— Казаў, на поле нечага пойдуць, гэта пад Вушою, па той бок ракі,— ахвотна растлумачыла бабуля.— Там дубы яшчэ сярод жыта.
— А як туды бліжэй праехаць?
— Ніяк: тут жа ні моста, ні парома, усе лодкамі перапраўляюцца. Гэта вам трэба ў Бярозу, а там цераз мост і назад паўз раку — на поле.
— Я ведаю! — азваўся з машыны Сева, які ўсё чуў у адчыненае акенца.
— Ну, бабка, дзякуем! Мы паехалі,— Павук паклыпаў назад, уваліўся ў машыну.
— Пачакайцеі — схамянулася бабуля.— Яго вы забераце, а як жа дзеці?
— І іх забярэм, — супакоіў Павук. — Машына вялікая, усе памесцімся... Давай! — нецярпліва скамандаваў лысаму.
Раздзел 63. УЧАСТКОВЫ
Не паспела бабуля зайсці ў хату, як з вуліцы яе зноў пазвалі. Участковы, без матацыкла. Адчыніў фортку, увайшоў у двор:
— Што яны хацелі, Сцяпанаўна?
— Настаўніка пыталі,— адказала старая, адчуўшы невядома з якой прычыны трывогу.— Я сказала, ён у паход з дзецьмі выправіўся, на поле пад Вушою, дык яны цяпер туды паляцелі... А што такое?
— Што такое... Жульё яны — вось што такое.
— А Божухна! — пляснула рукамі, адразу змянілася з твару бабуля.— Там жа дзеці!
— Вось іменна. Вы ведалі гэтага настаўніка? Чаму адпусцілі дзяцей з ім?
— Як жа не адпусціць — ён унучку маю вучыць, сына знае, такі харошы, добры чалавек...
— Добры... Хто цяпер добры? Можа, з аднае хеўры з гэтымі.
— Дык і гэтыя ж цэлую вясну ў Макара круціліся, ты ж сам іх бачыў кожны дзень, чаму не арыштаваў?!
— Фактаў не было. Цяпер з'явіліся. Дарэчы, раз ужо Макара згадалі — дзе ён можа быць цяпер?
— На раку ішоў... А Божа ж мой!..
Вохкаючы, божкаючы, яна кінулася ў хату, павязала хустку, усунула босыя ногі ў боты, выскачыла на двор. Участковы яшчэ не пайшоў, прыкурваў, захінаючыся ад зморасі.
— Рабіце штонебудзь, вы ж міліцыя!
— Рабіце... Я ж такую машыну не даганю на сваім драндулеце. Хадзем!
Бабуля нават не спыталася куды. Па вуліцы даўгалыгі ўчастковы ступаў звычайнымі сваімі крокамі, а яна амаль бегла за ім. Ішлі да ракі.
На шчасце, дзед Макар быў на «прыстані», корпаўся пры лодцы. Убачыў участковага з Ганнай, застыў, насупіўся, угадваючы, што не з дабром да яго гэтыя адведзіны.
— Я цябе папярэджваў? — пачаў участковы, падышоўшы. Кінуў пад ногі недакурак і ўціснуў ботам у мокры пясок.
Дзед Макар — дужы, каржакаваты, аднаго з участковым росту — разагнуўся.
— Не крычы,— сказаў спакойна.— І не пужай жанчыну, вунь збялела ўся. Кажы, што здарылася?
На ўчастковага падзейнічала.
— Здарылася... Жулікі твае кватаранты — вось што здарылася. Машына ў іх крадзеная. Я іх даўно падазраваў, не паленаваўся, навёў даведкі — і калі ласка, пацвердзілася: гэтая «Аўдзі» паўгода, як у вышуку.
— А я тут пры чым? ХІба на ёй напісана, што яна крадзеная? Вы, міліцыя, даведаліся пра гэта — вы і лавіце, вам за гэта грошы плацяць.
— Мы то зловім,— сказаў участковы.— Я ўжо званіў у Бярозу, там ведаюць, ужо абвешчаныя ўсе пасты і дарожныя «даішнікі» — так што нідзе твае кватаранты не дзенуцца. Іх то мы зловім, але каб яны каго раней за нас не злавілі! Настаўніка шукаюць, што ўчора з Мінска прыехаў, а настаўнік з дзецьмі ў паход пацёгся, аж на поле пад Вушу. Прыспічыла ў самы дождж. Трэба яшчэ разабрацца, што ён за настаўнік, чаму з тваімі кватарантамі шашні водзіць, навошта ім спатрэбіўся?
— А Божа... А я ж, дурная, яму паверыла,— адразу забожкала бабуля.
— Не палохай чалавека, кажу! — павысіў голас дзед Макар.— Ну і што, што ў паход пайшлі? Ды там адзін Міхал усё навылет ведае! Як іх знойдуць? Хіба яны на адным месцы стаяць будуць?
— Ох, на адным, Макарка! Той настаўнік сказаў — мясціна там, кажа, рэдкая... Я пытаю — а тут, блізка, хіба кепскія вам мяста? А ён зноў — не, тут не такія, там мяста гістарычныя. На полі яны будуць!
— Я зараз паеду ў Бяроэу,— участковы выцягнуў зпад накідкі правую руку, пастукаў па цыферблаце гадзінніка, прыклаў руку да вуха.— Калі тваіх кватарантаў не затрымалі на шашы ці на мосце, усё адно да поля яны дабяруцца не скора. Дарога там кепская, гразкая, дый чужакі яны, не ведаюць тых мясцінаў... Зразумела, дзед? Пакуль яны даедуць, табе тут напрасткі хвілін пятнаццаць — дваццаць. І глядзі! — папярэдзіў: — Твае кватаранты; калі не дай Бог, што з дзецьмі здарыцца...
— Памаўчы,— дзед Макар чырвонымі ад халоднага дажджу пальцамі ўжо ўстаўляў вёслы ва ўключыны.— А ты не мокні, Ганна, ідзі дамоў. Не бойся.
Лёгкая лодка, паслухмяная звыклым вёслам і дужым рукам гаспадара, развярнулася і імкліва пайшла па самай быстрыне, туды, да Кладаў, каля якіх жытнёвае поле з дубамі.
Читать дальше