— Ваш тата памыліўся,— спакойна паведаміў загадчык.— Ваш тата — археолаг, і проста не ведае ўсіх дэталяў. Гэтыя манеты, копіі, экспанаты, звязаныя са скарбамі... Цяжка, скажу вам, зберагчы такія рэчы нават у архіўным музеі. Вы ж самі чыталі: газртныя нататкі — і тыя выразаюць па ўсіх бібліятэках.
Загадчык гаварыў спакойна і глядзеў на дзяўчынку з прыязню. Але Аксана ўжо не сумнявалася — ён хлусіць ёй. Ён проста не хоча нічога паказваць. Яму трэба, каб як найменш людзей ведалі пра гэтыя талеры.
Раздзел 37. СЕВА
Пачуўся стук у дзверы.
— Калі ласка! — сказаў загадчык.
Аксана сядзела на другім баку стала, за шафаю, адкуль не магла бачыць дзвярэй і таго, хто зайшоў у кабінет. Але па твары загадчыка яна зразумела: госць быў непажаданы.
— Я ж прасіў перш званіць, а тады прыходзіцв! — рэзка сказаў загадчык і пакасіўся на Аксану.
— Тэлефон быў заняты,— адказаў наведнік.
Які знаёмы голас! Аксана асцярожна выглянула зза шафы — і адразу ж падалася назад. Ёй захацелася забіцца ў самы куток. Вось дык сустрэча! Чэрвеньскі «знаёмы», Сева!..
— У мяне тут людзі,— сказаў, нібы папярэджваючы Севу, загадчык. І да Аксаны: — Вы скончылі? Усё выпісалі?
Яму яўна хацелася, каб Аксана зараз сабралася і пайшла.
Але дзяўчынка ў адказ адмоўна хіснула галавою. Яна баялася, што калі загаворыць, Сева пазнае яе па голасе.
Загадчык памуляў вуснамі:
— Ну што ж — працуйце... Тады мы з прыяцелем не будзем перашкаджаць вам. Падайце, калі ласка, мыліцу.
Узяў мыліцу пад паху, выграбся зза стала. Падцягваючы адну нагу, падаўся да дзвярэй. Пры хадзе ён віхляўся ўсім целам, свабодная рука балансавала... «Каго ж ён мне нагадвае?» — ізноў прамільгнула ў Аксаны.
Дзяўчынка сядзела, як на цвіках. Раптам ёй здалося, што яна чуе галасы. Так і ёсць. Загадчык, выходзячы ў калідор, пакінуў дзверы на шчылінку прыадчыненымі.
Аксана паднялася і асцярожна, на дыбачках падышла бліжэй. Кожную хвіліну яна гатовая была кінуцца назад, за шафу. «Калі зойдуць, убачаць — прыдумаю штонебудзь... Прысяду, скажу.— ручка некуды закацілася, не магу знайсці...»
Загадчык з Севам стаялі адразу каля дзвярэй, таму чуваць было кожнае слова.
— Што здарылася? — гнеўна пытаў загадчык.— Я забараніў вам прыязджаць сюды без крайняга выпадку!
Сева адказаў пасля паўзы, і голас у яго быў нейкі збянтэжаны:
— Акурат такі выпадак... Мы з лысым пагаварылі, і вось... Нам здаецца, ты ад нас штосьці хаваеш.
— Хрысціца трэба, калі здаецца! Яны, бачыце, пагаварылі!
Сева сказаў мірна:
— Не злуйся, Павук... Зразумей і нас. Нікому неахвота быць дурнем. Чаму ты нам не ўсё расказваеш? Мы робім усю чорную работу, сядзім у гэтых Паплавах...
«Павук!» — нарэшце здагадалася Аксана. Худыя вывернутыя рукі загадчыка, яго маленькая галава на тонкай шыі, віхлянне ў бакі пры хадзьбе... Усё гэта сапраўды нагадвала павука з вядомага дыснееўската мультфільма, які яны ўчора глядзелі з Кацяю.
— І што вы ад мяне хочаце?
— Копію бяросты. І пакажы...— Сева пакашляў вінавата.— Пакажы, што нам з гэтай праклятай бяростаю рабіць!
— Можа, мне яшчэ завезці вас у Паплавы і тыцнуць насамі ў той метр квадратны зямлі, дзе закапана золата? Дурні, крэціны — іншага слова не знаходжу! Раз вы паверылі мне, дык верце да канца!
— Ды я веру, супакойся. Гэта лысы...
Але Павук гарачыўся:
— Навошта вам гэтая копія? Сцены абклейваць замест шпалераў? Ды зараз зойдзем, там у мяне на стале ляжыць кніга, у ёй дзесяць гэтых копіяў!
— Цішэй, супакойся. Ты ж ведаеш, я твайму кожнаму слову веру.
— Калі верыш, дык перадай лысаму: вы ведаеце роўна столькі, колькі вам патрэбна ведаць. І робіце чорную работу, бо ні на што больш не вартыя. Хіба яшчэ мяняламі тырчэць каля абменных пунктаў... Ды калі б не гэта,— Павук стукнуў аб паркет мыліцаю,— вы мне сто гадоў не трэба былі б. Я і так, з гэтых чатырох сцен не выходзячы, больш за вас зрабіў. Галоўнае, знайшоў другі талер.
— Праўда?! У сэнсе, трэці? Другі ж у малой, якую мы бачылі ў Чэрвені!
— На жаль, менавіта другі. Ён знаходзіцца ў прыватнай калекцыі нейкага Ігара Валянцінавіча Аляшкевіча, якога ў дадзены момант цікавіць не нумізматыка, а дробны бізнес. Цяпер з гэтым талерам гуляюцца дзеці — яго, Аляшкевіча, дачка Каця і яе сяброўка, дачка аднаго археолага... «Чэрвеньскі!» талер і талер з калекцыі Аляшкевіча — адна і тая ж манета. Дарэчы,— сказаў раптам Павук, прыцішыўшы голас,— твая «чэрвеньская» малая сядзіць зараз у мяне ў кабінеце.
— Тут?! — ахнуў Сева.
Читать дальше