— Знайшлітакі! Выкапалі! Ну, чэрці!..— і зарагатаў.
Следам з машыны выграбся Павук з мыліцамі, хуценька зашчоўкнуў за сабою дзверцы.
— Ты?! — Барыс Рыгоравіч аслупянеў ад нечаканасці.
За цёмным шклом машыны нельга было ўбачыць, хто там у ёй, таму поўнай неспадзяванкаю было з'яўленне старога аднакашніка, нават сябра некалі.
Хутка, аднак, Барыс Рыгоравіч прыйшоў у сябе:
— Трэба ж! — сказаў насмешліва.— Столькі гадоў не бачыцца, каб сустрэцца ў дождж, у гразь, на нейкім полі, за дзвесце кіламетраў ад сталіцы!
— Чаго не зробіш, калі засумуеш па старым сябры? — у тон яму адказаў Павук. — Не пабаішся ні дажджу, ні гразі.— Абапёрся на мыліцы, падкавыляў да пня, пацмокаў языком. — Ідзі да мащыны! — загадаў Севу і зноў павярнуўся да Барыса Рыгоравіча: — Што ж, Барыс, нават павітацца не хочаш? — сказаў з дакорам.
Настаўнік неахвотна падышоў. Парукаліся.
— Дык ты знарок з Мінску дзеля гэтага? — кіўнуў на раскапаны пень Барыс Рыгоравіч.
— Кажу ж, цябе пабачыць захацелася! Маладосць успомніць...
— Не крыўляйся.
— Эх, маладосць!.. Памятаеш, Барыс, якія мы былі маладыя! Апантаныя! Легендамі рознымі цікавіліся, скарбы нейкія шукалі... І, як бачу, нездарма! — Павук падміргнуў Барысу Рыгоравічу.— У самы час я сябра наведаў, акурат паспеў... Нюх у мяне на гэта. Многа хоць каштоўнасцей было? — пазмоўшчыцку спытаўся ён.— Ці толькі план, як мы з табою некалі і здагадваліся? Бачу, бачу — ямка малая, значыць, адзін план.
Барыс Рыгоравіч азірнуўся на дзяцей. Было відаць, што яму сорамна казаць няпраўду нават такому чалавеку, як Павук. Усё ж сказаў:
— Нічога не было. Легенда гэта, проста прыгожае паданне.
— Малая прыходзіць да мяне ў архіўны музей і гадзіну выпытвае і выпісвае ўсё што можна пра гэтае паданне. Другі талер знаходзіцца. Ты раптоўна знікаеш з Мінску, і я даведваюся, што ты ў Паплавах,— Павук панізіў голас.— Падшыванцы гэтыя толькі тое і робяць, што паўсюль лазяць, вынюхваюць, высочваюць... І вось вы ўсе разам апынаецеся ў адным месцы. Ці не зашмат мітусні зза нейкага падання? Табе не здаецца?
Настаўнік памаўчаў крыху, тады ў сваю чаргу спытаў:
— Адкуль ты даведаўся, што я ў Паплавах? А, ну вядома — шпіёны твае данеслі, яны ў Паплавы часта ездзяць,— кіўнуў ён на Севу, што прыхінуўся да капота машыны, падняў каўнер скураной курткі і цярпліва чакаў.
— Чаму шпіёны? Звычайныя людзі, сябры мне. Яны таксама маюць права на долю, як і я. Згадзіся, Барыс,— мы ўсе маем права на гэты скарб. Табе давядзецца падзяліцца.
— Нічога пад пнём не было,— цвёрда сказаў настаўнік, не гледзячы, аднак; Павуку ў вочы.— А калі б і было, дык я думаю, без аніякіх доляў — цалкам усё належала б толькі дзецям. Але няма!..
— Няма, дык няма, што ж паробіш...— згадзіўся Павук. — І ўсё адно вы героі! Гэта ж знайшлі самое месца, вылічылі неяк! Зайздрошчу. А мы з табою столькі гадоў біліся — раскажы хоць, у чым загадка?
— Не я, яны разгадалі,— паказаў на дзяцей Барыс Рыгоравіч.— А ў чым была загадка... баюся, табе не зразумець гэтага. Трэба быць сваім у гэтым краі, а ты як быў тут чужы, так, відаць, і застаўся.
— Цудоўна сказана! — ладхапіў Павук.— Дзе радней, там і радзіма. Надакучыла мне тут, Барыс, сіл больш няма! Хоць пад канец жыцця хачу дыхнуць вальней, пажыць палюдску.
— З’язджаць хіба сабраўся?
— Нават пашпарт замежны з сабою,— ляпнуў па кішэні Павук.— Нават з працы звольніўся, нават кватэру прадаў,— усё, як трэба.
— Што ж, так адсюль і паедзеш? І ў Мінск больш не вернешся?
— Проста з гэтага поля і паеду. Навошта мне Мінск, хто мяне там чакае?.. Усе мае пажыткі ў надзейным месцы, далёка адсюль. Даляраў крыху, золата, абразы, каменьчыкаў з дзесятак... але мала, мала! Таму і закарцела праведаць старога сябра — а раптам паможа?
— Павук, канчайце гаварыльню! — гукнуў Сева.— Часу мала.
— Чуў? Дык дзе яна, карта, кажаш? — у голасе Павука раптам зніклі ноткі іроніі.— У рукзачку? Зараз праверым,— заціснуўшы пад пахаю мыліцу, ён пацягнуўся рукою да рукзака.
Барыс Рыгоравіч адступіў:
— Апамятайся! Што вы задумалі?! Сілаю будзеце адбіраць у мяне тут, на вачах у дзяцей?!
— Ага, значыць, усё ж ёсць што адбіраць,— Павук зглынуў сліну, нядобра прыжмурыўся.— Не бойся, сілаю адбіраць не будзем. Ты сам аддасі. Ты яшчэ не ведаеш, які ў нас сюрпрыз для цябе падрыхтаваны.
Сева адарваўся ад машыны, сунуў правую руку за пазуху, хутка падышоў да іх.
— Ну, скончылі свае байкі, старыя прыяцелі? — сказаў раздражнёна.— Настаўнік, думай хутчэй, ты нас затрымліваеш!
Читать дальше