— Карты ў мяне няма, мы схавалі яе...
— У нас вашая малая, Аксана, у машыне,— зразумела табе? Скажы, дзе карта, мы адпускаем яе, зматваемся, і больш вы нас тут ніколі не пабачыце. Будзеш дрыгацца — мы зараз сядаем у машыну і вы больш не пабачыце ні нас, ні малой,
Настаўнік збялеў, як палатно. Раптам ён кінуўся да машыны. Сева загарадзіў яму дарогу, выхапіў зза пазухі руку. Бліснула лязо нажа. Каця ўскрыкнула, закрыла далонямі твар, прыціснулася да Змітрака.
— Стань на месца! — загадаў Сева настаўніку.— Ты думаў, жартаваць тут з вамі сабраліся?
— Пакажыце... яе,— выдыхнуў настаўнік.
— Лысы!
Заднія дзверцы адчыніліся. Аксана тузалася на сядзенні. Лысы моцна трымаў яе за каўнер курткі. Рукі ў дзяўчынкі былі звязаныя за спінаю, рот таксама закрыты павязкаю, таму яна і не крычала.
— Хутка вы там? — прабурчэў лысы.— Кусаецца, зараза, павязку сцягвае.
— Вар'яты,— збялелы Барыс Рыгоравіч схапіўся за сэрца.— Пачакайце, я зараз... Я ўсё аддам... Што ж вы робіце, чым вы думаеце?.. Хіба ж любыя скарбы варты гэтага?..
— Дурань ты,— пагардліва сказаў Павук,— газет, відаць, не чытаеш, тэлевізара не глядзіш. Жыццё чалавечае цяпер нічога не варта. Знік чалавек — і ніхто не шукае!
— Вас будуць шукаць, і зловяць...
— За што нас лавіць? Мы забіраем карту, адпускаем малую — і ўсё. У міліцыі вам скажуць: «Дзяўчынка жываяздаровая? Ну і не дурыце нам галавы'» Да таго ж не паспееце вы выбрацца з гэтага поля, як мы будзем на тэрыторыі іншай краіны, у Расеіматухне, тут праз Барысаў гадзіну язды. А там у нас усё падмазана, падрыхтавана, дакументы ў норме і, можа быць, ужо заўтра шукай нас па ўсёй Еўропе. Ды і шукаць ніхто не будзе, паўтаруся, бо «ў наяўнасці адсутнасць злачынства», як казаў адзін мой знаёмы адвакат.
— Ты забываеш пра галоўнае,— нагадаў Сева, забаўляючыся з нажом,— нам трэба яшчэ забраць скарб, а месца яго пазначана на карце, а карту нам не аддаюць...
— Аддадуць. Вось зараз адпусціць чалавеку сэрца, і ўсё нам аддадуць.
Барыс Рыгоравіч скінуў з пляча рукзак, стаў развязваць матузкі. Рукі ў яго дрыжэлі. Сева адпіхнуў яго, узяўся сам. Мокрыя, туга сцягнутыя матузкі не паддаваліся. Сева вылаяўся і чыркнуў па вузле вострым нажом.
— Толькі не азірайся адразу,— прашаптаў Змітрок Міхалу.— Бачыш, ідуць жытам?..
— Я іх даўно бачу! — гучна сказаў Міхал.
Раздаел 69. НЕЧАКАНАЯ ДАПАМОГА
З-за машыны, на хаду сцягваючы з пляча стрэльбу, паказаўся дзед Макар, мокры з галавы да ног. Ззаду ледзь паспяваў змораны Чэсь. Хлопчык адразу падаўся да сваіх.
Выгляд у дзеда быў грозны.
— Дзе дзяўчынка?
— Хто гэта яшчэ такі? — Павук здзіўлена зірнуў на Севу.
— Ды дзед наш, мы ў яго начуем, — Сева разагнуўся, трымаючы рукзак за гіч.— Чаго табе трэба, старэча? Чаму на печы не сядзіш?
— Адпусціце дзяўчынку, каху, прыблуды! — дзед Макар ускінуў стрэльбу, прыцэліўся — акурат як тады, калі страляў у сома. — Шрот у мяне буйны, мала нікому не падасца!..
У машыне адчыніліся дзверцы:
— Сева, дай яму даляраў дзесяць, ды хай валіць адсюль! — пачуўся голас лысага.
Дзед крута павярнуўся і паспеў убачыць звязаную Аксану. Сева палез у кішэню курткі:
— На! — дастаў і працягнуў дзеду нейкую купюру.— Цябе тут толькі не хапала, стары корч...
У адказ ляснуў стрэл. Шрот прасвістаў у Севы над галавою. Той ахнуў і запознена прысеў.
— Ты... што?!
— Другі раз вазьму ніжэй,— паабяцаў дзед Макар.
Павук першы апамятаўся, крыкнуў спалохана:
— Барыс, спыні яго! Інакш малой горш будзе!
Настаўнік кінуўся да дзеда, стаў паміж ім і Севаю, растапырыў рукі:
— Што вы робіце, апусціце стрэльбу, тут жа дзеці! Я аддам, усё ім аддам, і яны адпусцяць Аксану... Дзе рукзак?
Сева асцярожна наблізіўся, падаў. Барыс Рыгоравіч сунуў руку ў разрэзаную Севам дзірку, выцягнуў вазу:
— Вось, у ёй план, вы ўсё лёгка знойдзеце, гэта недалёка, пад Барысавам... А цяпер адпусціце дзяўчынку!
— Пачакай, дай сюды,— Павук забраў вазу ў Севы, выкалупнуў пергамент, блізарука пачаў узірацца. І раптам радасна засмяяўся: — Вось яно! Усё тут... Божа мой, нарэшце... новае жыццё, Еўропа, эх, Барыс,— дзеля сваёй мары чаго не зробіш? Усё зробіш!
— Вазу хоць пакінь дзецям,— папрасіў настаўнік.
— Вазу? Гм, сапраўды, гэта было б справядліва... Але не магу — музейны экспанат. Яны сабе яшчэ такую знойдуць, а я пакідаю вам малую — ці ж гэтага мала? Адпускай! — крыкнуў ён і пацёгся да машыны.
Лысы выштурхнуў дзяўчынку. Яна ўпала на калені, войкнула. На твары ў яе ўжо не было павязкі. Настаўнік падбег, дапамог ёй падняцца і развязаў рукі. Аксана аддыхалася, убачыла сяброў, дзеда Макара, вазу і пергамент у руцэ ў Павука... Усё зразумела:
Читать дальше