Курт маўчаў, толькі шморгаў носам.
— Што тут такое? — устрывожана спытаў дзед, подбегам уваходзячы ў двор; прыставіў да сцяны вёслы.
Участковы азірнуўся, адпусціў Курта:
— А, рыбак паявіўся. Ты б лепш унука глядзеў, а не па рацэ дзень і ноч шастаў!
— Ды што такое? — не на жарт спалохаўся дзед.
— А вось што. Гэтую папку бачыш?
— Ну, бачу.
— Яна валялася ў канаве, вось тут, акурат каля вашай хаты!
— Ну дык што? — аніяк не разумеў дзед.— Тут многа чаго валяецца...
— Гэтая папка месяц назад прапала са школьнай шафымузея. Бачыш надпіс — «Нашы славутыя землякі»? Як яна апынулася каля вашай хаты? Не ведаеш? А я ведаю. Твой унук лазіў тады ў школу. І ён быў не адзін, а з кімсьці дарослым.
Дзед Макар выцер з ілба пот. Ён баяўся падняць на ўчастковага вочы.
— Можа, не ён? За руку ж не злавілі...
— Я не лазіў,— падбадзёраны дзедавай падтрымкаю, азваўся Курт.
— Тады адкуль гэтая папка ўзялася каля вашай хаты?
— Падкінулі,— буркнуў Курт.
— Не дуры мне галавы! — павысіў голас участковы.— Лепш ідзі, пагуляй пакуль. Мне з тваім дзедам трэба пагаварыць.
— Ідзі, Вова, зпад страхі тачку здымі... Паглядзі, ці калёсы яшчэ не адваліліся.
Курт пайшоў, завярнуў за вугал хаты, спыніўся і прыпаў да вушака, каб пачуць штонебудзь. Але ўчастковы з дзедам пакіраваліся з двара, да матацыкла.
— Няўжо такая важная папка? — дзед Макар тыцнуў пальцам у брудны аблезлы картон.
— Якая важная, макулатура... Але спатрэбілася ж некаму на нешта,— участковы прысеў бокам на сядзенне матацыкла.— Мяне, дзед, не столькі папка цікавіць, колькі твае госці з Мінску. Кватаранты твае. Даўно ўжо да іх прыглядаюся. Што яны тут шукаюць? Чаго яны тут лазяць паўсюль?
— Халера іх ведае. Можа, золата шукаюць,— пажартаваў дзед.— Вось прыедуць, сам спытай.
Аднак учаетковаму, відаць, дзедавыя словы не здаліся жартам.
— Золата, кажаш? — ён перакінуў зза спіны сабе на калена тонкую сумку, разгарнуў яе, дастаў паперу і ручку.— А як іх прозвішчы, кватарантаў тваіх?
— А ты пратакол сабраўся складаць? — у сваю чаргу спытаў дзед Макар.
— Які пратакол, проста запішу, для сябе.
— Тады ў нас не будзе ніякай размовы.
— Як так?
— Так. Я сам разбяруся — і з унукам, і з кватарантамі, без пратаколаў... Адно скажу — за руку не злавіў, не злодзей.
— Ну, глядзі, дзед! — участковы зашморгнуў сумку, закінуў праз сядзенне нагу, узяўся за ручку «газа».— Калі што — крыўдуй на сябе. Папярэджваю! Не падабаецца мне гэтая ваша гопкампанія.
Раздзел 54. СУСТРЭЧА
Хлопцы прыплылі ў Паплавы позна ўвечары.
Перад гэтым яны лёгка знайшлі затопленыя дубы — «клады», высадзіліся на бераг, прыхавалі ў кустах лодку і разышліся ў розныя бакі, спадзеючыся адшукаць старое рэчышча ці хоць бы старую дарогу. Пошукі аказаліся марнымі. Мясціна, як і казаў дзед Макар, сухая, пагорыстая. Дарогі, праўда, былі, але не старыя, а нядаўнія: працярэбленая прасека, сцежкі, якімі ганялі на вадапой скаціну... Зміцер шукаў каля ракі, Чэсь забраўся далёка ў лес, Міхал пайщоў па прамой — перпендыкулярна рацэ, і неўзабаве, праз які кіламетр, апынуўся на шырокім полі — таксама высока, жыта расце і сямтам дубы сярод жыта.
Але няўдача зусім не сапсавала настрою. На другі дзень з раніцы тройца сяброў ужо таўклася каля хаты Аксанінай бабулі.
— А схадзі пазаві,— прапанаваў Міхалу нецярплівы Чэсь.
— Няёмка, там Каця гэтая, чужая...
Міхал заклаў у рот пальцы і звонка свіснуў.
— А каб на вас — напужалі! — пачуўся голас бабулі з агарода.— Спяць яны яшчэ!
Але ў верандзе пачулі. На ганак выйшла босая, заспаная Аксана:
— Што рассвісталіся? Мы вас два дні чакаем, а вы дзесяць хвілін не можаце? Ідзіце на раку, да будана, мы зараз памыемся, паснедаем і прыйдзем,— і схавалася ў верандзе.
— Што гэта з ёю? — здзівіўся Міхал.
— Яна ж не ведае, што мы не проста гулялі,— радасна сказаў Чэсь.— Я б таксама злаваў на яе месцы... Пайшлі, хлопцы!
Усю дарогу ён балбатаў без супынку. Першы кінуўся да пахіленай вярбы, ускарабкаўся па ствале, нырнуў у вецце.
— Нічога сабе! — пачуўся з будана яго голас.— Вось дык навіны! Залазьце хутчэй сюды.
Міхал, за ім Зміцер забраліся ў будан. Чэсь трымаў у руках... нож і спінінг.
— Курт прынёс! Стрымаў, значыць, дзед слова.
Здзіўленыя, вясёлыя хлопцы, перабіваючы адзін аднаго, пачалі фантазіраваць, як усё магло адбывацца: дзед Макар «размаўляў» з унукам, «усыпаў яму папругі»... Нікому не было шкада Курта. Чэсь штораз рассоўваў вецце і пазіраў на дарогу, якая вяла з пасёлка да ракі.
Читать дальше