Каму можа быць цікава з чалавекам, які думае і прыгнечаны толькі адным? Як я ні стараюся пераключыцца, усё роўна нешта выліваецца. Не толькі ты, а нават такі далёкі мне духоўна чалавек, як Брусавец, заўважыў, што са мной не тое.
Доўгі час я баяўся гэтых думак, стараўся іх не заўважаць. Але яны самі неяк выплылі...
9.6.87
Памірыліся, але лепш бы ўжо было як было. Я прыйшоў, сказаў, што не магу быць адзін, яна холадна пацалавала мяне — і ўсё. Што там было ў Кушлянах у яе з Міцурам? Ніхто не ведае, а Міцура змяніўся: стаў хмурым, сярдзітым і нейкім няшчырым са мною. Ён яшчэ не ведае, што з ім такое. Хлопчык, хлопчык, я табе не зайздрошчу! Хоць у цябе, вядома, будзе ўсё добра — здагадаешся і лёгка зробіш тое, чаго ўжо ніколі не зрабіць мне.
Таня цяпер якраз такая, калі ведае, што ўсё выдатна, усе яе любяць, а далей будзе шчэ лепей.
23.6.87
Чатыры гадзіны ночы. Брусавец спіць, а я пішу. Ведаю, што, калі зараз лягу ў ложак і выключу святло, пачнецца прыпадак страху. Адзіны паратунак — папера, пісаць. Навошта? Не думаць, я ж вар'ят. Усё складанае проста, ад вялікага да смешнага адзін крок. Аказваецца, паўгода я быў вар'ятам. Замест таго каб самому лячыцца, патрабаваў ад Тані, каб і яна звар' яцела, зраўнялася са мною. Ніякага іншага тлумачэння больш няма. Як мне ўдавалася абдурнаць столькі часу і выкладчыкаў, і сяброў, і матку, прыкідваючыся разумным? Хоць што — лішні доказ. Дзе хто бачыў вар'ята, які прызнаецца? Гэтак жа і вар'яцеюць: перш нікому не кажуць, што вар'яты, жывуць, нешта сваё вар'яцкае робяць і хочуць рабіць, за ўсё хапаюцца, потым злосць, неразуменне, што нічога не выходзіць...
Трэба сабраць неяк у адно рэшткі свайго хворага розуму і пратрымацца хоць гэтую ноч. Заўтра — да псіхіятра, трэба не забыць сабрацца збольшага, бо наўрад ці адтуль вярнуся. Дый самому не хочацца. «Свет — гэта чорны ўзрушаны вір, а я ў ім — нябачны, маленькі вандроўнік». Калі чалавек сядзіць у турме ці на высылцы і ведае, што сядзіць ні за што, ён хоць бачыць і ведае сваіх непасрэдных катаў: наглядчыка ці там каго. Яго становішча так ці інакш залежыць ад волі нечага канкрэтнага. Маё становішча залежьщь толькі мо ад якога д'ябла. Шкада, што я вар' ят, і шкада, што нікому не трэба мае доказы — а даказаў бы я лёгка...
Трэба не няволіць сябе, пісаць, як лягчэй. Пісаць ЁЙ. Усе апошнія запісы, па сутнасці, размовы з ёю на паперы.
Добрай раніцы, мая Танечка! Я ў лісце буду тлумачыць табе сваю віну — не таму, каб апраўдацца, а каб ты пасля мяне верыла людзям. Словы, якія я сёння табе нагаварыў, я ніколі-ніколі не трымаў у галаве. Я ўзнаўлю ўсе сягонняшнія свае і твае дзеянні, і ты зразумееш, чаго я такое казаў.
Я купляў у кіёску на рагу газету, а вы з Вікай выйшлі неяк нечакана і неслі ўдзвюх вялікую гаспадарчую сумку. Ты кіўнула... і пайшла, нават Віка здзівілася, пацягнула за сумку. Тады ўжо ты вымушана была спыніцца. Усё так супадала з маімі думкамі!
Я ўзяў сумку, мы, пакуль ішлі, трохі гаварылі пра ўсё і ні пра што (калі мы не адныя, табе лягчэй), і так зайшлі ў ваш пакой. Ты спалохалася, калі добрая здагадлівая Віка адразу ж некуды сышла; пачала разбіраць сумку, прынесла вады і пачала мыць і рэзаць куру, быццам гэта абавязкова было рабіць цяпер, у дванаццаць гадзін дня. Ніколі ў такі час ты не гатавала ніякіх кураў і ўвогуле абедаў. У цябе былі чырвоныя, у крыві і ў курыных вантробах, рукі, мне здаецца, ты сама гідавала і знарок, на маіх вачах, рэзала яе, каб не абдымацца такімі рукамі. Я моўчкі ўзяў ліст паперы, асадку і пачаў пісаць:
«Таня! Перад Кушлянамі ты пыталася: як я ўяўляю сабе нашую жаніцьбу і як мы будзем жыць у розных месцах? Цяпер, абдумаўшы ўсё як мае быць, я на іх адкажу. Намеры мае жаніцца не тое што не зменшыліся — я не ўяўляю сабе жыцця без цябе. Я пераканаўся, што пачуццё маё не глупства, не гульня, а сапраўднае каханне, якое раней ні да адной дзяўчыны я не адчуваў. Мне хапала маленечкага непарадку ў адзенні альбо, напрыклад, рукі, вымазанай кураю, — і ўсё, нічога не ўспаміналася, акрамя гэтага. Цябе за такія дэталі я кахаю яшчэ больш, бо яны неяк робяць цябе больш даступнаю. Гэта такі доўгі ўступ, а непа срэдна вось што:
Як я сабе гэта ўяўляю?
Лета праводзім разам у будатрадзе, калі выйдзе. Ці — ты едзеш дадому, я — у будатрад, і перапісваемся. Восенню пішаш мне ліст, я прыязджаю, і мы жэнімся.
Як будзем жыць?
Я буду ездзіць да цябе кожны выхадны, вакацыі і святы — разам.
На якія сродкі?
Неяк раней матка паклала мне на кніжку тысячу рублёў. Хоць на нейкі час іх хопіць. Мне абяцалі работу пасля лекцый — рублёў на восемдзесят, плюс шэсцьдзесят павышаная стыпендыя, плюс рублёў сорак шле матка. Калі атрымаецца з работаю, будзе сто восемдзесят рублёў на месяц, і можна будзе жыць.
Читать дальше