— Таму, што мне падабаецца твая сяброўка Каця,— дасціпна пажартаваў Чэсь і адразу пачырванеў.
Раздзел 60. КЛАДЬІ
Настаўнік Барыс Рыгоравіч і радыё памыліліся: дажджу ў той дзень не было. Але ў абед спахмурнела, зрабілася яшчэ больш душна. Стала ціхаціха, неба пакрысе пачало зацягвацца шэрымі хмарамі. Увечары, як сцямнела, далёка, недзе пад Барысавам, пачало грымець. Разпораз неба асвятлялі яркія прыгожыя зарніцы. А тут, над Паплавамі, ні грому, ні маланак, ні кропелькі дажджу.
Аксана з Кацяю прыпалі да шыбаў веранды.
— А можа так быць, што хмары пранясе і дажджу зусім не будзе? — спытала Каця, уздрыгваючы, калі загаралася чарговая зарніца.
— Будзе ўночы!
Бабуля, якая баялася такой пагоды, прачыніла дзверы на веранду, паклікала дзяўчынак у хату. Але яны не захацелі.
— Як жа вы заўтра пойдзеце куды? А як лівень дасць з раніцы?
— Бабуля, як ты не разумееш: нам і трэба, каб дождж быў! Цяпер жа лета, хіба мы растанем?
Яшчэ ўдзень Барыс Рыгоравіч, як і абяцаў, упрасіў бабулю адпусціць іх. Бабуля здзівілася і ўзрадавалася, што ён ведае яе сына — Аксанінага тату. Пра Аксану Барыс Рыгоравіч сказаў: «Па маім прадмеце, гісторыі, яна самая лепшая вучаніца!» Бабуля зусім растала, адразу паверыла і палюбіла яго за гэтыя словы.
— Вы ж толькі скажыце, ці далёка сабраліся?
— Блізка, на Клады — ведаеце?
— Я ж нетутэйшая, гэта Макар стары будзе ведаць...
— Там блізка поле жытнёвае, дубы сярод яго.
Калі Барыс Рыгоравіч ведаў бы, чым усё скончыцца, ён, вядома, не тлумачыў бы бабулі так падрабязна. Ён бы адмаўчаўся, вядома, або нават схлусіў бы, назваўшы іншае месца.
— Аа, поле ведаю! — згадала бабуля.— Летась нам салому выпісвалі, дык я хадзіла на тое лоле грэбці. А што вы там забыліся?
— Мясціна там гістарычная, прыгожая. Хай паглядзяць гарадскія дзеці...
— А тут, блізка, хіба не тое самае? — наіўна спытала бабуля.
— Трохі не тое,— засмяяўшыся, адказаў настаўнік.
Уночы нарэшце пачаў накропваць дождж. Без маланак і грамоў, ціхі, роўны, які не мацнеў і не сціхаў, але ўпарты, аблажны, як людзі кажуць. Такія дажджы бываюць суткамі, і нават больш, і могуць прынесці шкоды паболей, чым які моцны, але кароткі лівень.
Гадзін у восем раніцы ўсе сабраліся каля будана. Настаўнік, у доўгім плашчы з башлыком, у высокіх гумавых ботах, здзіўлена агледзеў «амуніцыю» сваіх вучаніц і хлопцаў: на кім лёгкая балоневая куртка без капюшона, на кім джынсавая, хто ў кедах, хто ў красоўках... Нібы сабраліся не ў паход, а на прыемны шпацыр.
— Намокнем, сябры мае,— сказаў настаўнік з дакорам.— Восем кіламетраў туды, восем назад...
— Якія кіламетры — менш чым за паўгадзіны па рацэ дабярэмся,— адказаў Міхал.— У нас у лодцы ўсё, што трэба.
— Вось як!
Спусціліся ўніз, да ракі, дзе ў чаратах стаяла лодка. Стала ясна, што ўчора хлопцы дарма часу не гублялі. Чэсь выцягнуў з кустоў чатыры доўгія лазовыя пастарчакі, падсунуў канцы пад спецыяльна прыбітую да борта лодкі дошку, выгнуў, прымацаваў другія канцы пад такою ж дошкаю з другога борта. Зміцер накінуў зверху плёнку, нацягнуў яе на каркас — атрымалася сапраўдная кібітка.
— З вамі не прападзеш, сапраўды,— настаўнік асцярожна, адною нагою ступіў у лодку.— А не перакуліцца?
— Не перакуліцца, у ёй капу сена перавезці можна,— адказаў Міхал.— Толькі сядзець трэба ціха, не калывацца.
Расселіся. Хлопцы пачалі спрачацца, каму першаму быць на вёслах. Выпала Міхалу. А дождж тым часам і не думаў сціхаць. Сонна, аднастайна шумела пад кроплямі вада ракі; таксама аднастайна стракатала поліэтыленавая «кібітка»... Усе маўчалі, усіх апанаваў нейкі ўрачысты, лагодны супакой. Неўзабаве хлопцы памяняліся, і калі чарга зноў выпала Міхалу, ён падгроб да берага, павёў лодку цішэй, узіраючыся ў дно. Затым падняў вёслы і гукнуў:
— Усё, прыехалі!
— Так хутка? — здзівіўся настаўнік, вылез зпад плёнкі.
Міхал пашнырыў вяслом у вадзе. Пачуўся стук у штосьці моцнае і цвёрдае.
— Каб не была вада такая каламутная,— сказаў Чэсь, які перавесіўся праз борт і таксама ўзіраўся,— маглі б убачыць кладкі.
Міхал развярнуў лодку, пагроб да другога, вышэйшага берага.
Раздзел 61. ПЕНЬ НА МЯЖЫ
Дождж шчодра паіў раку. Абрывісты, пясчаны, зарослы зверху соснамі бераг быў скрозь паточаны ручаінкамі. Яны сачыліся ў жоўтым бярэжным пяску змейкамі, вымывалі карані соснаў — некаторыя дрэвы стаялі пахілыя. Край дзёрана зверху прасеў і апоўз бліжэй да ракі. Відаць, падчас кожнага даждху рака ў гэтым месцы адваёўвала ў берага новую тэрыторыю.
Читать дальше