Было відаць, што ён папраўдзе нічога не разумее.
Матка не стала нават пытацца, што тут выйшла. Як гэта адзіны сын, якога яна так цяжка гадавала, адна, без чалавека, можа мець нейкую вінаватасць?
— Пабольш бяры ў галаву,— параіла яна.— Хадзі лепш глянь, ці не забылася я чаго...
У наступны момант Скаражонак ужо стаяў над расчыненым чамаданам і прыкідваў, што б яшчэ ўзяць,— дарога няблізкая.
Учарашні васьмікласнік, а цяпер навучэнец палітэхнікума Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і, для выгляду наморшчыўшы лоб, глядзеў на доўгія рады лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія, старанна стукаючы крэйдай, выпісваў на дошцы выкладчык матэматыкі.
«I як гэта людзі могуць так разумець — ды што там разумець — захапляцца сухімі бяздушнымі лічбамі? — здзіўляўся Вяргейчык. — Я разумею тры яблыкі ці, скажам, дваццаць пяць кароў, — яму на міг стала весела, — бо гэта можна ўявіць. Але квадратны корань з трох? Лагарыфм з дваццаці пяці? Канечне, лічбы патрэбны, але ж, зноў-такі, толькі тым, каму падабаецца з імі важдацца...»
Увесь амаль урок у Вяргейчыка было адчуванне, што выкладчык проста знарок, жартам стараецца даказаць ім, быццам умець абыходзіцца з лічбамі так і гэтак — найвялікшая асалода. Ён нават неяк падспудна чакаў, калі таму надакучыць вадзіць іх за нос і што хутка, засмяяўшыся, выкладчык скажа: «А што, паверылі, што цікава? Вось паверылі ж?» — пасля чаго вытра дошку і пачне на ёй нешта маляваць ці хоць бы пісаць словы, якія так лёгка ўяўляюцца. Вось хоць слова «сіні», напрыклад...
Вяргейчык крадком пачаў паглядваць у акно, і ўсмешка раз-пораз прабягала па яго твары. «Сіняе неба, сінія вочы — такое лагоднае, такое... пяшчотнае слова, — з замілаваннем думаў ён. — Але нуль цэлых тры дзесятых? Хоць забі, галава мая пустая, і ні пяшчоты, ні лагоды гэтыя нулі не выклікаюць, бо нуль — ён і ёсць нуль...»
Так Вяргейчык прасядзеў да канца ўрока, разам са званком сарваўся з месца і першы выскачыў на калідор. Ён спусціўся ўніз (іх група займалася на трэцім паверсе) і выйшаў на двор, жмурачыся ад ранішняга вераснёўскага сонца.
Ад тэхнікума да шашы, дзе быў аўтобусны прыпынак, цягнулася доўгая, яшчэ па-летняму густая алея таполяў. Мокрае пасля начной расы лісце пад яркімі промнямі сонца ззяла цёмна-чырвоным золатам. Нібы сагрэтыя цяплом, старыя, з маршчыністай, патрэсканай карой дрэвы ледзь чутна шумелі — здавалася, гэта яны, таполі, і наганяюць лёгкі ветрык. Сярод круглай бетоннай клумбы перад самым уваходам, над дробнымі сінімі кветкамі ўзвышаліся два маленькія, познія сланечнікі, у якіх ніколі не бывае зярнят. Яны ўсё ж важна паварочвалі свае мала жоўтыя галовы да сонца, нібы сапраўдныя вясковыя таўстуны-сланечнікі, якіх абвязваюць марлямі, каб не падзяўблі вераб’і...
Цёплая залатая восень! Вяргейчык засмяяўся і заплюшчыў вочы — на міг здалося, што ён не ў тэхнікуме, а зноў у сваёй старой драўлянай школе, выйшаў на ганак і дыхае, не можа надыхацца роднымі, блізкімі з дзяцінства пахамі восені... Поўнасцю забыцца перашкаджаў хіба што роўны гул машын з шашы...
— Здароў! — нехта крануў Вяргейчыка за рукаво.
Гэта быў невысокі белабрысы юнак, які вучыўся ў другой групе, а родам быў з суседняй Вяргейчыку вёскі. Прозвішча яго было Жменька. (Яшчэ ў школе хлопец вельмі не любіў, калі з ягонага прозвішча смяяліся, і даказваў, што такое ж меў адзін з герояў аповесці Шамякіна.)
Вяргейчык моцна паціснуў руку земляка і ўздыхнуў.
— Фізіка ў вас?
Жменька таксама ўздыхнуў і кіўнуў галавой.
Прыжмурыўшы вочы, ён паглядзеў перш на таполі, а потым прыслухаўся да гулу на шашы.
— Грыбоў зараз поўны лес, га? — ажывіўся ён раптам. — Я іх так спрытна бяру — каб хто толькі ведаў...
Вяргейчык не паспеў адказаць, бо Празвінеў званок, трэба было спяшацца. У тэхнікуме вялі своеасаблівую барацьбу супраць спазненняў: за першае — выклікалі да класнай, за другое — да завуча, а за трэцяе — пасылалі дамоў адзін са спецыяльных бланкаў, якія друкаваліся ў бухгалтэрыі пра запас і былі такога зместу: «Ставім Вас в известность, что Ваш(а) сын — дочь (падкрэслівалася) систематически опаздывают на занятия...» і г. д. Мелася на ўвазе, каб бацькі кідалі ўсе справы і, схапіўшыся за галаву, ляцелі за блізкі свет прымаць меры.
Канечне, гэтыя выклікі і пісьмы не зменшылі лік спазненняў, наадварот: тыя, што спазняліся на хвіліну, не ішлі на цэлы ўрок – усё адно давядзецца адказзаць, дык лепш за ўсё разам.
...Калі задыханы Вяргейчык прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная навіна: другі ўрок матэматыкі адмяняецца, будзе літаратура! Ужо прыходзіла Клара Іванаўна і сказала, што раз ніхто не браў ні канспектаў, ні падручнікаў, будуць разбіраць сачыненне, якое пісалі на па-за тым уроку.
Читать дальше