара Міхайлаўна. А пасля здзіўляемся, адкуль бяруцца спецыялісты, якія не могуць правільна напісаць слова «інтэлігент»...
Вяргейчык ступіў да стала і толькі працягнуў руку, каб забраць сшытак, як у гэты момант ля яго ног нешта звонка дзынкнула. Ён уздрыгнуў, толькі цяпер успомніўшы пра дзірачку ў кішэні, якую збіраўся зашыць ужо трэці дзень, але то не было іголкі, то забываўся... «Малайчына! — з нейкім вясёлым адчаем пахваліў сябе Вяргейчык. — Скажы дзякуй, што больш нічога няма ў кішэніі»
Тры пары вачэй правялі позіркамі двухкапеечную манету, якая, падскокваючы на швах паркета, апісала роўны паўкруг і доўга яшчэ звінела недзе пад шафай. Выкладчыцы пераглянуліся.
— Мне можна ісці? — спытаў Вяргейчык. Яму хацелася спытаць з выклікам, незалежна, а выйшла нечакана вінаватым і злёгку дрыготкім голасам.
— Не, пачакайце, — сказала Клара Іванаўна мякка, і ад гэтага Вяргейчыку чамусьці стала трывожна.
Ён апусціў галаву і пачаў глядзець на свае чаравікі. Клара Іванаўна падышла бліжэй і, стараючыся зазірнуць яму ў вочы, лагодна сказала:
— Ну, нічога страшнага — спісаў дык спісаў... Як цябе завуць?
— Ён у нас Валодзя, — адказала за яго класная.
— Слухай, Валодзя, — Клара Іванаўна трохі памарудзіла. — Чаму ты так дрэнна апранаешся? Раскажы, не бойся, можа, дома што? Можа, бацька п’е? Не бойся, тут жа чужых няма, — павяла яна рукой вакол сябе.
— У яго няма бацькі, — зноў адказала класная, – адна маці. Вядома, цяжка. А заўтра стыпендыяльная камісія... Ага! — тут здагадалася яна. — Хлопчык, напэўна, таму і прыйшоў.
Вяргейчык падняў галаву. Тамара Міхайлаўна глядзела на яго з жалем. Клара Іванаўна прыязна ўсміхалася.
— Ну што ж. Калі так... — сказала яна і, падцяўшы вусны, нейкі момант глядзела ў адну кропку, абдумваючы нешта. — Ай, Тома, давай зробім выключэнне!
Клара Іванаўна зноў разгарнула сшытак і агледзелася па баках. Тамара Міхайлаўна падала ёй ручку з чырвоным чарнілам. Клара Іванаўна прымерылася да адзінкі, чыркнула палоску ўверх так, што атрымалася чацвёрка, і закрэсліла слова «спісана».
— Уся праблема! — засмяялася класная.
— На, — працягнула Клара Іванаўна сшытак Вяргейчыку. — Ну, я думаю, залішне напамінаць, што мы пайшлі табе насустрач... Вучыся, не крыўдзі маці, — яна падумала, што б яшчэ сказаць. — Цябе папракаю, — звярнулася да класнай, — што сэрца мяккае, а сама...
I Клара Іванаўна ўсміхнулася ўсмешкай чалавека, які не прывык выстаўляць напаказ сваю велікадушнасць...