— Ідуць! — аб'явіў ён урэшце і прычасаў далонню непакорныя бялявыя віхры.
Хлопцы хутка спусціліся долу.
— Раскажам пра клады? — спытаў Змітрок.
— Не, перш іх паслухаем — што яны зрабілі,— адказаў Міхал.
Аксана пачала здалёк:
— Мы думалі, яны чакаюць нас, дзяжураць каля аўтобуснага прыпынку, а яны сабе ў паходы ходзяць!.. Знаёмцеся, гэта Каця,— сказала яна, калі падышлі, і злёгку падпіхнула сяброўку ўперад.
Хлопцы назвалі свае імёны. Прыгожанькая, як лялька, сарамлівая Каця ў сваёй кароткай сіняй сукенцы, што так пасавала ёй, адразу спадабалася ім; нікому і ў галаву не прыйшло тое, аб чым думалі перад гэтай сустрэчай і гаварылі ўслых — «нейкая Каця... лішні канкурэнт!»
Аксана раптам залілася смехам:
— Якую карціну мы толькі што бачылі! Дзед Макар нясе сумку вялікую і вядзе Курта за руку — ідуць на аўтобусны прыпынак. Курт трэ вочы кулаком... Ну, мы з Кацяю следам — цікава, як яны будуць развітвацца?
— І што? — смеючыся, спытаў Чэсь.— Даў яму дзед аплявуху на развітанне?
— Не, наадварот, абняў, пасадзіў у аўтобус...
— Нарабіў гэты Курт нам клопатаў,— уздыхнуў Міхал.— Як толькі ты паехала...
І Міхал, спачатку не зусім ахвотна, а потым захапіўшыся, расказаў усё па парадку: як Курт выцікаваў іхні будан, як прачытаў дзённік, украў нож і спінінг, як ён, Міхал, забраўся ў хлеўчык і падслухаў «геолагаў», як затым ездзіў у горад, хадзіў у музей, каля якога зноў сутыкнуўся з Севам і з лысым, як у тую ноч са школьнай шафы выкралі папку «Славутыя землякі» і ўчастковы праводзіў «следчы эксперымент»...
Чэсь умешваўся, перабіваў, дапаўняў. Урэшце дабіўся свайго — Міхал пакрыўдзіўся і змоўк, Чэсь пачаў гаварыць адзін. Асабліва рассмяшыў дзяўчынак эпізод, калі хлопцы хадзілі да старой настаўніцы, і Зміцер спытаў: «А што гэта за Ірына Леанідаўна, якую вы ўвесь час згадваеце?» Коратка распавёў Чэсь і пра іхнюю вандроўку, пра скалечанага сома, якога застрэліў дзед Макар,— пра «клады», вядома, не сказаў ні слова. Не ён жа, Чэсь, першы здагадаўся, а Міхал...
— Вось і атрымалася: сказаў дзед, «адпраўлю Курта ў горад, ад бацькоў» — так і зрабіў,— закончыў Чэсь.
— Дык і ў вас, аказваецца, падзей поўна было!
— А што ў цябе, Аксана? — спытаў Міхал.— Цяпер ты расказвай.
— Зараз,— адказала дзяўчынка і азірнулася на дарогу.— Пачакаем Барыса Рыгоравіча, ён восьвось павінен падысці, тады раскажу.
— Што?! — у адзін голас ускрыкнулі хлопцы.
Раздзел 55. ПРАЦЯГ ПАПЯРЭДНЯГА
— Пачакаем Барыса Рыгоравіча,— спакойна паўтарыла Аксана,— нашага настаўніка гісторыі.
— Аа,— здагадаўся Чэсь,— мне маці казала. Нейкі дзядзька прыехаў вячэрнім аўтобусам і спыніўся ў крайняй хаце, паблізу ад Ірыны Леанідаўны.
— Які дзядзька, які настаўнік?!— Міхал аж схапіўся за галаву,— Аксана, колькі можна? Навошта нам яшчэ дарослыя? Кожны з нас хоць штосьці зрабіў: Каця, напрыклад, падаравала табе талер, ты гэтую справу раскруціла, Чэсь знайшоў другі талер, я здагадаўся... ну, пра гэта пазней. А гэты твой Барыс Рыгоравіч, што ён зрабіў?
— А я? — ціха спытаў Змітрок.
— Пры чым тут ты?
— Я таксама нічога не зрабіў.
— Сапраўды, Міхал,— умяшаўся Чэсь,— так мы далёка зойдзем.
— Ды пры чым тут Зміцер? Я меў на ўвазе дарослых — іх не будзе!
— Паслухайце. Мы з Кацяю слухалі вас, дайце і мне сказаць. Ці вас цікавіць толькі тое, як дзяліць скарб, якога мы пакуль не знайшлі? Вы ж нават не ведаеце, як нам памог Барыс Рыгоравіч! Без яго мы нічога не знойдзем...
— Знойдзем!
— Міхал, памаўчы, дай ёй сказаць,— папрасіў Чэсь.
Аксана, хоць і падзьмулася крыху, пачала расказваць.
Неўзабаве хлопцы ведалі ўсё: пра яе візіт у архіўны музей, пра Павука і яго артыкулы, пра Севу, пра тое, як пагражалі Кацінаму бацьку і ён змушаны быў абмяняцца талерамі, а потым Барыс Рыгоравіч растлумачыў, што справа тут не ў талерах, а ў абрысах іх контураў...
— Тады я ўспомніла, што ў Паплавах капнула на талер алею, а потым выцерла насоўкаю і засталася пляма. Мы з Кацяю перакалолі пляму, і вось, глядзіце! — Аксана ўрачыста выцягнула з кішэні талер, потым шчарбаты кружок з картону і згорнутую копію бяросты.— Цяпер у нас усё ёсць. Чэсь, давай сваю манету.
Чэсь даў. На здзіўленне Аксаны, хлопцы праявілі і да яе расказу, і да гэтых каштоўных рэчаў нейкую незразумелую абыякавасць. А Міхал нават, як ёй падалося, пасміхаўся. У яго быў такі выгляд, што ўсё гэта яму даўно вядома.
— І далей, Аксана? — спытаў ён, пасміхаючыся.— Як і да чаго ты збіраешся прыкладваць талеры?
Читать дальше