— Сядзі ціха,— прасіпеў ёй у твар Павук, хапаючы яе за плечы. Рукі ў яго нечакана аказаліся моцнымі, бы абцугі.— Сева, за паваротам спынішся, лысы сюды перасядзе, паможа мне!
Аксана, вырываючыся, крыкнула, але моцная, учэпістая далонь заціснула ёй рот.
Раздзел 66. НАРЭШЦЕ ЎДАЧА
Чэсь дзе пехам, дзе подбежкам спяшаўся па дарозе — туды, дзе поле, куды паехала машына. Ён сам не ведаў, навошта бяжыць туды, што збіраецца там рабіць, чым ён зможа дапамагчы Аксане. Што задумалі «геолагі»? Неяк пранюхалі, разгадалі пра месца скарба? І едуць цяпер на поле, каб адабраць яго? Калі яны застануць там усіх, стары настаўнік з Міхалам і Змітрам, і з Кацяю ў дадатак, не абароняцца ад двух здаровых маладых мужчын... І навошта села да іх Аксана? Яна ўсміхалася, была спакойная... Тады чаму не падабралі яго, Чэся? Ці Аксану заманілі ў машыну і проста не выпусцілі? Не, штосьці тут не так!..
Самае разумнае, што адразу прыходзіла ў галаву: бегчы зараз да Кладаў, гнаць лодку ў Паплавы і зваць людзей на дапамогу. Але не было ўжо ні сілаў, ні часу, а галоўнае, сорамна — раптам гэтыя «геолагі» ніякай шкоды ім не зробяць і не збіраліся рабіць? Тады і хлопцы, і Аксана, і настаўнік, ды ўвесь пасёлак засмяюць яго!
— Далёка сабраўся? — раптам пачуў ён ззаду знаёмы старэчы голас.
З лесу на дарогу выходзіў дзед Макар. Не верачы сваім вачам, Чэсь кінуўся да яго:
— Дзед Макар, вось дзякуй Богу, што вы тут!
Дужы, крыху прыгорблены, у сваіх нязменных кірзачах, у брызентавым плашчы і са стрэльбай за плячыма дзед адным выглядам сваім адразу ўсяліў спакой. Цяпер усё абыдзецца!
— Памажыце, дзед Макар, «геолагі» вашыя забралі Аксану і на поле паехалі, а там настаўнік зараз можа быць, і ўсе!.. Там экскурсія ў нас... раскопкі могуць быць, а «геолагі» могуць забраць, ім патрэбна дужа...
Чэсь зразумеў, што заблытаўся. На яго шчасце, дзед Макар ні аб чым не распытваў, нават, як падалося, не вельмі і ўстрывожыўся, нібы быў гатовы да такіх падзей. Адно ссунуў над пераноесем кашлатыя бровы:
— Усё ж не ўберагліся, праўду казаў участковы... Даўно паехалі гэтыя прыблуды, «геолагі»?
— Нядаўна. Можа, яшчэ нічога страшнага, бо Аксана сама да іх села, але... хадземце хутчэй на поле! Па дарозе раскажу.
— Пачакай, я ведаю сцежку наўпрасткі, праз лес.
Ужо на хаду мяльком зірнуў на Чэся, паспачуваў:
— Аднак ты мокры ўвесь, аж калоцішся, не захварэй.
— Нічога страшнага,— Чэся трэсла зусім не ад холаду.
Раздзел 67. НА ПОЛІ
Змяняючы адзін аднаго, Міхал са Змітрам па чарзе абкапалі пень, абчысцілі зямлю па краях, і пень — шырокі, роўны, бы стол,— здалося, ва ўсіх на вачах прыпадняўся, вырас з зямлі сантыметраў на пяць — дзесяць. Міхал калупнуў яго прэнтам:
— Бачыце, як пілавалі? Укругавую, па частачках, ручнымі піламі.
— Усё ты ведаеш,— пазайздросціў Зміцер.
— Я што, ніколі не пілаваў з бацькам? Вось адтуль і ведаю: калі рукамі пілуеш — пень роўны, а бензапілою — абыякі.
Міхал падспудна чакаў, што Барыс Рыгоравіч пахваліць яго за назіральнасць, падтрымае, але настаўнік як і не чуў хлопцаў. Ён хоць і не працаваў рыдлёўкаю, але стаміўся, здавалася, больш за хлопцаў. Гледзячы, як яны завіхаліся вакол пня, настаўнік штораз прыкладаў да ілба і без таго даўно мокрую насоўку.
— Сябры мае, нам і так сёння дужа шэнціла, аж не верыцца,— усхвалявана сказаў ён.— І ўсё адно так будзе крыўдна, калі зараз напаткае расчараванне! Я вось думаю: а раптам француз не закапаў карту пры пні, а схаваў у сухую дуплянку ў ствале? А ствала даўно няма.
— Я на месцы француза таксама не стала б капацца ў зямлі,— сказала Каця. Да гэтага яна ціхенька стаяла збоку, стуліўшыся, але не скардзілася ні на дождж, ні на холад.
— Тады б людзі, што спілавалі дрэва, абавязкова праверылі б усе дуплы,— не згадзіўся Зміцер,— і знайшлі б карту. Гэта ж цікава, як утрымацца, каб не залезці ў дупло? А калі б карта знайшлася, усе ведалі б пра гэта, і ў музеі была б, і ў кніжках напісалі б.
— ЛагічнаІ — засмяяўся Барыс Рыгоравіч.— Дый часта бывае, што дупло размешчана нізка, пры самай зямлі, і вядзе пад зямлю, так што яму, можа, і капаць не давялося. Толькі што гадаць? Зараз пра ўсё даведаемся. Давай, Міхал, з Богам...
Міхал асцярожна, акуратна, упрытык з пнём, па сантыметрах пачаў пратыкаць зямлю, стараючыся ўганяць востры прэнт на ўсю даўжыню. Настаўнік з Кацяю моўчкі сачылі за ім, Змітрок даваў парады:
— Не спяшайся... Акуратней... Адступіся далей ад пня, чаго ты да яго прыліп...
— Не вучы вучонага. Карані перашкаджаюць...
Читать дальше