— У тым і справа,— уздыхнула Аксана.— Няма прывязкі! Цяпер нам трэба падрабязная карта нашай мясцовасці...
— Ды ёсць прывязка,— перабіў Чэсь.— Міхал, ну нашто цвяліцца — давай раскажам.
Раней Міхал са Змітраком, якія, вядома, пра ўсё здагадваліся, рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць. Але цяпер Міхал не вытрымаў:
— Табе трэба быць далей ад Аксаны. Бо калі блізка, ты сам сябе не помніш.
Чэсь густа пачырванеў і толькі адкрыў рот, не знаходзячы слоў. Але тут ужо Аксана яго выручыла.
— Барыс Рыгоравіч ідзе,— паказала яна на дарогу.
Хлопцы з цікавасцю пачалі разглядаць чалавека, што набліжаўся да іх. Сталы мужчына, у пінжаку, у кепцы, у старым трыко, на нагах кеды, у руцэ вудка... Нават на дачніка не падобны, звычайны вясковы дзядзька.
— Гэта ваш настаўнік? — спытаў Міхал ціха, бо Барыс Рыгоравіч быў ужо блізка і мог пачуць.
— А як ты хацеў, каб ён адзеўся? — заступілася Аксана.— Чалавек ідзе вудзіць рыбу.
Настаўнік паклаў пад вярбу вудку, падышоў да кампаніі.
— Добры дзень, давайце знаёміцца,— і зняў кепку.— Толькі не называйце сябе, я паспрабую ўгадаць.
Раздзел 56. ПРЫМІРЭННЕ МІХАЛА
Аказваецца, ён ведаў іхнія імёны. Змітрака ён угадаў адразу, а Чэся з Міхалам паблытаў. Усё адно Міхалу спадабалася, што Барыс Рыгоравіч, перад тым як знаёміцца, зняў кепку. Дый увогуле — гарадскі чалавек, мінскі настаўнік, а першы падае ім руку...
Неўзабаве Барыс Рыгоравіч сваімі простымі паводзінамі і разумнымі словамі зусім абяззброіў яго.
— Я ведаю, што вы шукаеце скарб,— сказаў настаўнік, сядаючы на траву. Усе таксама прыселі наўкола.— І я не сумняваюся, што вы яго знойдзеце. Зрабілі вы ўжо многа, і мне зразумелая ваша радасць, ваш гонар, вашае жаданне быць першымі і адзінымі. Што да мяне... Вам, спадзяюся, дзяўчынкі пра мяне крыху расказалі?
— Так,— кіўнула Аксана.
— Таму вам, мабыць, цікава ведаць, буду я ўмешвацца ў вашыя справы ці не, а тым больш прэтэндаваць на долю таго, што бясспрэчна належыць толькі вам? Дык вось, сябры мае,— настаўнік прыклаў далонь да левай грудзіны,— даю слова: я прыехаў у Паплавы толькі ў адпачынак! Калі вам спатрэбіцца дапамога — знайсці мяне можна лёгка і ў любы час. Калі ж вы адчуваеце, што справіцеся самі, абяцаю — ні замінаць вам, ні ўмешвацца ў вашыя справы не буду. Таму давайце адразу высветлім — на цяперашні час я вам трэба?
Хлопцы пераглянуліся, прамаўчалі.
— Вядома, трэба! — сказала Аксана.— Вось, паглядзіце, Барыс Рыгоравіч, што ў нас ёсць... Усё ёсць: тры талеры і копія бяросты!
Настаўнік асцярожна ўзяў у пальцы картонны кружок, засмяяўся:
— Значыць, не паспела бабуля вымыць насоўку? Ну што ж, віншую вас! Я, калі шчыра, нават не чакаў... Проста выдатна, сябры мае! І нічога страшнага, што мы не ведаем пакуль самага галоўнага — прывязкі...
— Ведаем! — не вытрымаў нарэшце Міхал.— Крыжык і слова «СLAD» — гэта і ёсць прывязка,— сказаў ён, знарок марудна расцягваючы словы. — «КЛАД» — звычайныя кладкі, мост цераз Бярэзіну. Старыя людзі і цяпер называюць тое месца Кладамі.
Барыс Рыгоравіч раптам падхапіўся. Сцягнуў з галавы кепку і зноў надзеў. Узяў аркушык паперы з копіяй бяросты, разгарнуў дрыготкімі пальцамі, пачаў углядацца. Потым перавёў вочы на Міхала. І ўсё гэта моўчкі.
— Дык вось чаму вы гаварылі ўвесь час, што ўсё ведаеце! — Аксана запляскала ў ладкі.— Ах, якія малайцы!
— І вы ведаеце, дзе гэтыя кладкі? — перасеўшым голасам спытаў настаўнік.
— Ведаем. Кіламетраў восем — дзесяць адсюль, уверх па рацэ,— сказаў Міхал. У яго быў выгляд пераможцы.
— Гэта пад Ушою... Усё правільна, усё так, там стаялі французы... Але расказвайце далей! — спахапіўся Барыс Рыгоравіч.— Ці захаваліся самі кладкі?
— А што ім зробіцца, ляжаць на дне,— будзённа сказаў Чэсь.— Калі пры беразе паторкаць у ваду вяслом, звіняць, бы жалеза. Яны з дубоў.
— А вы не абследавалі тую мясціну? Ці няма там...
— Старога рэчышча? — падхапіў Міхал, пасміхаючыся.— Не было. Мы аблазілі ўсё кругом — там суха, пагоркі.
— І ўсё адно, усё адно,— паўтарыў Барыс Рыгоравіч.— Як можна было адразу не здагадацца?.. Столькі гадоў біліся... Вось што значыць не давяраць роднай мове...
Раптам ён ступіў наперад, парывіста абняў Міхала, прыгарнуў да сябе:
— Дарагія мае, каб вы толькі ведалі, якое адкрыццё зрабілі!
Адпусціў хлопца, адвярнуўся, нейкую хвіліну пастаяў так. Тады дастаў насоўку і хутка выцер куточкі вачэй. Павярнуўшыся да ўсіх, загаварыў ціха, вінавата, нібы прасіў прабачэння за сваю слабасць:
Читать дальше