Раздзел 64. ЗАБЛУДЗІЛІСЯ
Чэсь і быў у гэтым лесе ўсяго адзін раз — калі яны, вяртаючыся з рыбалкі, высадзіліся тут «дэсантам». Але тады было сонечна, ясна, лес быў нейкі іншы, не такі, як цяпер: мокры, пануры, цёмны, хоць на гадзінніку ўсяго адзінаццаць раніцы.
Спачатку Чэсь упэўнена павёў Аксану ў самую чашчобу. Яны прадзіраліся кустоўем, кружлялі, выходзілі на палянкі і зноў апыналіся ў нейкіх зарасніках. Калодзежык не знаходзіўся, як і не было яго. Мокрыя, натомленыя, са слядамі ліпкага павуціння на руках і тварах яны выбраліся на чарговую палянку. І раптам пачулі галасы хлопцаў, Каці, настаўніка, убачылі між дрэў чырвань агеньчыка, унюхалі гаркавы пах дыму...
— Як жа так? — разгублена прашаптаў Чэсь.— Няўжо мы ўвесь час ішлі па крузе?
Затым сказаў цвёрда:
— Прабач, Аксанка. Ідзі да іх, пагрэйся, адпачні, толькі не кажы, дзе я. Я вярнуся ў лес і сам паспрабую знайсці.
Але ён забыўся, што Аксана ўпартая не менш за яго.
— Не, пойдзем разам. Я зусім не стамілася і мне не холадна.
Цяпер Чэсь ступаў памалу, уважліва зіркаў па баках, стараючыся не прамінуць ніводнай помнай яму прыкметы.
— Тут я галіну абламаў — вось яна, бачыш? Зараз павінна быць прасека, а там ужо рукой падаць...
Была абламаная галіна, была прасека — калодзежыка не было. Ці то пагода так змяніла лес, ці проста Чэсь, да вялікага сораму свайго, забыў якісь самы галоўны арыенцір і цяпер заблудзіўся.
— Не магу больш,— прызналася нарэшце Аксана.— Каб хоць крышачку адпачыць!
Як ні было прыкра на душы, якая ні разбірала злосць на самога сябе, Чэсь вымушаны быў здацца.
— Што ж, вернемся да іх... Толькі не сядай, пацярпі трохі,— папрасіў ён,— бо калі вяртацца, дык трэба хутчэй. Яны могуць без нас пайсці і тады ўжо іх давядзецца шукаць. Можаш пацярпець яшчэ трошкі?
Аксана кіўнула. Пайшлі зноў, у другі бок — туды, дзе, на думку Чэся, была рака. Каб лягчэй было Аксане, Чэсь стараўся мінаць кустоўе, вёў дзяўчынку рэдкім лесам, выбіраў чыстыя мясціны, палянкі. І вывеў... Не да вогнішча, нават не да ракі, а зноў на прасеку, амаль на тое самае месца, адкуль выправіліся.
— Ды што гэта са мною сёння?!
Аксана моўчкі прытулілася да сухога ствала разлапістай хвоі, прысела, заплюшчыла вочы. Чэсь пастаяў, патаптаўся, затым сеў побач. Плечы іх датыкнуліся, Аксана ўздрыгнула, але так і засталася сядзець, нават вачэй не расплюшчыла. Чэсь з жалем і адначасна з любоўю глядзеў на яе. Стомленая, ціхмяная, з мокрымі пасмачкамі белых валасоў, што выбіліся зпад капюшона, з ямачкамі на круглых шчоках,— такою дзяўчынка здалася яму прыгожай, як ніколі.
Ён нечакана для сябе хутка прасунуў далонь пад капюшон і пагладзіў Аксану па галаве. Ізноў дзяўчынка толькі ўздрыгнула і не адсунулася.
— Прабач, Аксанка,— сам заблудзіўся і цябе звёў... Мне так сорамна. Засмяюць... А галоўнае, цябе шкада. Яны, мабыць, знайшлі ўжо скарб, а ты і не пабачыш.
— Не выдумляй,— Аксана раскрыла вочы, мякка адвяла яго руку, паправіла валасы.— Я ні аб чым не шкадую. Наадварот, цікава! Я і цяпер, калі б усё паўтарылася, пайшла б з табою...
— Праўда?
— Хіба я не бачыла, што ты знарок ішоў сушэйшымі мясціиамі, каб мне лягчэй было? А тое, што заблудзіліся — ну і што? У лесе любы можа заблудзіцца, бо левая нага робіць крыху большыя крокі, таму і атрымліваецца круг. Нам у школе расказвалі.
— Ды і нам расказвалі, толькі я не верыў, пакуль на сабе не пераканаўся!
Усю ўтому з Чэся як рукою зняло. Спалі з душы прыкрасць, сорам, злосць на сябе; пасля Аксаніных слоў нібы сонца выбліснула раптам з гэтага нізкага, зацягнутага суцэльнай шэранню неба.
Ён ускочыў:
— Твая праўда — няма чаго перажываць. Мы ж на прасецы, значыць, ужо заблудзіцца немагчыма, хоць кудынебудзь яна ж выведзе! Цяпер пойдзем у той бок, куды ты пакажаш, мо ў цябе рука шчаслівейшая... Ды ты сядзі, адпачывай! — спахапіўся ён, убачыўшы, што Аксана таксама ўстае.
— Не, няма калі. Ды і холадна сядзець. Хадзем, напрыклад... туды,— наўзгад паказала яна пальцам.
І сапраўды, не памылілася. Не прайшлі яны і дзвесце крокаў, як апынуліся на лясной, досыць уезджанай дарозе, што крыжавала прасеку. Аднак Чэсю сёння проста наканаваныя былі няўдачы. Стаўшы пасярод дарогі, ён нерашуча зірнуў управа, улева... Баяўся памыліцца.
— Ізноў не помніш? — спагадліва спытала Аксана.
— Ды дарогу я помню... Летась мы з бацькам тут матацыклам праязджалі... Ведаю, што яна праходзіць праз поле каля Вушы і вядзе аж да самай Бярозы, да моста праз раку.
Читать дальше